Бульбачка — на дзiва!

Актуально 12 сентября 12 1173
Бульбачка  —  на дзiва!

Дзясяты дзень верасня выдаўся сонечным і цёплым. Яшчэ не было і  дванаццаці гадзін, а поле за вёскай Сакалы было ўжо ўстаўлена сеткамі з бульбай, ды якой!  Чатыры-пяць штук — і добрая талерка дранікаў на абед гарантавана!

— Тут пасаджана 10 гектараў “скарба” і “брыза”, — заўважыла начальнік вытворчага ўчастка Жырмуны э/б “Кастрычнік”  Людміла Гусць. —  Пра ўраджайнасць канкрэтна сказаць пакуль не магу, але, думаецца, з гектара не менш 360 цэнтнераў будзе. Барозны, самі бачыце, як усыпаны. Дапамагаюць нам ва ўборцы моладзь з Воранаўскага і Лідскага каледжаў, брыгада са Столінскага раёна... Дробная бульба збіраецца ў прычэпы, а буйная затарваецца ў сеткі на рэалізацыю і насенне. Аплата нядрэнная, таму і стараюцца людзі.

І праўда, ніхто не сядзеў, нікога не падганялі, усё больш доўгімі станавіліся рады мяшкоў-сетак, запоўненых адборнымі клубнямі.

— Бульба — супер! Настрой — супер! — весела павіталіся студэнты і куратар 19-й групы электрыкаў Воранаўскага каледжа Ганна Дагліс. — Мы ўжо трэці дзень тут. Разам з намі збіраюць ураджай будучыя прадаўцы з 43-й і майстры з 25-й груп, усяго каля 50 хлопцаў і дзяўчат. Працуем з дзевяці да трынаццаці гадзін. Усё арганізавана добра, аўтобусы прывозяць і адвозяць, вадой забяспечаны, бульбы хапае. Грошы таксама немалыя плацяць, 100 тысяч за тону. За першы дзень, напрыклад, на кожнага каля 65 тысяч рублёў атрымалася.

...Тым часам уборка сапраўднага беларускага скарбу на палях раёна набірае ўсё большую моц!

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.