Сёння — Дзень работнікаў культуры. Акрыленыя творчасцю

Сёння — Дзень работнікаў культуры. Акрыленыя творчасцю

1C9A8206.JPG

Пэўна, няма ў Воранаўскім раёне людзей, якія б не ведалі ў твар работнікаў Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яны “прапісаліся” на галоўнай сцэне ў Воранаве, па некалькі раз у год наведваюцца ў аграгарадкі на брэндавыя святы. Да таго ж, не могуць злічыць, колькі рэспубліканскіх ды абласных падмосткаў ім скарылася. Не дзіўна, што часта глядзяць на воранаўцаў са старонак раённага выдання. Апошнія “Дажынкі” і сённяшні нумар — таму пацверджанне.

Кажучы па-праўдзе, заўжды з задавальненнем адчыняю дзверы Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці. Калі ні заглянеш, заўсёды там віруе жыццё: праводзяцца экскурсіі, ладзяцца мясцовыя абрады і канцэрты, вучыцца дэкаратыўна-прыкладному майстэрству і народным промыслам дзятва… І ўсё гэта сіламі невялікай творчай каманды пагародзенскіх культработнікаў — рэжысёра Святланы Салмановіч, акампаніятара Сяргея Крываручкі, загадчыка цэнтра Іны Радзевіч і хармайстра Анжэлы Ладыш.

Увогуле, на сто адстоткаў Цэнтр апраўдвае сваю назву, дзе значыцца “народная творчасць”. Да звычаяў продкаў тут адносяцца з пашанай. Ужо назапасілі вялізны фальклорны матэрыял. Каб спадчына бацькоў не пылілася на паліцах, як кажуць, нясуць яе ў людзі. На шчасце, на пагародзенскай зямлі знайшлі аднадумцаў — суджанцаў Міхаіла Васільевіча і Ірыну Мар’янаўну Жук — і разам прэзентуюць у дамах землякоў мясцовыя абрады.

— Хораша працаваць, бо ўсе лёгкія на пад’ём, — усміхаецца Святлана Салмановіч. — Калі б нам нечакана далі заданне выступіць, скажу без пахвальбы, далі б шыкоўны канцэрт з вядучымі, песнямі, байкамі, гульнямі. Сакрэт просты — праграма адпрацавана дасканала.

Мы не стаім на месцы, бо жыццё настолькі імклівае, што адны формы працы хутка губляюць актуальнасць, трэба пераарыентавацца, адшукаць штосьці цікавае, што спадабаецца землякам. І рыхтуемся не абы з рук. Напрыклад, калі пачыналі выступаць з цыганскім шоу, нават урокі ў харэографа бралі, каб навучыцца нацыянальнаму танцу. Мы ідзем з душою да людзей, а яны цягнуцца да нас.

У невялічкім дружным калектыве кожны дапаўняе другога. Каардынатарам ідэй з’яўляецца Іна Радзевіч, за якасны сцэнарый адказвае Святлана, музычны блок — на Сяргею Крываручку. Афармленне мерапрыемстваў — у руках Анжэлы Ладыш. Менавіта яе калегі лічаць гонарам свайго Цэнтра — дзе яшчэ знойдзеш такую слаўную ткачыху?! Ды і дзякуючы ёй сакрэты пагародзенскіх дываноў не страчаны, азы ткацтва перадаюцца мясцовым падлеткам.

Са школы Анжэла Аляксандраўна адчувала, што ёй наканавана быць культработнікам. Праўда, паспрабавала падмануць лёс, атрымаўшы спецыяльнасць прадаўца. Ды покліч сэрца ўсё ж прывёў яе спачатку ў былы Даўгяльскі клуб, а затым — у Пагародзенскі. І ўжо трыццаць год яна запрашае на гурткі дзяцей, дзе яны асвойваюць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Вочы разбягаюцца ад колькасці вырабаў выхаванцаў Анжэлы Ладыш. Кожную работу захоўвае беражліва, бо ў яе ўкладзена душа дзіцяці.

Клопат Анжэлы Аляксандраўны пра захаванне народных традыцый не застаецца па-за ўвагай. На гэтым тыдні напярэдадні прафесійнага свята яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама.

1C9A8179.JPG

Самы вопытны супрацоўнік Цэнтра — Сяргей Крываручка, мае ўжо 35 гадоў стажу ў галіне культуры. Яшчэ ў 8 класе захапіўся музыкай, прызнаўся нам, а ў 10-м ужо іграў на вяселлях.

Спяваць — гэта ў крыві, лічыць Сяргей Станіслававіч. Бывае, спявае ў жывую гадзін пяць запар і не адчувае стомы. Акрамя песні, мужчына іграе на гітары і фартэпіяна, здзіўляе знаёмых і сям’ю сваімі вершаванымі радкамі.

Нарадзіцца ў сям’і музыканта і не абраць культуру ў якасці справы ўсяго жыцця немагчыма, упэўнена Святлана Салмановіч. Бачачы талент дачушкі, яе душэўны запал, бацька скіраваў у свой час дзяўчыну на прафесійную дарогу. Ужо трыццаць два гады яна ідзе па ёй. І дастаткова ўдала, аб чым сведчыць званне лаўрэата прэміі Гродзенскага аблвыканкама імя Аляксандра Дубко і шматлікія іншыя ўзнагароды.

1C9A8189.JPG

Святлана Вацлаваўна — шырокай душы чалавек. Гэта, як ніхто, адчуваюць дзеці. З імі яна можа бавіцца амаль увесь дзень і ў вобразе вясёлага клоўна, і гаспадыні тэатра-студыі гульні “Гульнёвы кірмаш”. Бесклапотны дзіцячы смех — для яе лепшая ўзнагарода.

Па прызнанні субяседніцы, найбольш яна любіць працаваць са сталымі людзьмі. Чэрпаць ад іх жыццёвую мудрасць, пераймаць назапашаны гадамі вопыт.

— Мне не сорамна глядзець землякам у вочы. Працую шчыра, ад душы і імкнуся разам з калегамі напоўніць жыццё пагародзенцаў музыкай, весялосцю, яркімі і запамінавальнымі момантамі, — падзялілася Святлана Салмановіч.

Усяго чатыры гады назад пераступіла парог мясцовага цэнтра культуры Іна Радзевіч. Былога настаўніка пачатковых класаў сюды прывяла любоў да творчасці, якая зарадзілася яшчэ падчас вучобы ў Радунскай школе.

— Калі мяне прымалі на працу, строга заўважылі: узначальваеш установу, дзе работа арганізавана на высокім узроўні. Павінна падтрымліваць гэта надалей. Вось і стараюся, тым больш што падтрымка ў мяне вялізная і ў кожнага калегі гараць вочы і крыніцай б’е фантазія, — была шчырай Іна Іванаўна.

1C9A8237.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Віншуем з узнагародай!

► За шматгадовую плённую працу і ў сувязі з прафесійным святам — Днём работнікаў культуры Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена:

Ірэне Яўгеньеўне Карповіч, бібліятэкару філіяла “Бастунская сельская бібліятэка” ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”;

Тэрэсе Іозаўне Ткачук, настаўніку харавога аддзялення ДУА “Радунская дзіцячая школа мастацтваў”;

Марыне Мікалаеўне Саковіч, намесніку дырэктара ДУА “Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў”.

► Падзячным пісьмом раённага Савета дэпутатаў узнагароджаны Вячаслаў Станіслававіч Наркун, настаўнік па класе саксафона ДУА “Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў”.

► Ганаровай граматай абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны калектыў Воранаўскай раённай бібліятэкі, які ўзначальвае Наталля Віктараўна Камінская.

► Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама — Марына Станіславаўна Сцефановіч, дырэктар ДУА “Воранаўская дзіцячая школа мастацтваў”.