“Гісторыя ў вежах спачывае”: БЕНЯКОНСКАЯ святыня

История 11 сентября 23 2975
“Гісторыя ў вежах спачывае”: БЕНЯКОНСКАЯ святыня

DJI_0003.JPG

Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях — месца прыцягнення шматлікіх турыстаў. Як сведчыць настаяцель храма Станіслаў Лабан, які стаў нашым правадніком у мінулае свайго прыхода, у тыдзень ён можа пряняць па тры экскурсіі. Едуць сюды адусюль: як з розных куткоў Беларусі, так і з далёкага замежжа. Сюды імкнуцца не толькі палюбавацца помнікам эклектычнай архітэктуры з рысамі неабарока і неакласіцызму. Першыя крокі турыстаў скіраваны да могілак, якія звыкла ёсць ля кожнага касцёла. Ды ў Беняконях яны адметныя. Тут, ля старажытных муроў касцёла, пахавана вядомая на ўвесь свет асоба, імя якой услаўлена Адамам Міцкевічам і авеена мясцовымі легендамі. Гэта Марыля Верашчака, ці графіня Путкамер.

1C9A8988.JPG

Кропка прыцягнення турыстаў

Мы не сталі выключэннем. Знаёмства з гісторый святыні пачалі ад месца захавання графіні. Прыемна адзначылі, што яно добраўпарадкавана. І тут прыгадалася размова з даўняй знаёмай, настаўніцай Воранаўскай школы Ліліяй Гойда, малая радзіма якой — Беняконі.

— У нашай вёсцы існуе традыцыя — даглядаць магілу Марылі Верашчакі. Разам з мамай у дзяцінстве і я насіла туды кветкі, — узгадвае Лілія Васільеўна. — Сталыя жанчыны, асабліва з Посальчы, Малой Посальчы, Бражэльцаў, узгадвалі, што графіня была вельмі добрай жанчынай. Калі беднай дзяўчыне і не было, як кажуць, за што рукі зачапіць, Марыля абавязкова ёй дапамагала, нават сваё адзенне аддавала. Вось і ўдзячны былі ёй людзі.

Як і ўсе заможныя, графіня Путкамер была фундатарам. Не дзіўна, што апошняе месца яе спачынку — ля касцёла. Дарэчы, ксёндз Станіслаў расказаў цікавы факт. У часы жыцця Марылі (1799-1863гг.), калі ў багатай сям’і нараджалася дзяўчынка, яна адразу залічвалася каталічкай, а хлопец станавіўся пратэстантам. Гэта тлумачыць той факт, што муж графіні Ваўжынец не пахаваны побач з ёю — пратэстанцкія могілкі знаходзіліся ля Вільнюса.

1C9A8993.JPG

Крокі ў мінулае

Драўляны касцёл у Беняконях быў пабудаваны амаль чатыры стагоддзі таму назад. Як рассказаў ксёндз Станіслаў Лабан, след яго і сёння ёсць на тэрыторыі сучаснай святыні — пры добраўпарадкаванні тут не раз знаходзілі рэшткі цэглы.

Касцёл пад тытулам Святога Яна Хрысціцеля быў заснаваны па фундацыі тагачаснага ўладальніка вёскі графа Яна Сымонавіча Чаплінскага 16 жніўня 1634 года. Адначасова граф перадаў касцёлу фальварак Хадкішкі і вёску Перагані для ўтрымання там шпіталя на шаснаццаць чалавек. У 1638 годзе зафундаваў яшчэ і прыхадскі шпіталь.

1C9A8984.JPG

У пачатку ХХ стагоддзя ў Беняконях вырашылі пабудаваць новы каменны велічны касцёл. Святыню пачалі ўзводзіць па ініцыятыве ксяндза-настаяцеля Тадэвуша Загорскага, што занатавана на мемарыяльнай дошцы, у 1900 годзе практычна на гістарычным месцы. Будавалася яна шэсць год. Сённяшні яе настаяцель лічыць, што фундатара ў гэтага храма няма. Акрамя спецыяльна нанятых майстроў, працавалі тут мясцовыя вернікі. Справа ў тым, што за касцёльныя паслугі, напрыклад, шлюб, хрост, святар назначаў людзям адпрацаваць некалькі дзён пры храме. У той час беняконскі прыход меў шаснаццаць гектараў зямлі, дзе сеялі збожжа, а пасля прадавалі. Так што грошы на ўтрыманне святыні былі.

Цікава тое, што ў 1925 годзе Беняконі былі цэнтрам дэканата Віленскай архідыяцэзіі. Да Другой сусветнай вайны Беняконскі дэканат складаўся з 11 прыходаў — Беняконі, Воранава, Асава, Германішкі і Канвелішкі, а таксама Геранёны (сёння — Іўеўскі дэканат), Бутрыманцы, Вялікія Салечнікі, Малыя Салечнікі, Падбор’е і Дзевянішкі (тэрыторыя Літвы). Колькасць вернікаў у той час перавышала 6 500 чалавек.

Пры савецкай уладзе касцёл у Беняконях быў зачынены. У будынку быў склад для паліва, куды заязджалі трактарамі. У плябаніі спачатку размяшчаўся дзіцячы дом, затым — школа-інтэрнат, псіхіятрычны шпіталь. Як раз для патрэб бальніцы была аддадзена захрыстыя. Дарэчы, святары некаторы час жылі ў двух памяшканнях у храме, уваход у якія быў на хорах. Захаваліся яны і сёння.

1C9A8985.JPG

10 снежня 1988 года — сакральная дата для ўсіх вернікаў беняконскага прыхода — яны атрымалі ключы ад касцёла. Рэстаўрацыя храма распачалася адразу. Літаральна праз пару дзён адбылося першае набажэнства.

На жаль, у касцёл не вярнуліся яго былыя рэліквіі — абразы і рэчы для богаслужэння. Толькі хтосьці з веруючых захаваў і перадаў у храм крыж з манстрацыяй (на здымку). Апошнюю выстаўляюць для пакланення ў святы. Сімвалічна на ёй змешчаны фігуркі анёлаў, якія трымаюць у руках прадметы, звязаныя з мукаю Хрыста: лесвіцу, цвікі, вяроўку, кап’ё і другое.

Пад аховай Яна Хрысціцеля

1C9A9015.JPG

1C9A9020.JPG
1C9A9026.JPG

Самы час заглянуць у касцёл. Пераступаеш парог святыні — і замірае сэрца. Настолькі велічная пабудова! Яго інтэр’ер асветлены двума ярусамі вокнаў. Ён упрыгожаны мастаком К. Квяткоўскім у стылі неаракако —арнаментальнай ляпнінай, картушамі, размалёўкай. Выкарыстаны цікавы прыём асвятлення верхняга яруса галоўнага алтара, які прысвечаны патрону касцёла Яну Хрысціцелю, шэрагам круглых вокнаў-люнетаў у конхавым скляпенні.

1C9A9029.JPG

Незвычайны ў сваім выкананні амбон. Яго “трымае” на крылах арол.

— Раней, да рэформы другога Ватыканскага сабора, святую імшу ксёндз праводзіў на другім алтары і стаяў спінай да вернікаў. Зразумела, што падчас пропаведзяў яго людзі проста не пачулі б, — расказаў ксёндз Станіслаў Лабан. — Для амбона выбіралася месца, дзе было самае гучнае рэха. І адтуль святар тлумачыў людзям Евангелле, як трэба жыць паводле хрысціянскіх запаведзяў.

У нашым касцёле арла пад амбонай змясцілі невыпадкова. Справа ў тым, што кожны евангеліст меў свой сімвал. У Яна сімвалам як раз і была гэтая птушка. Чаму? Яго чацвёртае Евангелле самае складанае для ўспрымання, больш узвышанае, як арол, што лунае ў паднябессі.

1C9A9033.JPG

Калі надышоў час развітвацца, святар прапанаваў апошнюю невялічкую экскурсію ў захрыстыю. У яе можна прайсці з левага боку ў касцёле праз арку. Зробіш пачэсны паўкруг — і аказваешся на тым самым месцы. Такога арыгінальнага вырашэння больш нідзе не знойдзеш у касцёлах Воранаўскага раёна.

1C9A9060.JPG

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.