За духоўнай спадчынай продкаў

Страницы истории 12 июля 16 3116
За духоўнай спадчынай продкаў


Народная глыбінка — захавальніца душы народа, яго спеваў і думак, мараў і спадзяванняў. І сёння людзі на вёсках выконваюць песні продкаў, распавядаюць легенды і паданні пра гераічнае мінулае, ходзяць за палёгкай на старажытныя паганскія капішчы, а ўнукам і праўнукам баюць казкі…

Штогод улетку студэнты спецыяльнасці “Беларуская філалогія” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы едуць на фальклорную практыку збіраць творы жанраў вуснай народнай творчасці. З нататнікамі і самапіскамі, з дыктафонамі яны абыходзяць вёскі, слухаюць іх жыхароў, якія распавядаюць пра старыя часы, асілкаў і міфічных істотаў, згадваюць пра звычаі далёкай даўніны. На працягу практыкі (з 27 чэрвеня па 5 ліпеня) студэнты прайшлі нязведанымі пакуль сцяжынкамі вёсак Канвелішкі, Малыя Канвелішкі, Вінцукі, Навіянка, Слёзкі, Утканы, Пашэлі, Ажукальні, Падгай, Лянцішкі, Лоўцы, Свілы, Бацяны, Чырканцы і інш. У дадзенай мясцовасці, у  параўнанні з ваколіцамі Радуні, у меншай ступені сустракаюцца абрадавыя (каляндарныя і сямейныя) песні замоўнага характару, але ў значна большай колькасці ўдзельнікам экспедыцыі ўдалося запісаць містычных легендаў і паданняў, народных анекдотаў і жартаў. Шмат захавалася спосабаў народнага лекавання ад розных хвароб, багата пачулі прыкмет, павер’яў, а таксама прыказак і прымавак. За час экспедыцыі студэнты ўзбагацілі свой духоўны вопыт, набылі навыкі камунікатыўных зносін з людзьмі рознага ўзросту і розных сацыяльных групаў, асвоілі прыёмы і метады збору вуснай народнай творчасці.

Студэнты і выкладчыкі наведалі дом-крэпасць П. Нонхарта (ХVІІ ст.) у вёсцы Гайцюнішкі, а таксама cядзібна-паркавы комплекс (маёнтак графа Путкамера і Марылі Верашчакі) — мясціны спатканняў, што ўвабралі тямнічую гісторыю кахання Адама Міцкевіча і Марылі Верашчакі ў аг. Больцінікі. Там жа пабачылі камень з выявай крыжыка як сімвал безнадзейнай, самотнай ростані дзвюх летуценна-мройлівых душ. Вакол таго каменя вырасла безліч спараных дрэўцаў. Ці не таямніча-загадкава гэта?..  У першую суботу ліпеня атрымалі шыкоўную магчымасць удзельнічаць у Святой імшы ў славутым касцёле ў аг. Тракелі.

Важным аспектам практыкі з’яўляўся накірунак супрацоўніцтва з агульнаадукацыйнай школай, сувязь вышэйшай адукацыі з сярэдняй. Загадчык кафедры беларускай літаратуры А.Э. Сабуць і дацэнт Р.К. Казлоўскі  правялі на базе Канвелішскага НПК сустрэчу з вучнямі, прысвечаную перспектывам далейшага працягу навучання ў вну Беларусі і, у прыватнасці, на філалагічным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, распавялі пра асаблівасці вучобы, магчымасці будучага працаўладкавання. Руслан Канстанцінавіч правёў семінар для настаўнікаў Воранаўскага раёна ў галіне інавацыйных тэхналогій “Актуальныя праблемы падрыхтоўкі вучняў да прадметных алімпіяд (па беларускай мове і літаратуры) абласнога і рэспубліканскага этапаў”, а таксама заняткі ў лагеры “Навука” для адораных дзяцей.

Шыкоўна і весела прайшло прысвячэнне ў фалькларысты. Гучалі песні і мажорна-задорныя прыпеўкі, не абышлося і без пераапранання, гульняў, жартаў. Студэнты-беларусы далі клятву шанаваць сваю родную мову і нацыянальную культуру.

Паэзіяй жыцця, чароўным летам-песняй можна назваць знаёмства з мясцовым вакальна-інструментальным ансамблем “Канвелішскія штукары”. Удзельнікам экспедыцыі вельмі спадабаўся рэпертуар гэтага фальклорнага гурта і манера выканання песень (“Рэчанька”, “У лузе”, “Конік вараны”, “Тры дубы” і інш). Адчувалася, як выканаўцы ўкладваюць душу ў кожнае слова і ў кожную ноту, дораць гэтыя сакральныя пералівы мелодый, ігранне пачуццяў на ліры.

Гаспадарыла спелае лета, якое вяло праз нязведаны дарэшты воранаўскі край, праз новыя далі. Прыгожыя летнія ранкі з цёплымі сонечнымі ўсмешкамі, чуйная вячэрняя ціш пасля краплістых моцных дажджоў… Ураджайным і шматабяцаючым выдалася фальклорнае лета-2016, якое шчодрай жменяй сыпанула народныя дары ў нашу скарбонку. Сабраць народную спадчыну — значыць захаваць душу народа, пранесці праз гады і стагоддзі незлічоныя скарбы духу, перадаць іх наступным пакаленням…

Надоўга застануцца ад фальклорнай практыкі мелодыі народных песень і шматлікія ўспаміны як напамін: МЫ БЫЛІ ТУТ!.. ТУТ ЗЯМЛЯ ТАКАЯ: з залатымі каласамі і ласкавымі валошкамі, са спеўна-гаманкімі, гасціннымі людзьмі, адоранымі надзвычай вабнай душэўнай прыгажосцю...

Асаблівую падзяку за супрацоўніцтва і стварэнне плённых дабратворных умоў працы і адпачынку хочацца выказаць загадчыку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.Я. Ганевіч і дырэктару Канвелішскага НПК Н.В. Якжык.

Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць,

кіраўнікі фальклорнай практыкі,

дацэнты кафедры беларускай літаратуры

ГрДзУ імя Янкі Купалы,

кандыдаты філалагічных навук.

Фота з архіва Аліны Сабуць.