Гісторыка-гастранамічны экскурс. Як другі хлеб стаў галоўным сімвалам краіны і з’явіўся на Воранаўшчыне

"Воранаўскі дранік" 22 августа 26 53
Гісторыка-гастранамічны экскурс. Як другі хлеб стаў галоўным сімвалам краіны і з’явіўся на Воранаўшчыне
d1050796c19f4be59330eea91b87ce52.jpg

Бульба для Беларусі — гэта не проста сельскагаспадарчая культура. Гэта сапраўдны культурны феномен, частка нацыянальнай ідэнтычнасці і фальклору. Прайшоўшы доўгі шлях праз акіяны і кантыненты да нашых палёў, яна стала для беларусаў другім хлебам — сімвалам працавітасці, жыццёвай мудрасці і багатай кулінарнай спадчыны. А як гэта было, даведаемся разам.

Ад заморскай госці да галоўнай нацыянальнай стравы

сапега.jpg

У гісторыі беларускай бульбы ёсць свой герой — дыпламат Францішак Стэфан Сапега. Менавіта ён у 1664 годзе прывёз з Галандыі каштоўныя клубні на Брэстчыну, у свае ўладанні паблізу Бярозы. Так землі Вялікага Княства Літоўскага пазнаёміліся з новай культурай амаль на сто гадоў раней за Расію.

Аднак масавага распаўсюджвання доўгі час не адбывалася. Яшчэ ў часы вайны 1812 года бульба не была асновай рацыёну беларусаў. На землях Гродзеншчыны гэтую культуру доўгі час лічылі другараднай. Галоўная перашкода хавалася ў тэхналогіі земляробства: для добрага ўраджаю перад пасадкай патрэбна было глыбока ўзараць зямлю, а затым абагнаць пад кустамі. Для такой цяжкай працы патрабаваўся конь з плугам. А нашы продкі стагоддзямі выкарыстоўвалі больш павольных і менш моцных жывёл — валоў з прымітыўнай драўлянай сахой, якая не магла ўзяць патрэбны пласт зямлі. Толькі са з’яўленнем плуга і «пераходу на каня» пачалася эра бульбаводства.

7f2888eb7de04acf805a7fd001bed7ac.jpg

Перанясемся ў першую палову XIX стагоддзя. На сялянскім стале — духмяны хлеб, гарох, чачавіца, рэпа. А вось бульбы там амаль не было! Яе вырошчвалі пераважна памешчыкі. І не для ежы, а для вытворчасці таннага спірту. Амаль у кожным маёнтку стаяў бровар ці вінакурня. Там клубні распарвалі, яны “брадзілі”, і гналі тую самую знакамітую «гарэлку».

Усё змянілася ў сярэдзіне XIX стагоддзя, калі насельніцтва стала значна больш, а жыта і рэпа перасталі пракармліваць усіх. Бульба стала выратаваннем: яна давала велізарны ўраджай нават на беднай пясчанай глебе і выдатна захоўвалася зімой. Менавіта яна дапамагала беларусам выжыць у катастрофах XX стагоддзя — ад войнаў да пасляваеннага голаду. Так мы паступова сталі «бульбашамі», атрымалі свой другі хлеб і знакаміты кулінарны брэнд — дранікі.

Эвалюцыя прылад працы, якія дапамагалі сялянам у барацьбе за ўраджай:

b28aab29ea074b4abfa85e11166d6dcc.jpg

Саха: ёю можна было толькі прадрапаць зямлю, падрыхтаваць участак пад жыта, але нарэзаць роўныя радкі для бульбы немагчыма.

Плуг: сапраўдная рэвалюцыя! Масіўны нарог і адвал перагортваюць пласт зямлі. Менавіта з’яўленне цяжкага сталёвага плуга дазволіла рыхтаваць глыбокія разоры, неабходныя для гэтай культуры.

Акучнік: спецыялізаваная прылада. Прызначана выключна для таго, каб падграбаць зямлю да сцебля расліны, якая ўжо ўзышла, абараняючы клубні ад святла і замаразкаў.

648708b4a18243009b29197cf3a61072.jpg

Капачкі (матыкі): ручная праца, без якой усё роўна не абыходзілася ніводная гаспадарка. Імі рыхлілі міжраддзі там, куды тэхніка не праходзіла, і выбіралі клубні ўручную на невялікіх участках.

Кошыкі і мяхі: гэта ўжо фінал сезона. Плеценыя кошыкі і ільняныя мяшкі, у якіх збіралі, захоўвалі і перавозілі доўгачаканы ўраджай.

1787227104_fdf6e7ab6fe3467c8c12812dc8c1664b.jpg

1787228178_ad1ef959da22437e87aca070e15f023d.jpg

d0be1a29068b48e480b58d1a1e53bca0.jpg

Ведай нашых


1067ab29d84f4bc285b82efb3ebe8b19.jpg

Сёння бульба — гэта стратэгічная культура, якая фарміруе харчовую бяспеку нашай дзяржавы. Па вырошчванні другога хлеба Воранаўскі раён уваходзіць у тройку лідараў у Прынёманскім рэгіёне.

Адной з перадавых гаспадарак Воранаўшчыны па вырошчванні бульбы з’яўляецца дзяржаўнае прадпрыемства «Эксперыментальная база «Кастрычнік». Пачалося ўсё ў 1970-х гадах. Галоўным аграномам у гаспадарцы была Вера Саколік, якая вырошчвала мноства розных гатункаў бульбы. Яна выкарыстоўвала прадуктыўныя гатункі, якія павялічваюць сілу бульбянога гектара, такія як «тэмп», «агеньчык», «беларускі ранні», «паўлінка». Дзякуючы крапатлівай працы Веры Ульянаўны па вырошчванні клонаў ураджайных гатункаў бульбы саўгас быў перайменаваны ў «Эксперыментальную базу «Кастрычнік».

Соколик Вера У.jpg

З 1961 па 1995 год гаспадарку ўзначальваў Анатоль Жулега. Пад яго кіраўніцтвам сельгаспрадпрыемства здзейсніла велізарны скачок у развіцці, выйшла ў лік перадавых. У 1967 годзе дасягненні саўгаса «Кастрычнік» былі прадстаўлены на Выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у Маскве.

Жулего Анатолий Трофимович 1.jpg

Па сённяшні дзень гаспадарка «Эксперыментальная база «Кастрычнік» займаецца вырошчваннем элітных гатункаў бульбы. Пасадачны матэрыял у іх суперэліта. На вырошчванне бульбы адводзіцца больш за 45 гектараў пасяўной плошчы. Гэта адзіная гаспадарка Воранаўскага раёна, якая займаецца насенняводствам.

изображение_viber_2026-08-17_11-12-46-193.jpg

ac0eaa5ee0a14262a6c1714f7f8cea0b.jpg

Спадчына ў талерцы

Беларускія стравы з таркаванай бульбы — наш нацыянальны скарб. У 2022 годзе яны былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Воранаўшчына мае свой гастранамічны брэнд — «нацкія дзеруны». Рэцэпт унікальнай стравы прайшоў праз гады і стагоддзі, але ж водар традыцыі застаўся, кулінарная асаблівасць захавалася.

Носьбіт рэцэпта — карэнная нацкая жыхарка Ганна Язукевіч. На гэтай зямлі нарадзіліся і жылі яе бабулі, дзядулі, прабабулі і прадзядулі. Рэцэпт паходзіць з вёскі Нача, перадаваўся ад аднаго пакалення другому, але, хутчэй за ўсё, таксама змяняўся, таму што зараз дабаўляюць пшанічную муку, якая яшчэ 100 гадоў назад была дэфіцытам. Акрамя таго, менавіта ў бульбяное цеста нацкіх дзеруноў дадаюць перацёртыя грыбы. Падаюцца дзеруны гарачымі са смятанай або падлівай.

Сёння гэтая страва — візітная картка нашага раёна. Яе з іншымі «нацкімі прысмакамі» прэзентуюць на фестывалях «Скарбы Гродзеншчыны», Днях беларускага пісьменства, абласных «Дажынках» і іншых значных мерапрыемствах.

изображение_viber_2026-08-21_10-31-35-870.jpg

Ганна Язукевіч (злева) на здымках тэлеперадачы «Беларуская кухня»


Дзе паспрабаваць «нацкія прысмакі»?

«Нацкія дзеруны», а таксама бабка, капыткі, цапяліны, вантрабянка, сальцісон, жабэркі з капустай, хруты ці фаворкі прапаноўваюцца для дэгустацыі індывідуальным турыстам і экскурсійным групам падчас наведвання Воранаўшчыны ў рамках турыстычнага маршруту «Зямля, што нас узгадавала».

Паспрабаваць стравы аўтэнтычнай кухні і наведаць майстар-класы па іх прыгатаванні, выстаўкі-прэзентацыі, дэгустацыі можна падчас брэндавых мерапрыемстваў Воранаўшчыны:

• «На кірмаш у Пагародна»;

• свята кулінараў у аг. Забалаць;

• свята бліноў у аг. Пераганцы.

2F1A5756.JPG

Падрабязней пазнаёміцца з гісторыяй другога хлеба і прадэгуставаць «нацкія дзеруны» можна ў новай культурна-адукацыйнай прасторы «Беларускі дранік», якая адкрые свае дзверы для наведвальнікаў сёння, 22 жніўня. Размясцілася яна ў тарцы будынка райвыканкама.

Юлія ЛЫШЧЫК.