На Воранаўшчыне прайшоў Тыдзень культуры
У панядзелак урачыстае адкрыццё адбылося ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Удзел у ім прыняў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Карповіч. Ён падкрэсліў важнасць культуры ў развіцці асобы, захаванні духоўных каштоўнасцей і гістарычнай спадчыны, традыцый, каларыту Воранаўшчыны.
Як зазначыла вядучая Святлана Салмановіч, воранаўская зямля захавала мноства маўклівых сведкаў гістарычных падзей. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён амаль некранутымі, ад іншых засталіся толькі асобныя элементы. Гісторыка-культурная спадчына раёна мае сваю непаўторнасць, свае асаблівыя рысы і з’яўляецца прадметам нашага гонару. Гледачу былі прадстаўлены народныя тварэнні душы і рук. Сярод іх — тое, што аднесена да нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такі статус у 2018 годзе атрымалі традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых узорных посцілак і дываноў у аграгарадку Пагародна. У мінулым годзе яшчэ тры элементы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці папоўнілі скарбонку Воранаўшчыны. Гэта мастацтва выцінанкі, практыкі саломапляцення і стравы з таркаванай бульбы. Першы дзень Тыдня культуры запомніўся яго ўдзельнікам непасрэдна майстар-класамі, а таксама смакам нацкіх дзеруноў.
Паказаць свае шэдэўры ў першы дзень Тыдня вырашылі мастак і майстар разьбы па дрэве Дзмітрый Лялько, майстрыцы Галіна Мялько, Раіса Маскалёва, Валянціна Межва, Ларыса Самошкіна, майстры ганчарных спраў Німатула і Наталля Шарыпавы і іншыя.
Воранаўшчына ганарыцца сваёй багатай фальклорнай спадчынай. Цікавы песенны рэпертуар прапанавалі народны хор ветэранаў працы “Землякі”, вакалісткі аматарскага калектыву Нацкага цэнтра культуры “Спадчына” — сёстры Марыя Мікелевіч і Уладзіслава Міклюкевіч, самая маленькая ўдзельніца імпрэзы з фальклорна-абрадавага калектыву “Адраджэнне” Жырмунскага цэнтра культуры Анастасія Нявера, пераемніца гурта “Падзітвяначка” Больцішскага цэнтра культуры Ганна Нядзелька. Гучна, каларытна, запамінальна… Самабытныя этна-культурныя традыцыі былі прадстаўлены ў кніжных выставах і стылізаваным пад вясковую хату пакоі, дзе кожная рэч, безумоўна, мае сваё месца і значэнне.
Як паведаміла дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Камінская, працягам тыдневай культурнай праграмы сталі сацыякультурны праект “Кола народных традыцый”, рэканструкцыі абрадаў, марафон побытавых танцаў, дэгустацыі, экскурсіі, гутаркі…
Артысту патрэбен глядач
На заканчэнне Тыдня культуры ў Воранаве адбылося свята фальклору “Культура i звычаi роднага краю”. Нажаль, на летняй эстрадзе сабралася нямнога гледачоў. Магчыма, у гэтым вінаваты няўдала выбраны час мерапрыемства або слабы эфект выйшаў ад “сарафаннага радыё” на гэты раз. Ці, можа, патрэбна развіваць моладзевыя накірункі? Не змаглі зацікавіць ні музыка, ні дзейства, якое адбывалася ля летняй сцэны, і дзятву, якая бавіла свой час на забаўляльных пляцоўках у парку. І толькі калі гадзіннік паказаў час традыцыйнага нядзельнага канцэрта — 18.00 — людзі пачалі падыходзіць. Але ж цікавыя гістарычныя звесткі побыту нашых продкаў, паказаныя даўнейшыя гульні і танцы не дайшлі да гледача. Шкада, вельмі шкада.
Творчы фэст у нядзелю завяршыўся выступленнем народнага ансамбля народнай музыкi “Лявоны” і народнага ансамбля народнай песнi “Заранiца”.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота аўтара
і Алега БЕЛЬСКАГА.