У Паляцкiшках ажывае казка

Социальная сфера 25 августа 17 1775
У Паляцкiшках  ажывае казка
1C9A0542

Журналісцкія дарогі нядаўна прывялі мяне ў Паляцкішкі. Вырашыла зайсці ў мясцовую сельскую бібліятэку. Ужо пяць год яна працуе ў статусе інтаграванай — пад адным дахам змяшчаюцца і школьная бібліятэка, і ўстановы культуры. Скажу шчыра, мяне вельмі здзівіла вялікая колькасць работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, зробленых рукамі супрацоўнікаў і наведвальнікаў.

— Хто такі ў вас таленавіты? — спытала гаспадыню скарбніцы ведаў.

— У нас уся сям’я творчая, — усміхнулася Тамара Аляксандраўна Стэцэвіч. — Тут і мая рука прыкладзена, і здабыткі мужа Уладзіміра і брата Анатолія Панцюхова. Цаню і люблю добраўпарадкаванасць усюды. А нішто так не ўпрыгожвае памяшканне, як цікавыя і эксклюзіўныя вырабы! Згадзіцеся, дзякуючы ім у бібліятэцы ўтульна і прыемна.

Як з гэтым не згадзіцца? Куды ні кінь вокам — адшукаеш штосьці арыгінальнае. Гэта і карціны на тэмы казак, як намаляваныя, так і зробленыя разцом па дрэве, і гіпсавыя выявы, і змайстраваныя з саломы аляняткі… Асабліва ўражваюць работы з яблыні і дубу. Што тут казаць, прыемна прысесці на незвычайнае крэсла і папіць духмянай гарбаты за дэкаратыўным столікам.

— Усё гэта, — дзеліцца бібліятэкар з адзінаццацігадовым стажам, — створана для таго, каб чытачы, а іх у мяне 380 чалавек, хацелі прыйсці сюды зноў і зноў…

Тамара Аляксандраўна прапаноўвае наведвальнікам кнігі, газеты, часопісы на розны густ. Фонд бібліятэкі — больш за 10 270 экзэмпляраў. Акрамя таго, бібліятэкар запрашае і дарослых, і дзяцей на розныя мерапрыемствы. Жыхарам аграгарадка палюбіліся душэўныя сустрэчы, дзе можна ўспомніць былое, падзяліцца сваімі радасцямі, шмат чаго даведацца пра традыцыі продкаў, лекавыя травы і іншае. А дзецям? Для іх тут поўнае раздолле. З задавальненнем бягуць на касцюміраваныя ранішнікі і вечарыны. Многія з 40 касцюмаў пашыты  рукамі Тамары Аляксандраўны. Дзеці розных узростаў могуць падабраць сабе ўборы Бабы-Ягі, Кашчэя Бессмяротнага, Чырвонай Шапачкі, Старога Хатабыча… Хіба ўсе пералічыш? Падабаецца дзятве і самім тварыць. На аматарскім аб’яднанні “Чараўнікі” яны майструюць казачных персанажаў для тэатра лялек. З імі выступаюць перад сябрамі, знаёмымі і аднавяскоўцамі. Прыцягвае юных аматараў чытання і гісторыя. Разам з бібліятэкарам крок за крокам яны пазнаюць рэаліі жыцця. Любяць выходзіць і на экскурсіі, кніжныя пікнікі.

— Стараюся ў нашых дзяцей прывіваць любоў да друкаванага слова, асабліва беларускага, — расказвае Тамара Стэцэвіч. — Імкнуся, каб кожны куток нашай бібліятэкі “працаваў” на чытача, каб у скарбніцы ведаў заўсёды было шматлюдна, а добрая кніга знаходзіла водгук у сэрцах землякоў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.