Новае месца для малітвы

Духовность 04 декабря 19 1472
1

Радунскі дэканат папоўніўся яшчэ адной святыняй — капліцай Маці Божай Ружанцовай у аг. Дворышча Лідскага раёна. Зрабіць святыню прыгоднай для малітвы і весці ў ёй імшы даручана настаяцелю тракельскай парафіі, ксяндзу Юрыю Бяганскаму.

IMG_8723

Гэта невыпадкова. Аграгарадок адносіцца да дадзенай парафіі. Знаходзіцца ён усяго ў 5 кіламетрах ад Тракеляў. Разам з кс. Юрыем накіраваліся туды. Спыніліся ў пачатку Дворышч, ля фігуры Сэрца Ісуса Хрыста. Яна разам з невялічкім могільнікам абнесены нізенькім мурам.

IMG_8725

— Тут двойчы будавалі касцёлы. І двойчы яны былі разбураны падчас войн, — паведаміў, падаспеўшы да нас выхадзец з аграгарадка, памочнік у аднаўленні капліцы Валянцін Капачэль. — У 1990-х мясцовы калгас вырашыў пабудаваць святыню ўжо ў другім месцы. Яе узвялі, аднак гады перастройкі далі пра сябе ведаць: не былі закончаны ўнутраныя работы. Давайце паглядзім нашу каплічку, — запрасіў ён.

 Скажу шчыра, храм мяне вельмі ўразіў звонку. Элементы будоўлі з цэглы перамяжоўваліся з грубай кладкай з каменю, як у даўнія часы. На гэтым маё здзіўленне не скончылася. Будынак аказаўся не настолькі вялікім па размеры, як выглядаў пры ўваходзе, але выцягнутым увысь.

IMG_8734 IMG_8736

— Ён можа змясціць вернікаў Дворышч, — бачачы маё здзіўленне, запэўніў ксёндз Юрый і дадаў: — Калі глядзець на капліцу зверху, яна напамінае карабель. Гэта сімволіка выкарыстана дарэчы: апосталы былі рыбакамі, а таксама “лавілі” чалавечыя душы. Звярніце ўвагу: у алтарнай часцы вокны выкананы ў выглядзе вока Бога як напамінанне, што Ён нас бачыць і заўжды з намі.

Унутры святыні працы яшчэ шмат. Зараз там штукатураць сцены. Трэба прывесці ў належны выгляд хоры, паклапаціцца і пра званіцу. Да таго ж, цячэ дах.

— Упэўнены, што з Божай дапамогай прывядзем у належны выгляд нашу капліцу, — сказаў настаяцель, — і ў ёй загучыць малітва. Буду ўдзячны тым, хто дапаможа ў годнай справе, можа, матэрыяльна, сумеснай працай.

Марына Кандратовіч

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*