Наш зямляк, пакліканы Богам

Духовность 13 июля 15 1888
Наш зямляк, пакліканы Богам

Кожны чалавек выбірае сваю жыццёвую дарогу. Хтосьці працуе ад раніцы да вечара з любоўю на зямлі, хтосьці не ўяўляе сваё жыццё без сцэны... А ёсць такія людзі, якія ідуць па шляху святарства за Божым голасам. Шмат светароў — выхадцаў з Воранаўшчыны. Адзін з іх — ураджэнец в. Забалаць, настаяцель касцёла Святога Сэрца Ісуса ў Рандзілаўшчыне Андрэй Пышынскі.


Нядаўна дзятлаўская раённая газета “Перамога” змясціла на сваіх старонках інтэрв’ю з нашым светаром-земляком. Прапануем вам пазнаёміцца з гэтай публікацыяй.




А. Пышынскі: «Касцёл адкрыты для ўсіх»


У канцы мая будзе пяць гадоў, як ксёндз Андрэй Пышынскі з’яўляецца святаром. З іх чатыры з паловай ён – настаяцель касцёла Святога Сэрца Ісуса ў Рандзілаўшчыне. Карэспандэнтка пагутарыла з ксяндзом Андрэем пра асаблівасці службы на перыферыі, актыўнасць прыхаджан і сённяшняе становішча каталіцкай веры.


— Касёндз Андрэй, якім быў прыход, калі вы прыехалі ў Рандзілаўшчыну?
— Я прыбыў на Дзятлаўшчыну акурат у перыяд падрыхтоўкі да свята Ражства Хрыстовага. Мне, як святару, належала праводзіць найперш падрыхтоўку духоўную. Хваляваўся, чакаў першай сустрэчы з прыхаджанамі ў касцёле, думаў пабачыць на службе мясцовае насельніцтва. Аднак на перадкалядную службу ў храм прыйшлі толькі чалавек дзесяць сярэдняга веку. Я ім зачытаў дэкрэт ад епіскапа, паведаміўшы пра тое, што буду настаяцелем храма. А ўжо калі адсвяткавалі Ражство, я па традыцыі стаў наведваць прыхаджан, каб асвяціць жыллё. І быў здзіўлены: як аказалася, давераны мне прыход складаўся не толькі з бабуляў і дзядудяў! На казлоўшчынскай зямлі шмат каталіцкіх вернікаў сярод дзяцей, моладзі, энергічных людзей працоўнага ўзросту. З імі мне належала ў далейшым весці актыўную духоўную работу.
— Ці атрымалася задуманае?
— Дзесьці на трэці год маёй службы тут стала атрымлівацца весці актыўную работу з вернікамі, яны сталі для мяне адкрытымі, ахвотна адклікаліся на любую просьбу: ці то сабрацца на вялікапосныя лекцыі ў касцёле, ці то папрацаваць на добраўпарадкаванні храма. І я са свайго боку стараюся быць адкрытым і прыязным да людзей. Ужо добра ведаючы мясцовых жыхароў, я не раблю адрознення, якога веравызнання чалавек перада мной – каталік, праваслаўны або бабціст. Аднолькава ўсім адказваю на пытанні, гутару, запрашаю ў касцёл.
— Ці шмат людзей сёння наведваюць касцёл Святога Сэрца Ісуса?
— Кожную нядзельную службу ў касцёле бываюць ад пяцідзесяці да сямідзесяці чалавек, а ў важныя святы – напэўна больш за сто вернікаў (увесь прыход каля 300 чалавек – рэд.). Заўважаю, што часта прыязджаюць на службу людзі з іншай мясцовасці. Людзі, якія па ўзросце ці здароўі не могуць наведваць храм, таксама не застаюцца без духоўнага апекавання. Двойчы на год я завітваю да іх са Святымі Таямніцамі споведзі, прычасця, наведвання хворых. Прыемна здзіўляе, што нават людзі сталага веку, якія могуць ужо не выконваць пост перад прычасцем, усё адно посцяцца.
— Духоўнасць – важны складнік чалавечага жыцця, аднак мы не маем права забывацца на праблемы п’янства ў грамадстве, неналежнага выхавання падрастаючага пакалення, асацыяльных паводзінаў. Ці прысутнічаюць “прафілактычныя” гутаркі ў вашых пропаведзях?
— На гэту тэму нельга маўчаць. Але, з другога боку, варта вельмі далікатна падбіраць момант для такіх размоваў, каб не пакрыўдзіць чалавека, не закрануць яго за балючае, не нарабіць бяды. Менавіта так, пакрысе, акуратна, я спрабую настаўляць людзей на праўдзівы шлях. Да прыкладу, кожную нядзелю ў Казлоўшчыне, пасля службы, да мяне прыходзяць дарослыя людзі на катэхізацыю. У тым ліку, з імі мы размаўляем і аб бытавых праблемах.
— Якую работу праводзіце з дзецьмі і моладдзю?
— Яшчэ ў маім дзяцінстве мы заўжды рабілі ў касцёле калядныя сцэнкі пра нараджэнне Ісуса. Летась упершыню мы з юнымі прыхаджанамі паспрабавалі таксама паставіць тэматычныя тэатралізаваныя дзеі. На маю радасць, усё прайшло выдатна, дзеці вельмі адказна і сур’ёзна падышлі да справы. На вербным тыдні дзеці і моладзь чыталі па ролях у касцёле, таксама з імі па суботах праводзім урокі катэхізацыі. На такія ўрокі прыходзіць шмат дзетак. Гэта вынік добрага супрацоўніцтва касцёла з бацькамі, якія актыўна ўдзельнічаюць у духоўным выхаванні дзяцей.
— Прыгожы касцёл Святога Сэрца Ісуса – гэта не толькі духоўная праца, але і сур’ёзная гаспадарка, і настаяцель – яе руплівы гаспадар. Што паспелі зрабіць для касцёла за гэтыя гады?
— На маю думку, прыхаджанам сёння патрэбна не толькі пропаведзь, але і месца, куды будзе прыемна прыйсці, памаліцца, адпачыць. Таксама кожны са святароў, якія тут працавалі, і я не выключэнне, клапоціцца пра захаванне будынка касцёла. За гэты час разам з прыходам нам удалося памяняць у касцёле вокны, паставіць вітражы, пафарбаваць столь, пераслаць падлогу. У прыходзе вёскі Рандзілаўшчына заўжды шанавалі Святых Пятра і Паўла, іх выявы раней знаходзіліся тут. Працягваючы традыцыі, мы ўсталявалі для галоўнага алтара статуі абодвух гэтых святых, для аздобы размясцілі ў храме невялікія статуэткі. Агульнымі намаганнямі мы пабудавалі прыступкі і ганак ля касцёла, паставілі на прылеглай тэрыторыі п’ету Маці Божай і Яна Паўла ІІ, які заўсёды помніў пра Беларусь. Хоць у яго так і не атрымалася наведаць нашу краіну, але духоўна ён заўжды з намі.
— Ксёндз Андрэй, на вашу думку, ці блізкія сёння людзі да касцёла, да веры?
— На маю думку, людзі паступова пачынаюць вяртацца да веры, да храма. І няхай гэта спачатку адбываецца з-за цікаўнасці, паглядзець, паслухаць, або ад безвыходнасці, шукаючы збаўленне ад сваіх праблем. І ў выніку застаюцца ў касцёле, становяцца яго пастаяннымі наведвальнікамі. Шляхі да Бога розныя, галоўнае – ісці.
Гутарыла Н. АВЯРЧУК, карэспандэнт газеты “Перамога”