Аптыміст, нястомны працаўнік і апантаны творца



Кніга Славы Гродзенскай вобласці заснавана ў 2004 годзе. На сённяшні дзень у яе занесены імёны 66 славутых людзей Гродзеншчыны. У 2009 годзе такой пашаны быў удастоены і старшыня СВК “Доцішкі” Г.Ф. Казлоўскі.
Прыемная нагода сустрэцца з настаўнікам Воранаўскай школы мастацтваў, Заслужаным работнікам культуры Беларусі, мастацкім кіраўніком народнага ансамбля “Лявоны”, членам Воранаўскага раённага савета старэйшын  Вячаславам Мацкевічам выдалася пасля таго, як рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта ад 1 ліпеня 2010 года за значны асабісты ўклад у працу па захаванню культурнай спадчыны, развіццё мастацкай самадзейнасці і высокі прафесіяналізм яго імя было занесена ў Кнігу Славы  Гродзенскай вобласці. 
— Вячаслаў Канстанцінавіч, шчыра віншую з новай узнагародай! Як ацэньваеце гэтую падзею? Якія пачуцці яна выклікала ў Вас?
— Што я адчуваю?.. Ужо столькі было ўзнагарод за гэтыя гады, што, здаецца, і хопіць... Перад хлопцамі-“лявонамі” адчуваю сябе крыху няёмка, бо гэта і іх заслуга. Але калі такое здарылася, то здарылася... Я шчаслівы, што многа гадоў аддаў школе, сферы культуры. Люблю сваю прафесію, рады, што і сёння яшчэ ў страі, задаволены, што дзяржава высока ацаніла маю працу. Было вельмі прыемна 2 ліпеня на ўрачыстым сходзе ў Гродне атрымаць з рук губернатара вобласці Сямёна Шапіры Пасведчанне аб занясенні ў Кнігу Славы, парадаваў і каштоўны падарунак — мініяцюрны тэлевізар “Гарызонт”.  А на святочным канцэрце да Дня Незалежнасці было радасна чуць цёплыя апладысменты гледачоў у адрас “Лявонаў”.
— Хтосьці можа падумаць, што Ваша працоўная, творчая дзейнасць толькі і суправаджаецца ўзнагародамі ды апладысментамі?
— Каб жа... Мой лёс склаўся так, што прыйшлося шмат працаваць над сабой, сваімі прафесіянальнымі здольнасцямі. Пасля заканчэння Гродзенскага музычна-педагагічнага вучылішча працаваў у Забалацкай школе — заўважылі, ацанілі поспехі. Але з пераходам на працу ў Воранава, у Дом культуры, адчуў неабходнасць самаўдасканальвання і акончыў Ленінградскі інстытут культуры. А з прызначэннем на пасаду дырэктара музычнай школы, каб ніхто не мог папракнуць мяне ў адсутнасці музычнай адукацыі, акончыў яшчэ і Маладзечанскае музычнае вучылішча па класу баяна. Так што найперш была праца, а ўжо потым — і апладысменты.
— Харавік, работнік культуры, баяніст, настаўнік музыкі, вакаліст, трубач  духавога аркестра, фалькларыст... Ну проста багацейшая творчая шматграннасць... А што з усяго гэтага, Вячаслаў Канстанцінавіч, Вам удалося рэалізаваць найбольш паспяхова?
— Люблю сваю працу ва ўсіх яе праяўленнях, не магу быць абыякавым да таго, што раблю. Вось і  ў 1982 годзе, хіба лёс так прадыктаваў, падабраліся добрыя, жвавыя хлопцы — і ўтварыўся фальклорны ансамбль “Лявоны”. Нас аб’ядноўвае любоў да народнай песні і музыкі, ніхто з хлопцаў, дзякуй Богу, пакуль што не збіраецца пакідаць ансабль. Наша творчасць падабаецца людзям, нас запрашаюць на розныя святы.  Нядаўна мы паспяхова выступілі ў пасёлку  Даўгай  Алітускага раёна Літоўскай Рэспублікі, у Гродне, на днях будзем спяваць у Астрыно.  Прапануюць нам паездкі і ў далёкае замежжа, але ж, самі ведаеце, патрэбны немалыя фінансавыя сродкі.
— А на “Славянскі базар” у Віцебск не запрашалі?
— Не, можа мы  пастарэлі?
— Старэем фізічна ўсе мы, а вось быць маладым душой?..
— Скажу так: наш ансамбль — гэта ад 23 да 65, так што мяркуйце самі,  колькі нам гадоў на ўсіх...
— Ды  маладыя вы яшчэ, хаця па сцэнічных мерках ансамбль ужо ветэран — 28 год, а гэта ўзрост творчай мудрасці, усведамлення сэнсу чалавечага жыцця. Калі паразважаць, то як трэба жыць?
— Я аптыміст па жыцці і ўпэўнены, што калі з дабрынёй, аптымістычна глядзіш на жыццё, то і жыць лягчэй. Бо жыццё, па сутнасці, — гэта бумеранг: закінеш дабро, то дабро і да цябе павернецца, а закінеш зло, то і атрымаеш яго ў адказ. Я веруючы чалавек, кожны свой пражыты дзень, свае паводзіны і ўчынкі аналізую з Богам. І ў мяне ўсё атрымоўваецца.
— Творчасць патрабуе шмат духоўных і фізічных сіл, дзе бераце энергію, як адпачываеце?
— Ёсць у мяне, як я называю,  “мой райскі куточак” — дача, дзе і домік, і сад, і агарод. Там і адпачываю, працую на радасць. Навокал лясочак. Калі прыедзеш раніцай, салаўі ды ўсялякія пташачкі спяваюць, а яшчэ зязюлькі гадочкі лічаць...
— А я, прызнаюся, ніколі не прашу зязюлю падлічваць мне гадочкі, баюся ці што...
— А, браточак ты мой, то і я ж не прашу, а яна ўсё кукуе ды кукуе, доўга-доўга.
— Хай сабе кукуе штогод і як мага даўжэй на радасць сабе  і нам, людзям. Дзякуй, Вячаслаў Канстанцінавіч, што знайшлі час пагутарыць. Жыццёвага і творчага Вам даўгалецця!
— Я  таксама хачу  пажадаць усім здароўя, каб жылі ў міры, каб не было ніякай бяды на нашай воранаўскай зямлі і на Беларусі, каб ва ўсім свеце быў спакой.
Вёў размову Вікенцій Яковіч.
На здымку: В. Мацкевіч — яблыкі спеюць
духмяныя і смачныя!
Комментарии
metaGModell
Трогательно)
Добавление комментария
CAPTCHA
*