Тыдзень культуры. Дзень чацвёрты. Вясёлая карусель дзіцячых забаў

В посёлке 21 августа 15 1185
Тыдзень культуры. Дзень чацвёрты. Вясёлая карусель дзіцячых забаў


Чацвер у рамках тыдня культуры быў запланаваны Днём дзіцячай творчасці. Раніцай зала Воранаўскага гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу сабрала дзетвару на мультыплікацыйны паказ. Са знаёмымі і любімымі героямі — Машай, Мядзведзем, Томам, Джэры, Ваўком, Зайцам — маленькія гледачы прыемна і весела пачалі дзень. А прадоўжылі яго на батутах, што спецыяльна для іх “выраслі” на плошчы.

Прыемнай нечаканасцю для дзятвы сталі рознакаляровыя шары ад ГА “БРСМ”, а сапраўдным сюрпрызам — казка пра Папялушку, прэм’ера якой адбылася на сцэне раённага цэнтра культуры і вольнага часу. Мастацкі кіраўнік Л. Кумпель з кагортай таленавітых артыстаў (работнікі цэнтра, удзельнікі тэатралізаванага гуртка мініяцюры “Эцюд” і дзіцячай вакальнай групы “Забава”) падарылі гледачам прыгожае яркае дзейства, якое захапіла залу на паўтары гадзіны. Маладыя людзі ўдала ўжыліся ў персанажаў вядомай казкі: велічных Караля і Каралеву, Прынца, самаўпэўненую  Мачаху і яе дачок, падчарку Папялушку. Цудоўна выканалі свае ролі Э. Бутрым,  В. Дорда, Ю. Гулеўская, А. Куель. Я. Зін-кевіч, Дз. Філон, упрыгожылі тэатралізаваную пастаноўку танцавальна-забаўляльныя нумары Ю. Гулеўскай, В. Вашкевіч.

Завяршыўся святочны дзень дыскатэкай з гульнёвай праграмай.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.