«Карнавал весялосці» завітаў на Воранаўшчыну ў госці!
Сёмы раз на Воранаўшчыне праходзіць адкрыты абласны фестываль гульні «Карнавал весялосці». Ён стаў візітнай карткай нашага раёна, сюды з’язджаюцца сапраўдныя майстры гульні з усёй Гродзеншчыны. У гэты раз дзесяць творчых калектываў прадставяць на суд журы і гасцей свята свае сюжэтна-забаўляльныя праграмы. Значыць, дасціпных жартаў, гумару, смеху і шчырых эмоцый хопіць усім, хто далучыўся да гэтага яркага мерапрыемства. Дый кожны атрымае прыемны бонус — добры настрой.
На жаль, з-за праліўнога дажджу не адбылося яркага фестывальнага шэсця па цэнтральных вуліцах Воранава, усё святкаванне перамясцілася ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Яркія і вясёлыя казачныя персанажы дабавілі б колераў у наваколле, якіх нам не хапае ў гэтыя хмурыя восеньскія дні.
Аднак для майстроў добрага настрою абмежаванне ў прасторы — зусім не перашкода для таго, каб прадэманстраваць свой прафесіяналізм, развесяліць публіку. І гэта яны прадэманстравалі ўжо падчас адкрыцця фестывалю. З’яўленне ўдзельнікаў у зале ўсе віталі ўсмешкамі і апладысментамі.
— Гэта ўнікальнае культурнае мерапрыемства. Яно выклікае ў душах людзей самыя добрыя і шчырыя пачуцці, — падкрэсліў у прывітальным слове старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук. — Упэўнены, што ўсё багацце гульнёвай культуры, якое вы прывезлі, ваш талент, майстэрства знойдуць самы гарачы водгук у сэрцах гледачоў і зліюцца ў адну агульную ўрачыстасць творчасці і радасці! Няхай на фестывалі пануе атмасфера сяброўства, узаемаразумення, і сённяшняя сустрэча застанецца надоўга ў вашай памяці. Жадаю ўсім здароўя, добрага настрою, незабыўных уражанняў і творчых поспехаў!
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара.