Маленькiя таленты “Рыфмаванкi”

Социальная сфера 12 января 16 2977
Маленькiя таленты “Рыфмаванкi”


Ці магчыма выгадаваць будучага паэта? Такім пытаннем задалася настаўніца пачатковых класаў Пагародзенскай сярэдняй школы Алена Сцяфанаўна Ластоўская.

Доўга прыглядалася да сваіх выхаванцаў, шукаючы ў іх творчы патэнцыял. Ды і сама паступова папаўняла свае веды пра вершаскладанне. І ўрэшце, калі тры гады назад у яе першы клас прыйшлі васямнаццаць творчых, дапытлівых, цікаўных, з нестандартным мысленнем дзяцей, вырашыла, што з цягам часу створыць літаратурнае аб’яднанне. Вучням давала творчыя заданні. Напрыклад, прапаноўвала два словы, з якіх неабходна было скласці два рыфмаваныя радкі. У пачатку бягучага навучальнага года адкрыла аб’яднанне “Рыфмаванка”, куды запрасіла самых адораных трэцякласнікаў. У яго ўвайші Яна і Ульяна Шалкоўскія, Анастасія Будрэвіч, Мікалай Сянюта, Арсеній Паберайла і Лізавета Казілава, якія праяўлялі сябе найбольш яскрава на ўроках беларускай літаратуры.

— Дзеці пішуць вершы на беларускай мове. Яе мы абралі не выпадкова. Хацелася, каб у нашых дзяцей цікавасць і любоў  да роднай мовы мацнела, — расказвае кіраўнік літаратурнага аб’яднання. — Калі ж, бывае, не можам падабраць трапнага слова, на дапамогу прыходзіць настаўніца беларускай мовы і літаратуры Валянціна Валер’еўна Гень. Я люблю прыроду, гэта і перадала сваім выхаванцам. Таму ў іх творах яна дамінуе. Перад тым, як напісаць верш пра тую ж птушку, спачатку звяртаемся да энцыклапедыі, вывучаем яе звычкі, выгляд. Таму, напэўна, атрымоўваецца добра ў дзяцей свае адчуванні выказаць у вершаваных радках. Прызнацца, мяне іншы раз здзіўляе іх непасрэднасць і ўменне бачыць у звычайным незвычайнае. Можам пахваліцца выданнем тэматычнай брашуры “Пра зіму”. А ці вырастуць пад маім крылом будучыя паэты — пакажа час.

Гэтага і пажадаем Алене Сцяфанаўне і яе таленавітым вучням.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: на занятках літаратурнага аб’яднання “Рыфмаванка”.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.