Аб’яднаныя любоўю да мастацтва

Страницы истории 09 июля 13 1834
Аб’яднаныя любоўю да мастацтва


.


Гісторыя кахання вялікага паэта Адама Міцкевіча і нашай зямлячкі Марылі Верашчакі, з упэўненасцю можна сказаць, аб’яднала творчых людзей Воранаўскага і Алітускага раёнаў. Беларускія і літоўскія мастакі, самадзейныя артысты і паэты змаглі рэалізаваць сябе і абмяняцца вопытам дзякуючы праекту “Скрыжаванні кахання і мастацтва” LLB-2-111, які рэалізоўваецца ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Творчы тыдзень у горадзе Даўгай Алітускага раёна паказаў: мастацтва не ведае межаў, для яго няма моўных перашкод.

Дваццаць пяць прадстаўнікоў Воранаўшчыны 30 чэрвеня накіраваліся ў Даўгай, каб прыняць удзел у пастаноўцы спектакля, вечарах паэзіі і пленэрах. З першых хвілін знаёмства з мясцовымі мастакамі, паэтамі і артыстамі стала зразумела: тыдзень пройдзе пад ветразем натхнення і будзе напоўнены творчымі пошукамі і цікавымі ідэямі.

Пачатак сяброўству паміж выканаўцамі-суседзямі паклаў першы вечар паэзіі “Вятры адчыняюць табе весніцы”. На дзвюх мовах, літоўскай і беларускай, прагучалі творы пра ўзнёслае, шчырае і даруючае крылы каханне. Пад сцішаныя гукі класічных мелодый ліліся радкі за радкамі. Лірыку Міцкевіча змянялі вершы, напісаныя самімі чытальнікамі. Урачыстаць вечарам паэзіі надавалі песні ў выкананні ўдзельнікаў праекта. Асабліва даспадобы літоўскім сябрам прыйшліся аўтарскія песні Аляксея Мызянкова.

Мастакі адразу ж акунуліся ў дзіўны свет фарбаў і колераў. Натхнёныя прыгажосцю даўгайскай прыроды і лёгкім сумам гісторыі кахання Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі, яны напрацягу тыдня стваралі непаўторныя карціны, дзе, здавалася, адлюстравалася і застыла душа саміх творцаў.


Пад кіраўніцтвам таленавітага рэжысёра Альмы Пурвініце акцёры пяць дзён рыхтаваліся да галоўнай падзеі праекта “Скрыжаванні кахання і мастацтва” — прэм’еры спектакля “Пілігрымы кахання”. І вось Даўгайскі цэнтр культуры сабраў гледачоў на чаруючае і хвалюючае дзейства. Літоўскую мову змяняла беларуская, але ўсё было зразумела без слоў. На сцэне прамільгнуў творчы і жыццёвы шлях Адама Міцкевіча. Міжволі з вачэй сплывала сляза, калі акцёры “дакраналіся” да галоўнага ў яго жыцці кахання... да Марылі Верашчакі. Кожнае слова пранікала ў сэрцы прадстаўнікоў беларускай, украінскай і польскай дэлегацый.

Апошнім акордам тыдня творчасці стала прадстаўленне работ удзельнікаў пленэра жывапісу “Танец пачуццяў”. Каб падкрэсліць сэнс адлюстраванага на палатне, ля карцін мастакоў паэты прачыталі вершы. Святочны канцэрт паставіў кропку нашага знаходжання ў Даўгаі. На памяць аб творчым супрацоўніцтве мэру самакіравання Алітускага раёна Альгердасу Врубляўскасу была ўручана карціна нашага мастака Дзмітрыя Лялько. Дарэчы, як праходзілі творчыя дні ў Даўгаі, можна даведацца на сайце www.danielius.net


З нецярпеннем будзем чакаць суседзяў на творчы тыдзень, які пройдзе ў Воранаўскім раёне з 28 ліпеня па 3 жніўня. Запрашаем усіх жыхароў Воранаўшчыны. Прыходзьце, прыязджайце, не пашкадуеце!

Змест дадзенай публікацыі з’яўляецца прадметам выключнай адказнасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Воранаўскага райвыканкама, і ніякім чынам не можа адлюстрўваць афіцыйную пазіцыю Еўрапейскага Саюза.

Марына КАНДРАТОВІЧ,

удзельніца праекта.


.


.


.


.


.


.


.


.