Свята творчасці і сяброўства

Знай наших! 05 ноября 14 1376
Свята  творчасці і сяброўства

У суботу, 25  кастрычніка, у памяшканні Гродзенскага аблдрамтэатра адбылося адкрыццё ХХІ Рэгіянальнага фестывалю “Артыстычныя сустрэчы “Гродна-Беласток”, які праводзіўся галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама сумесна з Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Беластоку.

Ужо 21 год фестываль папераменна праходзіць у Беластоку і Гродне і далучае новых удзельнікаў з польскага і беларускага бакоў.

Сёлета канцэрт распачаўся прыгожай і вельмі шчырай песняй “Мая Беларусь”.   Больш за 20 лепшых калектываў — хораў, ансамбляў народнай і эстраднай песні, танца, інструментальных ансамбляў, а таксама індывідуальныя выканаўцы з Польшчы і Гродзенскай вобласці спявалі гэтую песню разам.

Для таго, каб стварыць атмасферу ўзаемапаразумення, польскія калектывы спявалі па-беларуску, а беларускія — наадварот, па-польску. Таксама на дзвюх мовах вялася ўся фестывальная праграма.

Быў сярод выступаючых і дзіцячы ансамбль танца “Радунскія  салавейкі”. Наш калектыў трэці раз удзельнічае ў гэтым фестывалі. На прыгожай  сцэне драмтэатра нашы танцоры выканалі два польскія танцы.

Святам  творчасці і сяброўства можна назваць гэтыя артыстычныя сустрэчы. Яны дапамагаюць узаемнаму пазнанню культур і ўзбагачэнню адносін паміж беларусамі і палякамі.

Па выніках фестывалю дзіцячы ансамбль танца “Радунскія салавейкі”    ўзнагароджаны Дыпломам.

Кацярына БЛАШКО,

вучаніца Радунскай гімназіі, рэдактар школьнай газеты.

Фота з архіва Радунскай гімназіі.