Бульба-тур. Навучэнцы Воранаўскага дзяржаўнага каледжа першымі наведалі новую турыстычную і асветніцкую лакацыю «Воранаўскі дранік» у райцэнтры
Напоўніць візіт беларускай аўтэнтычнасцю і асаблівым каларытам удалося мастацкаму кіраўніку Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлане Салмановіч і загадчыцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры сектара культуры райвыканкама Наталлі Бобінай.
Экспазіцыі культурна-адукацыйнага цэнтра наглядна дэманструюць доўгі і цікавы шлях бульбы на нашых землях: ад першых гістарычных згадак да сучаснасці. Спадабаўся навучэнцам і пакой, прысвечаны перадавым гатункам «другога хлеба», якія паспяхова вырошчваюцца ў вядучых гаспадарках Воранаўшчыны. Госці мелі магчымасць зазірнуць і ў сувенірную лаўку з тэматычнымі падарункамі і памятнымі вырабамі ручной работы мясцовых майстроў.
Наймацнейшыя эмоцыі пакінула завяршэнне сустрэчы. Хлопцы літаральна апынуліся ўнутры стылізаванай сялянскай хаты з аўтэнтычнай старой мэбляй, посудам і прадметамі даўняга побыту. Гасцінная і ўтульная атмасфера ўдала адпавядала дэгустацыі. Залацістыя, духмяныя і неверагодна смачныя дранікі, прыгатаваны па традыцыйным рэцэпце, толькі замацавалі ўражанні ад экскурсіі.
Святлана Салмановіч звярнулася да моладзі з кранальным вершаваным пажаданнем:
— Хай будуць вашы хаты шчаслівыя і багатыя, здаровыя будуць дзеці і добрыя суседзі. Хай будзе час гуляці, і будзе час рабіці, хай будзе час паспаці і будзе час папіці. Хай не ламае косці і не баляць вам грудзі, да хаты прыйдуць госці, а на стале заўсёды бульба будзе!
Будучыя спецыялісты і майстры Воранаўскага каледжа шчыра падзякавалі супрацоўнікам культуры за пазнавальную экскурсію і падкрэслілі, што падобныя ініцыятывы не толькі з'яўляюцца важным штуршком для развіцця рэгіянальнага турызму, але і выхоўваюць у маладога пакалення пачуццё гонару за сваю малую радзіму, яе багатую культурную і гастранамічную спадчыну.
Дарэчы
Культурна-адукацыйны цэнтр «Беларускі дранік» гасцінна адчыняе дзверы для ўсіх жыхароў і гасцей раёна. Для таго, каб замовіць экскурсію і пакаштаваць знакамітую брэндавую страву, звяртайцеся ў Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці па тэлефонах: 8-029-337-77-96, 8-029-182-08-84.
Кацярына ГАЙЖЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.