Поспехі калектываў аматарскай творчасці Воранаўшчыны

Знай наших! 10 апреля 12 1780
Поспехі калектываў аматарскай творчасці Воранаўшчыны

У канцы сакавіка на базе Пагародзенскага СЦДіНТ адбыўся VI раённы конкурс культарганізатараў “Гуляю я”. На творчы суд журы былі прадстаўлены гульнёвыя праграмы з Нацкага сельскага цэнтра нацыянальных культур, Пагародзенскага сельскага цэнтра дасуга і народнай творчасці, Бастунскага, Больцініцкага, Гіркаўскага сельскіх Дамоў культуры, Радунскага гарадскога Дома культуры. Усе нумары былі цікавымі і рознага накірунку. Пераможцамі ж сталі Д. Крэнь з праграмай “Прыгоды Несцеркі” (Нацкі СЦНК), С. Салмановіч і В. Маркевіч — “Запрашае Дзед і  Баба ” (Пагародзенскі СЦДіНТ).  Сёлета 2-3 чэрвеня яны пакажуць свой талент у Гродне на рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур.

У гэты ж час прайшоў чарговы раённы конкурс-агляд тэатральных калектываў аматарскай творчасці і ўдзельнікаў размаўляльнага жанру. Мерапрыемства паказала, што практычна самае насычанае культурнае жыццё ў Начы. Гледачы нібы трапілі ў сапраўдны тэатр. Вельмі эмацыйна і таленавіта ўдзельнікі аматарскай творчасці пад кіраўніцтвам Дануты Крэнь паказалі спектакль “На вячоркі да Паўлінкі”. На гэтым мерапрыемстве дэбютаваў і калектыў “Званочкі”. Парадаваў таксама Воранаўскі РДК мюзіклам “Муха-Цакатуха” (кіраўнік Л. Кумпель), лялечным спектаклем “Хвастунишка” (кіраўнік А. Лаўрыновіч). Уразілі выступленні калектываў “Мазаіка” пры Радунскім ГДК (кіраўнік Т. Банцавіч), “Каприз” Бастунскага СДК (С. Врублеўская), “Вечарынка” Пагародзенскага СЦДіНТ (С. Салмановіч),  “Гном” Жырмунскага СДК (Л. Комінч) і “Солнышко”  Навіянкаўскага СК (Р. Мерава).

Пераможцамі ў аглядзе-конкурсе тэатральных калектываў аматарскай творчасці сярод дарослых сталі калектывы “Надежда” Нацкага СЦНК за лепшае сцэнічнае ўвасабленне — Дыплом I ступені, “Маскі” Радунскага ГДК — Дыплом II ступені,  “Батлейка” Доцішскага СДК — Дыплом III ступені. Сярод дзіцячых калектываў Дыпломы I ступені за мастацка-эстэтычны ўзровень рэпертуару атрымалі калектыў “Эцюд” Воранаўскага РДК і “Мазаіка” Радунскага ГДК,  Дыплом II cтупені — калектыў “Каприз” Бастунскага СДК, Дыплом III cтупені — “Вечарынка” Пагародзенскага СЦДіНТ.


Удзельнікі размаўляльнага жанру праявілі арыгінальнасць манеры выканання і артыстызм. Кранулі выступленні выканаўцаў аўтарскіх твораў В. Маркевіч (Пагародзенскі СЦДіНТ), М. Войшніс і А. Бурч з Воранаўскага РДК. Яны ўзнагароджаны дыпломамі. Пераможцай у аглядзе-конкурсе выканаўцаў размаўляльнага жанру стала Т. Комар (Забалацкі СДК) —  Дыплом  I ступені. Д. Дорашава (Воранаўскі РДК) і С. Бурч (Тракельскі СДК) узнагароджаны Дыпломамі  II cтупені, а В. Міцкевіч (Бастунскі СДК) і Д. Пільжыс (Канвелішскі СДК) заваявалі Дыпломы III cтупені.

Так трымаць далей!

Наталля ФЁДАРАВА.

На здымках: фрагмент мюзікла “Муха-Цакатуха”; удзельнікі конкурсу “Гуляю я” з журы.