Чым здзіўляюць майстры Гродзеншчыны на XXXIII Дні беларускага пісьменства

Чым здзіўляюць майстры Гродзеншчыны на XXXIII Дні беларускага пісьменства
З 5 па 6 верасня горад Касцюковічы прыняў XXXIII Дзень беларускага пісьменства. Адной з самых яркіх прастор свята стала пешаходная лакацыя "Горад майстроў", дзе сваю творчасць прадставілі лепшыя рамеснікі з усёй краіны.

Шацёр Гродзенскага рэгіёну стаў адным з самых наведвальных. Майстры са Свіслацкага, Астравецкага, Лідскага і Іўеўскага раёнаў пакарылі гасцей хупавымі выцінанкамі, вырабамі з саломы, палотнамі, вытканымі прама на вачах у прахожых, незвычайнымі шкатулкамі з лісця кукурузы і ўнікальнымі вырабамі чорнаглянцаванай керамікі.

photo_2026-09-06_17-07-11.jpg

Пры поглядзе на шацёр Гродзенскай вобласці ўвагу адразу прыцягвае вялізны саламяны зубр. Выраб па выставах возяць ужо 10 гадоў. Каб зрабіць вялізную жывёлу, спатрэбілася 4 месяцы карпатлівай працы. Аўтар працы Алена Малышава, майстар народных мастацкіх рамёстваў, расказвае:

– Саломы сышло вельмі шмат. Снапамі яе разразаеш, чысціш, варыш. Самым складаным было стварыць устойлівую постаць.

photo_2026-09-06_17-07-28.jpg

Алена Малышава саломапляценнем займаецца ўжо 15 гадоў, тры гады таму атрымала званне народнага. Дзе толькі за гэты час не пабывалі яе працы, але самай далёкай кропкай стала Індыя.

– На працягу 20 дзён я прадстаўляла беларускае саломапляценне на міжнародным фестывалі. Асаблівую цікавасць у замежнікаў выклікалі майстар-класы - у Індыі плятуць з пальмавага лісця, таму ім было цікава ўбачыць і нашы тэхнікі, – дзеліцца Алена Малышава.

Ёсць у палатцы Гродзенскага рэгіёна і рэдкія вырабы: адзіны ў Беларусі чорнаглянцаваны посуд.

photo_2026-09-06_17-07-30.jpg

Унікальная традыцыя ўзнікла ў канцы 19 стагоддзя. Пасёлак Поразава Свіслацкага раёна некалькі стагоддзяў таму быў буйным ганчарным цэнтрам – жыло там каля 200 ганчароў. Самай галоўнай лічылася дынастыя Шопікаў. Калі ў 90-х з жыцця сышоў Іосіф Шопік, мастацтва чарнаглянцаванага абпалу спыніла сваё існаванне – да шчасця, не назаўжды. З 2004 года ў Свіслацкі раённы цэнтр рамёстваў прыйшоў Яўген Мацяшук, зараз – майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, і пачаў адраджаць даўнюю традыцыю.

– У мінулым годзе мы пабудавалі спецыяльны двухкамерны горан для абпалу керамікі. Наш майстар Яўген Мацяшук усе свае навыкі і досвед перадае не толькі свайму сыну Раману, але і вучням, – падзялілася Аксана Васілько, загадчык адзела раместваў і традыцыйнай культуры ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

11 студзеня 2026 года мастацтву чараглянцаванага абпалу быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

photo_2026-09-06_17-07-23.jpg

photo_2026-09-06_17-07-21.jpg

photo_2026-09-06_17-07-16.jpg

photo_2026-09-06_17-07-13.jpg

photo_2026-09-06_17-07-07.jpg

photo_2026-09-06_17-07-17.jpg

photo_2026-09-06_17-07-04.jpg

photo_2026-09-06_17-06-57.jpg

Анастасия Одосий

Фото:автора

https://grodnonews.by/