Калi ў сям’i лад i згода, любая спорыцца работа

Знай наших! 21 июля 17 1476
Калi ў сям’i лад i згода,  любая спорыцца работа
DSCN1545

Заўсёды адчуваеш задавальненне, пачуўшы добрыя словы пра землякоў, якіх ведаеш з маленства. Няблага, калі яны падмацаваны заслужанай пашанай і ўзнагародай за штодзённую мазолістую і добрасумленную працу. Напэўна, таму мне ўдвая было прыемна завітаць у госці да сям’і Станіслава Вацлававіча Квеценя з Забалаці — маёй малой радзімы — з нагоды занясення яго імя на раённую Дошку Гонару.

Калі падышла да дома Квеценяў, галава сям’і завіхаўся па  гаспадарцы. У яго выдаўся выхадны дзень — трэба шмат што паспець зрабіць. А ля сваёй хаты, вядома ж, клопатаў хапае.

— Калі ласка, праходзьце ў дом, — нягледзячы на занятасць, з ветлівасцю і гасціннасцю, якая ўласціва вясцоўцам, запрасіў мужчына.

Утульнасцю і ўладка-ванасцю сустрэла мяне сямейнае гняздо Станіслава Вацлававіча і яго жонкі Ганны Янаўны. Было бачна: кожны пакой аздабляўся з любоўю і густам. Незаўважна за кубкам духмянай кавы пацякла душэўная размова. І столькі ў ёй было цёплых, шчырых і добразычлівых ноткаў! Гаспадары, здавалася, нанова перажывалі пройдзены шлях: яго радасці і цяжкасці, паўсядзённыя турботы і незабыўныя хвіліны сямейнага шчасця...

Станіслаў Вацлававіч і Ганна Янаўна, як кажуць, мясцовыя — родам з суседніх вёсак — Пасека-Дварчаны і Дварчаны. Абодва скончылі Забалацкую сярэднюю школу, з дзяцінства прывучаны да працы. Каханне паміж імі зараджалася паступова і перарасло ў трывалы сямейны саюз.

Працоўны шлях Станіслаў пачаў адразу пасля заканчэння дзесяці класаў у калгасе імя Леніна (сёння — КСУП “Гіркі”). У складзе невялічкай брыгады з чатырох чалавек “калясіў” па тых фермах гаспадаркі, дзе неабходна было правесці рамонтныя работы. Хутка быў прызваны ў армію. Пасля службы вярнуўся на працу ў калгас, толькі ўжо трактарыстам-машыністам. Ад світання да цямна пад “песню” матора наразаў роўныя скібы зямлі пад будучы ўраджай. Здалёк быў чуваць гул яго стальнога сябра і падчас касавіцы. Неяк зімой у 2005 годзе Станіслаў Вацлававіч атрымаў новае даручэнне: нарыхтоўваць сена для цялятак на комплексе “Гудзінішкі”. Так і застаўся працаваць там. Цяпер пад апекаю жывёлавода знаходзяцца шэсцьсот быкоў. У мінулым годзе на іх адкорме атрымаў сярэднесутачнае прыбаўленне 909 грамаў.

— Разам з Кацярынай Бярнацкай і Святланай Кашлей адказваем за бычкоў. Таму, лічу, сёлетняя мая ўзнагарода — агульная, — сціпла зазначыў мужчына. Крыху памаўчаўшы, дадаў: — У кожнага гадаванца свой характар. Трэба ведаць, як падысці да жывёлы, а галоўнае — любіць яе. Тады і вынік будзе.

З гэтым згодна і Ганна Янаўна, якая некалькі год запар працавала побач з мужам на комплексе. Толькі адказвала за цёлачак, якія знаходзіліся на дарошчванні і пакрыцці. Сёння жанчына на заслужаным адпачынку. Наколькі складаная і цяжкая работа жывёлавода, яна ведае з уласнага вопыту. Таму пасля працоўнага напружанага дня сустракае свайго Станіслава добрым словам і смачнай вячэрай.

Аб адным толькі сумуюць муж і жонка: стаў ціхім і маўклівым іх некалі шматгалосы дом, дзе выраслі пяцёра дзяцей. З задавальненнем расказваюць пра мінулыя забавы сыноў і дачок, іх першыя поспехі. Радуе бацькоў тое, што чацвёра: Ганна, Юрый, Кацярына і Антон — пусцілі карані ў Гродне. Практычна, побач. Найдалей ад роднай хаты — малодшы Міхаіл. Ён стварый сваю сям’ю ў Дзяржынску. Ды нягледзячы на паўсядзённыя клопаты, адлегласць, дзеці спяшаюцца да самых блізкіх людзей. Ніколі не адказваюць бацькам у дапамозе. А дні нараджэння матулі і таты — гэта для іх самае галоўнае свята. У такія дні дом ажывае і маладзее ад гучных галасоў шасці ўнукаў. А месца?.. У бацькоўскім доме яго, канешне ж, хапае ўсім.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.