Народны i ўзорныя

Знай наших! 30 января 15 2080
Народны i ўзорныя
У апошні дзень мінулага 2014 года  Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь была выдадзена пастанова аб прысваенні найменняў “народны” і “ўзорны” аматарскім калектывам мастацкай самадзейнасці краіны. Гэтыя званні, ці, дакладней сказаць, найменні, атрымалі калектывы, якія дасягнулі значных поспехаў у развіцці аматарскай творчасці, маюць адпаведны мастацкі ўзровень і творчыя паказчыкі, а самае галоўнае — уносяць значны ўклад у папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый і вядуць актыўную канцэртную дзейнасць. Сярод гэтых калектываў — тры з нашага раёна. На гэтым тыдні прыйшло пацвярджэнне, што найменне “народны” прысвоена  ансамблю народных інструментаў “Гарэзлівыя струны” настаўнікаў дзяржаўнай установы адукацыі “Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў”, а “ўзорны” атрымалі вакальны ансамбль “Юность” ДУА “Радунская дзіцячая школа мастацтваў” і ансамбль танца “Радунскія салавейкі” ДУА “Радунская гімназія”. З гэтай нагоды мы і віншуем калектывы!

“Радунскiя салавейкi”


Сваю гісторыю ансамбаль бярэ з невялікага танцавальнага гуртка, які быў створаны ў 1992 годзе з ліку вучняў радунскіх сярэдніх школ пад кіраўніцтвам Францішкі Францаўны Габіс і харэографа Алены Аляксееўны Стацэнка. Менавіта тады ансамбль атрымаў назву “Радунскія салавейкі”. У яго складзе было ўсяго 16 вучняў. З цягам часу колькасць удзельнікаў значна павялічылася. Таму яны былі падзелены на чатыры рознаўзроставыя танцавальныя групы. Сёння ў ансамблі больш за 60  удзельнікаў — гэта вучні гімназіі і пачатковай школы.

“Салавейкаў” ведаюць і любяць не толькі на Воранаўшчыне. Іх творчасць заваявала сэрцы беларускіх і замежных гледачоў. Але найбольшую папулярнасць за мяжой яны ўсё ж адшукалі ў суседняй Польшчы, менавіта таму што асновай рэпертуару ансамбля  з’яўляюцца беларускія і польскія танцы, сярод якіх шмат рэгіянальных.



Мастацкі кіраўнік Францішка Францаўна (на здымку) асаблівую ўвагу ўдзяляе даследаванню і апрацоўцы рэгіянальнага харэаграфічнага і музычнага фальклора. Яна не толькі стваральнік і кіраўнік, але яшчэ і пастаноўшчык танцаў, заўсёды імкнецца знайсці штосьці новае і прагрэсіўнае. Таму выступленні ансамбля заўжды зацікаўліваюць сваім выкананнем, касцюмамі і сцэнічным майстэрствам. Але за ўсёй прыгажосцю, якую бачыць глядач, стаіць вялікая праца дзяцей, балетмайстра і кіраўніка. Францішка Францаўна для таго, каб  удасканаліць майстэрства сваіх “салавейкаў”, нават запрашае для пастаноўкі танцаў харэографаў вядомага ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя росы» з Гродна і народнага польскага ансамбля танца “Трамблянка” з горада Апочна (Польшча).

Удзельнікі калектыву — адзіная сям’я.  І гэта заслуга Францішкі Францаўны, якая не толькі ўмелы кіраўнік, але і добры настаўнік, які выхоўвае ў дзяцей сцэнічную культуру і культуру паводзін, ініцыятыўнасць і творчы падыход да справы, развівае ў іх самастойнасць і адказнасць адзін за аднога. Дзеці паважаюць яе за тое, што яна мае да кожнага з іх падыход, глядзіць на ўсё па-сучаснаму і можа не толькі павучыць, але і даць добрую параду нават у асабістых пытаннях. У калектыве заўжды пануе атмасфера сяброўства і ўзаемаразумення. Відавочна, гэта і ёсць сакрэт іх поспеху. Таму і творчых дасягненняў “Радунскіх салавейкаў” у скарбонцы вялікая колькасць. Аб іх не раз пісала наша раёнка. Найменне “ўзорны” стала для іх сапраўднай узнагародай за ўсе намаганні, але, напэўна, не вынікам, бо творчых планаў яшчэ многа. І наперадзе іх чакаюць новыя вяршыні…

Р.S. У бліжэйшых нумарах мы раскажам вам, паважаныя чытачы, аб ансамблі народных інструментаў “Гарэзлівыя струны” і вакальным калектыве “Юность”.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота з архіва ансамбля танцаў “Радунскія салавейкі”.