“Гісторыя ў вежах спачывае”: ТРАКЕЛЬСКАЯ святыня

История 18 января 23 1561
“Гісторыя ў вежах спачывае”: ТРАКЕЛЬСКАЯ святыня

DJI_0006 (2).JPG

Бадай, найбольш знакамітым у Воранаўскім раёне з’яўляецца касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, ці інакш санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях. Гэта месца прыцягнення паломнікаў з усіх куткоў Беларусі і нават замежжа. Славіцца святыня цудатворным абразам Маці Божай Тракельскай, якая дапамагае вернікам пазбаўляцца ад цяжкіх хваробаў, бясплодным — нарадзіць дзіця. Як лічыць настаяцель касцёла Юрый Бяганскі, хто заручыцца падтрымкай Дзевы Марыі, прытуліцца да яе, адчуе вялізную падтрымку ў жыцці і ўсе яго намаганні не прападуць дарма. Аб гэтым сведчаць і звыш 250 вотаў — упрыгожванняў, сярэбраных сэрцаў, ружанцаў — якія ў знак падзякі за міласці і цуды падаравалі вернікі Маці Божай.

DJI_0017.JPG

Вотчына Гаштольдаў

Сапраўды, так можна назваць Тракелі, бо першы ўспамін вёскі звязаны з іх іменем. Узгадваецца яна ў 1433 годзе ў лісце вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча, дзе ён пацвердзіў, што Тракелі — уласнасць Яна Гаштольда. У архіўных звестках значыцца, што першы касцёл у Тракелях быў закладзены ў 1500г. віленскім ваяводам Марцінам Гаштольдам. Аднак, паводле некаторых крыніц, Марцін Гаштольд быў ваяводам троцкім і памёр у 1483г., а віленскім ваяводам у 1522-1539 гадах быў яго сын Альбрэхт. Паколькі ёсць разыходжанне ў меркаваннях, заснаванне касцёла лагічна аднесці да першай паловы XVI стагоддзя.

Доўгі час у святыні гаспадарылі езуіты. Яны аселі на гэтай тэрыторыі і з канца XVI ст. да 1865 года вялі адзіную гаспадарку з Дворышчамі (сёння Лідскі раён).

Падчас руска-польскай вайны ў 1656 годзе драўляны тракельскі касцёл згарэў. Дзякуючы намаганням айцоў-езуітаў быў адбудаваны, але не праіснаваў і стагоддзя — быў знішчаны ўжо ў час нашэсця шведаў у 1705г. Езуіты з прыхаджанамі зноў адбудавалі святыню ў 1758г., тады яна і атрымала назву Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

1C9A4460.JPG

Традыцыйна пры касцёле існаваў прытулак для сталых людзей, які ўтрымоўваўся на ахвяраванні багатых вернікаў. У ХVIII-ХІХ стагоддзях пры прыходзе дзейнічалі шпіталь і школка. Заўважу, што ў 1920-х гадах навучанне дзяцей тут вялося на беларускай мове.

Сённяшні будынак святыні — помнік народнага драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму і барока. Пабудаваны ён на ахвяраванні мясцовага землеўладальніка Стэфана Незабытоўскага, падкаморыя навагрудскага, у 1809г. Касцёл некалькі разоў рэстаўраваўся. На жаль, пры рамонтах страціў сваю аўтэнтычную вертыкальную ашалёўку і гонтавы дах. Разам з тым, храм з’яўляецца гісторыка-культурнай каш-тоўнасцю рэгіяналь-нага значэння і прыцягвае шматлікіх турыстаў і паломнікаў. Дарэчы, бонусам для іх з’яўляецца гучанне старажытнага звона, адлітага ў 1754 годзе майстрам Густавам Мёркам з Вільні.

Нязвыклая праява кахання

1C9A4517.JPG

Кожны, хто ўваходзіць на тэрыторыю касцёла, не-не ды зверне ўвагу на васьмігранны цагляна-атынкаваны будынак, у якім праглядваюцца рысы класічнага стылю. Не раз і сама цікавала: а што знаходзіцца за яго дзвярыма? Як аказалася, гэта капліца-пахавальня, з якой звязана мясцовая легенда.

Заможны мужчына моцна пакахаў жанчыну па імені Брыгіда. Свае пачуцці ён вырашыў выказаць незвычайным падарункам — пабудаваў капліцу-пахавальню для яе. Паколькі на тэрыторыі касцёла хавалі духоўных і свецкіх асоб, якія ўнеслі значны ўклад у яго развіццё ці будаўніцтва, можна меркаваць, што чалавек гэты хутчэй за ўсё быў мецэнатам.

Да нашых дзён захавалася шыльда з надпісам, што была змешчана на пабудове. Некаторыя словы “праглынуў” час, але агульны сэнс зразумелы: тут знайшла апошні прытулак вяльможная пані Брыгіда Шукевіч з роду Пеніцкіх, жыхарка Слоніма, памерлая ў 1803 годзе. Дзе насамрэч пахавана жанчына, невядома.

У народзе бытуе іншая назва капліцы — “трупярня”. Ксёндз Юрый мяркуе, што ў свой час перад пахаваннем памерлага прыносілі сюды на ноч. Настаяцель плануе аднавіць яе, каб людзі маглі вольна зайсці туды, паставіць свечку і памаліцца.

Старадаўні арган

1C9A4467.JPG

Такіх музычных інструментаў, як у тракельскім касцёле, толькі тры ў Беларусі, засведчыў святар. На ім выбіта кляймо варшаўскай фабрыкі “z Fabryki I”. Пабудаваны арган Ігнаціем Жаброўскім у1867 годзе. У Тракелі прыбыў ужо не новым. Арган мае сваю адметнасць: адзіная ў Беларусі барочная расфарбоўка клавіш, нізкае размяшчэнне кафедры, спецыфічная пабудова асобных рэгістраў і інш.

Брыліянт касцёла

1C9A4492.JPG

Гэта, канешне ж, абраз рымскай іканаграфіі Маці Божай Тракельскай. Знаходзіцца ён за галоўным алтаром, выкананым з дрэва ў стылі неабарока. Паміж святымі службамі засланяецца абразом святога Ізыдора.

1C9A4509.JPG

Згодна з паданнем, знакаміты абраз Дзевы Марыі намаляваны ў канцы ХVІ ст., прывезены ў 1595 годзе з Вільні езуітамі і падараваны тракельскаму прыходу. Ён — адзін з самых высокамастацкіх спісаў Маці Божай Снежнай у Беларусі. Стварыў яго невядомы мастак.

1C9A4490.JPG

У XVIII ст., некаторыя крыніцы падаюць 1738 год, па заказу тых жа езуітаў абраз Маці Божай з Дзіцяткам быў дапоўнены выявай святога Казіміра — заступніка земляў Вялікага Княства Літоўскага.

— У іканапісе звычайна побач з Дзевай Марыяй і Ісусам няма выяў святых. Казіміра Ягелончыка можна лічыць выключэннем, — разважае настаяцель касцёла. — Па легендзе, яго шлях у Вільню пралягаў праз нашы вёскі. Да таго ж, падчас войнаў пажары ў Тракелях знішчылі першыя два будынкі касцёла. Вось і было вырашана зрабіць яго апекуном нашай зямлі, абаронцам яе жыхароў.

Ні ў адным з вышэй згаданых пажарах абраз Маці Божай дзіўным чынам не загінуў. У хроніцы прыхода было зазначана, што сляпы чалавек, які знайшоў яго на папялішчы, стаў бачыць.

Папулярнасць культа Дзевы Марыі сярод мясцовых жыхароў з года ў год пашыралася, з тых часоў занатоўваюцца новыя і новыя сведчанні аб яе цудах.

У 1782 годзе ў знак падзякі за шматлікія цуды на абраз былі накладзены воты —металічныя пасярэбраныя сукенкі і кароны. У 1994г. біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч надаў касцёлу ў Тракелях статус Марыйнага дыяцэзіяльнага санктуарыя. Праз пятнаццаць год — летам 2009 года — адбылася каранацыя абраза. Папскія кароны на яго ўсклаў кардынал Казімір Свёнтак.

Сваё свята Маці Божая Тракельская адзначае 2 ліпеня, а шматлікіх вернікаў штогод збірае ў другую нядзелю ліпеня.

1C9A4486.JPG

1C9A4499.JPG

Сёння пакланіцца Маці Божай Тракельскай і папрасіць у яе абароны ідуць тысячы паломнікаў. Летам 2009 года адбылася каранацыя абраза — папскія кароны на яе ўсклаў кардынал Казімір Свёнтак.

https://youtu.be/QkEqy3XLU0M

Паклонны турызм

— Марыя павінна мець свой кавалак зямлі, каб яе дзеці маглі любавацца яго прыгажосцю, адпачываць пры ёй, — тлумачыць вялікую ўвагу да добраўпарадкавання тэрыторыі настаяцель прыхода. — Сённяшняму пелігрыму, турысту, акрамя духоўнага падсілкавання, патрэбна прыга-жосць. А добры гаспадар робіць яе не толькі ў доме, але і вакол яго. Я працягваю справу ксяндза Міхала Шалкевіча, які ў 1920-х гадах выкапаў два першыя вадаёмы на касцельнай тэрыторыі — тут білі крыніцы. Сёння добраўпарадкаваны ўжо шэсць сажалак. Пад адкрытым небам з’явіліся Марыйны сад, дарога крыжовая, алея апосталаў...

Бываючы ў знакавых месцах, людзі імкнуцца ўзяць штосьці з сабою на памяць. З Тракеляў яны могуць вярнуцца з асвечанай вадой, якую можна набраць у капліцы святога Казіміра. Але трэба памятаць: яна будзе лекамі толькі тады, калі ёсць вера.

1C9A4032.JPG

1C9A8124.JPG

1C9A8125.JPG

1C9A8127.JPG

1C9A8100.JPG

1C9A8108.JPG

https://youtu.be/h7XSE2yT8pM

У кс. Юрыя шмат задумак. Ён прыкладвае ўсе намаганні аб развіцці экскурсійнай дзейнасці. Пры падтрымцы мясцовай улады экскурсаводы з усёй краіны ўжо не раз знаёміліся з мясцовымі славутасцямі. Лагічна, што пачынацца экскурсія будзе ў Дворышчах, адкуль езуіты і прыбылі ў Тракелі.

— Наша задача — развіваць культ Маці Божай Тракельскай. Продкі праз гады яго захавалі і перадалі нам. І грош цана будзе нам, нашчадкам, калі не зберажом яго, не пашырым. А ў Год міру і стварэння мы павінны яшчэ больш развіваць духоўнасць як у сем’ях, так і краіне.

1C9A4031.JPG

1C9A4221.JPG

1C9A8667.JPG

Разам з прыхаджанамі і неабыякавымі людзьмі робім усё магчымае для таго, каб назва Тракеляў як мага часцей гучала як у вобласці, так і па-за яе межамі. Будзе славутай наша святыня — будзе развівацца ў нас паклонны турызм, — падсумаваў святар.

DJI_0016.JPG

DSCN9675.JPG

1C9A8629.JPG

1C9A6978.JPG

1C9A8277.JPG

https://youtu.be/vtIYWc1Aczo

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА і Сяргея ГРЫЧЫКА.

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыяла ксяндзу-каноніку Юрыю Бяганскаму і настаўніцы гісторыі Тракельскай БШ Вользе Разук.