Уладар сяла з Больцiнiк

Молодые МЫ 28 августа 15 2316
Уладар сяла з Больцiнiк


На мінулым тыдні за права атрымаць ганаровы тытул “Уладар сяла” змагаліся ў агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы” сем’і Гродзеншчыны. У ліку чатырнаццаці ўдзельнікаў абласнога этапу конкурсу была і сям’я з нашага раёна — Дзмітрыя і Вольгі Лешчукоў з Больцінікаў.

Нашы канкурсанты ўпершыню прымалі ўдзел у конкурсе і ўдала змаглі сябе паказаць і праявіць свае здольнасці. Так, Дзмітрый, як сапраўдны майстар, за сем хвілін акуратна і прыгожа па эскізе выразаў кухоную дошчачку. За што атрымаў 1-е месца ў гэтай намінацыі. Штодзённыя клопаты па гаспадарцы прыйшліся дарэчы ў выпрабаванні “Сіўка-Бурка”, дзе неабходна было запрэгчы і распрэгчы каня. Гаспадары Лешчукі ў гэтым конкурсе праявілі спрыт і занялі 3-е месца. Добры зачын маладой сям’і, безумоўна, не быў бы магчымым, калі б дома не панавалі лад, згода і ўзаемапаразуменне.



Вольга і Дзмітрый дзевяць год ідуць поруч. Усё прывыклі дзяліць на дваіх. З задавальненнем успамінаюць, скажам так, нетрадыцыйную гісторыю свайго знаёмства. Сяброўка дала Вользе нумар тэлефона хлопца. Цэлы месяц, пакуль Дзмітрый служыў Радзіме, яны мелі зносіны выключна віртуальныя. А калі сустрэліся — зразумелі, што спаткалі сваё каханне. Вяселле надоўга не адкладвалі. З любоўю пачыналі сямейнае жыццё, з любоўю выхоўваюць сыноў — васьмігадовага Аляксандра і трохгадовага Антона. Хлопчыкі — жвавыя. Саша наведвае музычную школу і іграе на кларнеце. Антон — нястомны памочнік таты. Што б ні рабіў бацька, стараецца, хоць па-дзіцячы, дапамагчы яму. А працаваць у сям’і Лешчукоў — не баяцца. І зноў жа на працу муж і жонка ходзяць у адну гаспадарку — КСУП “Эліт-Агра Больцінікі”: Дзмітрый Уладзі-міравіч працуе вадзіцелем, а Вольга Станіславаўна — ветэрынарным урачом. І як прызнаюцца самі, па-іншаму і быць не можа: у іх сям’і прынята рабіць усё разам, падтрымліваць адзін аднаго. І сваіх дзяцей таму ж вучаць.

— Вельмі цудоўна, што ёсць цікавыя конкурсы для маладых сямей, — лічаць муж і жонка Лешчукі. — У гэтым годзе мы спаборнічалі без Антона: маленькі яшчэ, ды і вельмі горача было. Калі ў наступным годзе зноў выпадзе шанец прыняць удзел ва “Уладары сяла”, не сумняваючыся, прымем запрашэнне ўсёй сям’ёю.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва РК ГА “БРСМ”.