У санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у аг. Тракелі прайшла прэзентацыя малітоўніка да Маці Божай Тракельскай за аўтарствам ксяндза Юрыя Бяганскага

Духовность 24 ноября 21 1231
У санктуарыі Каралевы нашых сем’яў у аг. Тракелі прайшла прэзентацыя малітоўніка да Маці Божай Тракельскай за аўтарствам ксяндза Юрыя Бяганскага

IMG_3173.JPG

Мінулая нядзеля ў аграгарадку запомніцца знакавай падзеяй — прадстаўленню шырокаму колу новай кнігі, прысвечанай Дзеве Марыі, якая з далёкага 1595 года апякуецца над вернікамі мясцовага прыхода. Ксёндз Юрый лічыць, што гэтае выданне будзе садзейнічаць пашырэнню Марыйнага культу, а імя Маці Божай Тракельскай будзе ўшанавана яшчэ большай колькасцю хрысціян.

Прэзентацыя новай кнігі прайшла ў цесным сяброўскім коле ў доме пелігрымаў, дзе сабраліся мясцовыя вернікі, аднадумцы і госці санктуарыя.

IMG_3163.JPG

IMG_3159.JPG

IMG_3157.JPG

— Гэта маё трэцяе выданне, — падзяліўся ксёндз Бяганскі. — Першае налічвала ўсяго дзесяць экзэмляраў, у ім я расказаў пра складаны лёс знаёмай, якая стала для мяне другой маці. Затым з’явілася ідэя стварэння малітоўніка для хворых. Дарэчы, планую яго перавыданне. Яно будзе пашырана — у выданне будуць уключаны малітвы да Маці Божай Тракельскай. Вялікай справай, лічу, стала з’яўленне новага малітоўніка. Як належыць, яно складаецца з трох частак: удзячнасць Марыі, пахвала і просьбы. Нагадаю, што ў Маці Божай Тракельскай звычайна хрысціяне просяць аб здароўі для дзяцей, радасці бацькоўства, аб пазбаўленні ад шкодных звычак і інш. У кнізе сабраны як аўтарскія малітвы, так і перапрацаваныя мною — сярод іх малітвы за Айчыну, сем’і, вяночкі да Маці Божай, навэнны, літаніі. Малітоўнік выдадзены на дзвюх мовах — беларускай і польскай. З перакладам на родную мову дапамагла лідчанка Марыя Габіс, дызайн распрацавала таксама лідчанка Алена Жук. Кніга ўжо мае вялікі попыт: палова тыражу — у 500 экзэмпляраў — хутка разышлася сярод вернікаў.

IMG_3219.JPG

Паколькі малітоўнік — выданне спецыялізаванае, нельга дапускаць тэалагічных памылак. Ксёндз Юрый Бяганскі мае навуковую ступень доктара, таму валодае патрэбнымі ведамі, да таго ж выданне адобрана курыяй (адміністрацыяй) Гродзенскай дыяцэзіі.

Пасля завяршэння прэзентацыі ўсе прысутныя паспяшылі набыць малітоўнік да Маці Божай Тракельскай з аўтографам аўтара.

IMG_3180.JPG

IMG_3189.JPG

IMG_3199.JPG

IMG_3204.JPG

IMG_3213.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.