У добры шлях, ксёндз Станіслаў!

Духовность 23 января 16 2805
У добры шлях, ксёндз Станіслаў!


У пачатку студзеня ў парафіі Прасвятой Тройцы ў в. Германішкі адбылася ўрачыстая імша, падчас якой парафіяне развітваліся са сваім земляком, светаром Станіславам Скрыдалевічам, які ад’язджаў з місіяй на Кубу.

Службу ўзначаліў сам ксёндз Станіслаў. Ён дзякаваў Богу за бацькоў і ласку місійнага паклікання, за добрых аднавяскоўцаў, якія адорвалі яго малітвамі. На гэтую ўрачыстасць прыбылі сабраты светара з розных куткоў Беларусі: ксяндзы Станіслаў Вашкевіч (Мінск), Уладзімір Буклярэвіч (Бяроза), Алег Грыгаровіч (Жлобін, Рагачоў), а таксама Анджэй Вітэк (Воранава).

У гаміліі ксёндз Станіслаў нагадаў, што заканчваецца перыяд Божага Нараджэння, але гэта не значыць, што Хрыстос адыходзіць у неба. Ён не прыйшоў на зямлю толькі на адзін ці два дні, каб паслухаць калядкі ў нашым выкананні. Ісус прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас, у нашых сем’ях, на месцы нашай працы. Збаўца не хоча быць толькі госцем, Ён хоча пасяліцца ў нашых сэрцах назаўсёды.

Напрыканцы імшы моладзь нашай парафіі падзякавала ксяндзу Станіславу за яго святарскую паслугу, а яго бацькам — за сына-светара.

Рашэнне кс. Станіслава адправіцца на місійную працу — гэта важная падзея для ўсяго ордэна Палатынаў на Беларусі і наогул у цэлым свеце, таму што ён будзе першым Палатынам, які з’явіцца на Кубе. Давяраем яго і ягоную паслугу Богу і просім аб новых святых пакліканнях да святарства.

Кс. Аляксандр Сушынскі,

пробашч касцёла Прасвятой Тройцы ў в. Германішкі.