НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ — гэта Мы! На галоўнай святочнай пляцоўцы ў Воранаве прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэнння пасведчанняў перадавікам і лепшым працоўным калектывам аб занясенні на раённую Дошку гонару
Гэта яскравы прыклад прызнання заслуг землякоў, якія зрабілі важкі ўклад у развіццё рэгіёна, якія сваёй стваральнай працай мацуюць дзяржаўнасць Бацькаўшчыны.
— 3 ліпеня — гэта святы дзень, які аб’ядноўвае ўсіх жыхароў краіны. Ён увасабляе гісторыю беларускага народа, яго права на свабоду, права жыць на сваёй зямлі. Гэта свята ўсіх, хто сваёй працай умацоўвае суверэнітэт краіны і спрыяе яе росквіту, — звярнуўся да кожнага прысутнага старшыня Воранаўскага райвыканкама Аляксандр Часнойць. — Гэты дзень непарыўна звязаны з важнейшай эпохай нашай гісторыі — вызваленнем Радзімы ад фашызму. Адзначаючы яе 82-ю гадавіну, мы з пачуццём павагі і глыбокай падзякі ўспамінаем усіх, хто падарыў нам будучыню, хто здабыў Вялікую Перамогу. Вытрымаўшы суровае выпрабаванне, наша краіна не проста ўваскрэсла з руін і попелу, а заквітнела ў сваёй прыгажосці.
Сёння Воранаўскі раён — самабытны, квітнеючы, з вялікім патэнцыялам рэгіён Гродзеншчыны, шматнацыянальны край людзей, якія жывуць у міры, сяброўстве і згодзе. У аснове нашых дасягненняў ляжаць прафесіяналізм, адказнасць і мэтанакіраванасць спецыялістаў аграрнага комплексу, працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў, сацыяльнай сферы, кіруючых кадраў. З апорай на гістарычнае мінулае аб вялікім народным подзвігу мы працягваем эстафету пакаленняў.
Сапраўды, воранаўская зямля багата людзьмі працы, шчырымі, адданымі сваёй справе, неабыякавымі. Сёння пад апладысменты землякоў падымаліся на святочную сцэну за заслужанымі ўнагародамі механізатары Андрэй Васько з КСУП “Місявічы”, Казімір Дудко з эксперыментальнай базы “Кастрычнік” і Іван Раўлушэвіч з СУП “ГМК-Агра”, настаўніца на класу вакала Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў Наталля Вашкевіч, старшы інжынер сектара арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны РАНС Андрэй Вінцкевіч, вадзіцелі Юрый Вайцюкевіч з Воранаўскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, Віктар Ладыш з КСУП “Больцішкі” і Міхаіл Зубель з ДРБУ-120, эканаміст Воранаўскага філіяла ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва” Алена Войшніс, інжынер КСУП “Гіркі” Аляксандр Дзянькоўскі, дырэктар Радунскай СШ Святлана Пачобут, галоўны бугалтар КСУП “Эліт-Агра Больцінікі” Валянціна Саўко, начальнік цэха жывёлагадоўлі СУП “АграКіванцы” Людміла Станчык, урач функцыянальнай дыягностыкі Воранаўскай ЦРБ Ірэна Сярогіна, жывёлавод МТФ “Мухлядзішкі” КСУП э/б “Пагародна” Ганна Тышкевіч, начальнік участка КСУП “Доцішкі” Крысціна Шылінь, а таксама кіраўнікі працоўных калектываў Жырмунскай СШ Сяргей Корда, МТФ “Салтанішкі” КСУП “Гіркі” Алена Фірко, Воранаўскага ПМС Станіслаў Бурч і шматдзетная сям’я Юліі і Яраслава Бандалевіч з Воранава.
Слова ад узнагароджаных трымаў дырэктар Воранаўскага ПМС Станіслаў Бурч. Прадпрыемства — лідар у Прынеманні ў сваёй галіне, моцна стаіць на нагах і ўпэўнена глядзіць у будучыню. Вынік дзейнасці яго працаўнікоў — навідавоку, ніхто не хібіць, а стваральнаю працаю імкнуцца ўзбагачаць плён малой радзімы, падзяліўся кіраўнік ПМС.
Прыемным сюрпрызам для старшыні Забалацкага сельвыканкама Веранікі Вількевіч стаў новы службовы аўтамабіль. Ключы ёй уручыў глава раёна.
— Такі падарунак у Дзень Рэспублікі і пачэсна, і адказна. Буду з яшчэ большай руплівасцю працаваць дзеля росквіту малой радзімы. Гэта абавязак і перад маімі землякамі, і перад прадзедамі, на лёс якіх выпала Вялікая Айчынная. Мікалай Шчыпко партызаніў на Дзятлаўшчыне. На жаль, загінуў у першы год вайны. А імя Івана Шыдло адшукала падчас наведвання ваенна-патрыятычнага парку “Патрыёт”, што ў Падмаскоўі. Мае прадзеды адстойвалі незалежнасць Айчыны сваёю крывёю, а я — штодзённай сумленнай працай.
Беларусь — краіна таленавітых людзей. Яскравыя творчыя нумары юных артыстаў, культработнікаў Воранаўшчыны ўпрыгожылі ўрачыстую частку свята. Цудоўным падарункам варанаўчанам стала выступленне нацыянальнага акадэмічнага народнага хора імя Генадзія Цітовіча — вядучага і найстарэйшага прафесійнага музычнага калектыву краіны. Мілагучныя беларускія песні і танцы прымаліся гледачамі на ўра.

