Вячоркі ў Місявічах

Вячоркі ў Місявічах

Раніца выдалася пахмурнай і нават халоднай. Але гэта акалічнасць ніяк не адбілася на настроі жыхароў аг. Місявічы, якія сабраліся ў мясцовым Цэнтры культуры на “Вячоркі”. Свята прымеркавана да Году народнага адзінства. Тэатралізаванае прадстаўленне па запрашэнні загадчыка ЦКіД Л.К. Карпук арганізавалі 10-класнікі Забалацкай школы, члены фальклорнага клуба “Спадчына”, са своім класным кіраўніком Я.Я. Міхайлавай. Да іх далучыўся гурт аматарскага аб’яднання “Залатая восень” (кір. А.В. Лазоўская).
Сцэна аформлена ў стылі сялянскай хаты: канапа, лавы, куфар, посцілкі. Многа рэчаў штодзённага ўжытку: збаны, гаршкі, прыгожыя абрусы, сурвэткі, ручнікі, вытканыя нашымі бабулямі. Спачатку кіраўнік клуба В.У.Коцік паведаміла гледачам аб фальклорным свяце “Вячоркі”, аб тым, як нашы продкі праводзілі яго. І дзейства пачалося.

IMG-7294f92480f6f5eed5f12b6c9d45f963-V.jpg

Гасцей шчыра сустракалі гаспадары “дома” Лявон, Лявоніха і іх дачушка Алеся. У гэтых ролях выступалі Яўген Комар, Віялета Врублеўская і Юлія Лышчык. Першымі на вячоркі завіталі дзяўчаты з Забалаці. Вядома ж, галоўная дзеючая асоба свята — Несцерка, ролю якога выконваў Яўген Врублеўскі. Пачуўшы гучны смех і жарты, зайшла на хвілінку ў госці і бабулька-шаптуха з х. Міхалоўка (Анастасія Бальцэвіч). Яна “нашаптала” Ганначцы (Анастасіі Вярцінскай) сустрэцца са сваім суджаным Грышкам (Уладзіславам Руселевічам). Затым на вячоркі прыйшлі місявіцкія кабеты, ролю якіх цудоўна выканалі члены аматарскага аб’яднання “Залатая восень”. Яны пажадалі здароўя гаспадару і гаспадыні песняй “Будзь здаровы гаспадар…”

Вячоркі не абыходзяцца без танцаў. Удзельнікі пацешылі гасцей беларускім танцам “Рэчанька”. Калі загучалі частушкі, не ўтрымаўся на сваім месцы гаспадар, ён так па-заліхвацку прытанцоўваў, што сарваў буру апладысментаў.

Не забыліся артысты і пра традыцыйныя народныя гульні. Усё ў жыцці нашых продкаў было звязана з гаспадаркай, якая давала ежу, была іх асноўным клопатам і сэнсам жыцця. Несцерка запрасіў прысутных пагуляць у “Каноплі”. А дбайныя гаспадары тым часам частавалі прысутных прысмакамі.

1.jpg

Песні, прыпеўкі, неверагодныя вясковыя гісторыі з жыцця нашых бабуль і дзядуль кранулі ўсіх. Узнагарода артыстам — працяглыя апладысменты, а гледачам — добры настрой і надзея, што такія мерапрыемствы будуць праводзіцца часцей. Некаторых з іх падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Лілія Канстанцінаўна Карпук:

Шчырае дзякуй настаўнікам і навучэнцам, якія арганізавалі для нас гэтае свята. Вельмі весела атрымалася. Я думаю, што дзеці, якія сёння вывучаюць традыцыі і абрады сваіх продкаў, будуць ведаць, адкуль нашы карані, чым жылі і як адзначалі святы нашы дзяды і прадзеды. А нам яны яшчэ раз напомнілі аб багатай спадчыне, якую неабходна перадаваць будучым пакаленням. Мы адпачылі тут душой.

Ганна Мечыславаўна Кухарэвіч:

— Мерапрыемства мне вельмі спадабалася. Столькі прагучала прыгожых песень і мелодый. Іх цудоўна выканалі вучні Забалацкага НПК. Маленькія артысты на некаторы час адправілі нас у цікавае падарожжа ў мінулае. Напомнілі маладосць, нашы абрады і святы. Успомніліся і родны дом, і матуля за кроснамі, і сяброўкі, якія пралі, ткалі, вышывалі. Вельмі спадабаўся нам Гаспадар, які так цудоўна выканаў сваю ролю. Сапраўдны артыст!

Марыя Юльянаўна Маркевіч:

— Свята ўдалося на славу. Якія цудоўныя нашы дзеці! Такі падарунак нам зрабілі. Перад намі паўстала жыццё такім, якім яно сапраўды было. Я сёння пачула, як прыгожа гучыць родная мова. Дзякуй усім за арганізацыю вячорак.           

Валянціна Коцік, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА “НПК Забалацкія яслі-сад сярэдняя школа”.

IMG-8d28517ed0ac253abaa2d2b4eebd7392-V.jpg

IMG-98c94f7acf14c4733818453e3610fdd6-V.jpg

IMG-eef7ac617b54d2fc9e821c4f3597deeb-V.jpg