Тыдзень культуры адкрывае новыя імёны. Дзень другі

«Душы і рук народныя тварэнні» былі прадстаўлены на выставе, арганізаванай у рамках тыдня культуры «Суквецце талентаў Воранаўскага краю». Глядач убачыў у экспазіцыі выставы разнастайнасць работ самых розных відаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і тэхнік выканання. Паказаць свае шэдэўры вырашылі не толькі дарослыя, але і дзеці. Спецыялістамі, педагогамі і выхаванцамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Воранаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзіцячай школы мастацтваў (г.п. Воранава), цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі былі прадстаўлены вырабы з паперы, саломы, дрэва, гліны, бісеру, сувеніры, карціны, цацкі і многае іншае. Яны разнастайныя і ўнікальныя. У гасцей і жыхароў райцэнтра была магчымасць набыць іх на памяць. Для аматараў прыкладной творчасці былі арганізаваны майстар-класы Святланай Касперскай, Наталляй Карніла, Крысцінай Яковіч. Паспрабаваць шчасця наведвальнікі маглі ў латарэі — выйграць сувенір ручной работы.
Майстры прыкладной творчасці сёння дэманстравалі культуру, якую ўдалося захаваць на працягу соцень гадоў, а таксама паказалі сучасныя тэхнікі. Прадметы побыту, хатняе начынне, саматканыя посцілкі, эксклюзіўныя сумачкі, карціны, дэкаратыўныя вырабы і ўпрыгожванні былі прадстаўлены лепшымі народнымі ўмельцамі Воранаўшчыны: Дзмітрыем Лялько, Анатоліем Талчковым, Ірынай Вашкевіч, Гражынай Пяцюн, Іванам Юрчыцам, Уладзіславай Міклюкевіч, Валянцінай Кулак. Тыдзень культуры дапамог адкрыць і новыя імены. Упершыню свае вырабы з дрэва паказаў шырокаму колу гледачоў Барыс Пяргун. Сціплы майстар даўно захапляецца разьбой, яшчэ з часоў, калі быў мараком і жыў у Крыме. У Беларусь перабраўся ў 80-х, калі абзавёўся сям'ёй. З тых часоў і жыве тут, у Воранава, працуе токарам у ДРБУ-120. Па словах родных, усё ў доме зроблена яго залатымі рукамі: мэбля, падстаўкі пад тэлевізар і кветкі, вазы, палічкі і шматлікія дэкаратыўныя вырабы. Да падарункаў для блізкіх людзей абавязкова прыкладаецца што-небудзь зробленае сваімі рукамі. Барыс любіць працаваць з карэльскай бярозай: фактура драўніны вельмі цікавая. Акрамя дрэва, у яго руках прыгожым становіцца і метал. Таму пацверджанне — цікавая работа на выставе: драўляная палічка з металічнай павуцінкі і каварным павуком, які вабіць ў свае сеці наіўных дзяўчатак. Адкрыццем для воранаўцаў стала і майстрыха Надзея Янушкевіч, якая зараз захоплена працай са скурай. Прадстаўленыя кветкавыя пано цікавыя па кампазіцыі, у будучым умеліца хоча паспрабаваць дадаць у іх прадметныя элементы, напрыклад, дэкаратыўную скрыпку, цыферблат і інш. Скура ў яе працах з'явілася параўнальна нядаўна. Да гэтага пераважала пляценне з газетных трубачак: падносы, вазы, скрыні для бялізны, статуэткі і іншае. Спрабавала жанчына і тэхніку канзашы пры вырабе скрыначак і ўпрыгожванняў для валасоў. З дзяцінства Надзея добра малюе, па адукацыі швачка, і, вядома, у працы з тканінай гэта ёй дапамагае. Новыя ж тэхналогіі дэкаратыўна-прыкладной творчасці яна асвойвае па сродках інтэрнэту, адтуль бярэ і многія ідэі. Талент, майстэрства, цярпенне, індывідуальнасць аўтараў дапамагаюць ствараць ім арыгінальныя работы.
Выставу ў гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу наведалі і прадстаўнікі раённай улады. Старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Роик, намеснік старшыні райвыканкама Мечыслаў Уляшка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Ястрэмская падзякавалі ўсім удзельнікам мерапрыемства за іх унікальную працу і ўклад у захаванне самабытнасці беларускай культуры і адзначылі, што Воранаўшчына багатая на таленты.
Галіна ШЛЕМПО.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
[gallery link="file" columns="2"]