Сустрэча з роднай старонкай

Знай наших! 21 августа 12 1422
Сустрэча з роднай старонкай

Ты, Радзіма, мяне прабач!

Я як-небудзь сябе супакою,

Дзень спаткання — мой радасці плач

Ад таго, што я разам з табою.

Ты, святая, на свеце адна,

Што журчыш жыватворнай крыніцай.

Дай мне выплакаць душу да дна,

Дай мне ў ногі табе пакланіцца.

Гэтыя радкі Уладзіміра Клішэвіча пра родны край адпавядаюць душэўнаму настрою Тамары Іванаўны Батрак (Мурашка), калі яна прыязджае з далёкай казахстанскай Астаны ў Воранава да матулі. І кожны раз жанчына радуецца таму, што бачыць чыстыя вуліцы і скверы, адчувае водар воранаўскага хлеба, які для яе самы смачны на свеце. Даспадобы прыйшліся нашай зямлячцы і выступленні на летняй эстрадзе райцэнтра калектываў аматарскай творчасці раёна, у выкананнні якіх гучыць шмат такіх дарагіх яе сэрцу беларускіх песень. І як прызнаецца Тамара Іванаўна, для яе родны край пачынаецца з малой радзімы — Воранава, з мілай прыроды, утульных вёсачак, добрых людзей у лёсе і, канешне ж, з тых самых народных песень. Бо калі спяваюць, яна можа адчуць сябе сапраўднай беларускай.

Сёлетні прыезд у знаёмы і дарагі з дзяцінства гарадскі пасёлак для Тамары Батрак стаў асаблівым. Тут яна атрымала ліст з Міністэрста замежных спраў Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка міністра А. Гур’янава, у якім ёй выказана сардэчная падзяка за высакародную дзейнасць у складзе грамадскай арганізацыі “Культурны цэнтр “Беларусь” г. Астана. Тут адбыліся творчыя сустрэчы і душэўныя размовы з Л.П. Урбановіч, А.А. Мацюком, М.В. Забалотным і ўдзельнікамі хора “Натхненне”. Асалоду яна адчула і ад спаткання з Больцінікамі і Навагрудкам (вельмі прыемна было слухаць аповяд экскурсаводаў пра жыццё і творчасць Адама Міцкевіча на роднай мове).

— Хочацца выказаць словы падзякі ў першую чаргу бацькам, — кажа Тамара Іванаўна, — за тое, што падаравалі мне шчасце нарадзіцца ў краі пад белымі крыламі. Усім родным і знаёмым людзям, якія заўжды рады мяне бачыць на Воранаўшчыне. А таксама Воранаўскай дзіцячая бібліятэцы і “Воранаўскай газеце” за беларускае слова.

Марына КАНДРАТОВІЧ.