Твораць для самых маленькiх

Актуально 10 февраля 15 1566
Ці лёгка быць дзіцячым пісьменнікам? Напэўна, не зусім… Трэба тонка разумець псіхалогію дзіцяці, старацца прадбачыць, што хвалюе самага юнага чытача. Да таго ж неабходна памятаць: маленькі чалавечак, які спасцігае ісціны свету, не можа дараваць ашуканства. Таму з упэўненасцю можна зазначыць: дзіцячымі пісьменнікамі нараджаюцца, а не становяцца. Адной з такіх творцаў і з’яўляецца Ганна Скаржынская-Савіцкая, якой нядаўна была прысуджана прэмія імя Аляксандра Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”.
Ганна Іосіфаўна — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Нарадзілася на Шчучыншчыне ў мнагадзетнай сям’і. Скончыла Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, працавала на Гродзенскім заводзе аўтаагрэгатаў. Друкавалася ў дзіцячых часопісах,  у газетах “Гродзенская праўда”, “Перспектыва”, “Вячэрні Гродна”, “Дзянніца”. Яе казкі і апавяданні гучалі на беларускім рэспубліканскім радыё. Выдала кнігі для дзяцей “Вечарынка” (Гродна, 2008г.), “Расінка і Сонечны зайчык” (Гродна, 2010г.), “Приключения хомячка Тошки” (Гродна, 2010г.). Жыве і працуе ў г. Гродна.

У інтэрв’ю, якое пісьменніца дала “Гродзенскай праўдзе”, на пытанне, з якімі здабыткамі будзе сустракаць свята Дзень беларускага пісьменства, што адбудзецца ў верасні на Гродзеншчыне, Ганна Іосіфаўна зазначыла:

— Мне ўдвая прыемна, што свята адбудзецца ў Шчучыне, бо гэта мясціны, дзе я нарадзілася і вырасла. З задавальненнем буду прадстаўляць сваю кнігу “Кветка малой радзімы”, якая літаральна гэтымі днямі пабачыла свет. У аснове кнігі — тлумачэнне 50 беларускіх прыказак і прымавак. А некаторыя творы раздзела “На далонях Бацькаўшчыны” прысвечаны мясцінам Шчучынскага раёна, з якімі былі звязаны маё дзяцінства і школьныя гады.

Дарэчы, маленькія чытачы могуць пазнаёміцца з творчасцю Ганны Скаржынскай-Савіцкай у Воранаўскай раённай дзіцячай бібліятэцы. Там ёсць дзве кнігі пісьменніцы: “Надзейка-чарадзейка” і “Прыгоды хамячка Тошкі”.

Марына КАНДРАТОВІЧ.
Добавление комментария
CAPTCHA
*