Адзiнства друкаванага слова i гiсторыi

Актуально 31 августа 12 1504
Адзiнства друкаванага слова i гiсторыi

2 верасня адзначаецца Дзень беларускага пісьменства — рэспубліканскае свята, якое ўвасабляе адзінства беларускага друкаванага слова і гісторыі нашага народа. Традыцыйна свята пісьменства праводзіцца ў першую нядзелю верасня ў гістарычных і культурных цэнтрах Беларусі, з якімі звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў нашай радзімы. У гэтым годзе яго прыме Глыбокае Віцебскай вобласці.

Штогадова ў святочных мерапрыемствах прымаюць удзел высокія афіцыйныя асобы краіны, дзеячы літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналісты, замежныя дэлегацыі.

Святу будзе папярэднічаць адкрыццё 1 верасня мемарыяльнай дошкі, прысвечанай пісьменніку і публіцысту Лявонцію Ракоўскаму, выстава-прэзентацыя “Паэтычная гасціная” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прысвечаная творчасці народных паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Танка. Таксама адкрыецца персанальная выстава творчасці беларускага тэатральнага і літаратурнага дзеяча Ігната Буйніцкага.

Госці Дня пісьменства запрашаюцца на этнадыскатэку “Старадаўнія рытмы”, фальклорнае свята, канцэрты заслужанага калектыву Беларусі ансамбля народнай музыкі “Бяседа” і творчых калектываў вобласці, выставу-кірмаш падвор’яў гарадоў і раёнаў вобласці “Віцебшчына хлебасольная”.

Дзень пісьменства стартуе 2 верасня з літургіі ў Кафедральным саборы. Запланавана адкрыццё новага сквера вядомых землякоў-глыбачан. Можна будзе паслухаць канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Беларусі імя Г. Цітовіча, выступленні творчых калектываў вобласці і замежных гасцей, а таксама пазнаёміцца з маладзёжным праектам “Час выбраў нас”.

Падрыхтавала Валянціна Тулай.