Табой ганаруся, мая Беларусь!

Актуально 07 июля 15 1756
Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначаецца адначасова з Днём вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэта глыбока сімвалічна. Дзякуючы той вялікай перамозе сёння мы маем усе умовы для дынамічнага развіцця. Свой уклад у дасягненні краіны ўносіць і наша Воранаўшчына. Яе людзі плённай і добрасумленнай працай у розных сферах дзейнасці спрыяюць паспяховаму сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна. Шаснаццаць працаўнікоў, тры калектывы і шматдзетная сям’я рашэннем райвыканкама занесены на раённую Дошку Гонару. Святкаванне 3 ліпеня Дня Незалежнасці яны пачалі з урачыстага прыёму ў кіраўніка Воранаўскага раёна М.А. Розума.

Ля Вечнага агню


Урачысты мітынг, прысвечаны Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 71-й гадавіне вызванення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сабраў ля брацкай магілы ў цэнтры Воранава кіраўніцтва раёна, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, ваеннаслужачых, моладзь, шматлікіх гасцей. Ля Вечнага агню ў ганаровай варце спыніліся нашчадкі тых, хто здзейсніў гераічны подзвіг, завяшчаў нам жыць у міры і згодзе.

— Сёння мы адзначаем адну з найвялікшых дат у гісторыі нашай дзяржавы. Свята Незалежнасці аб’ядноўвае тых, хто захоўвае гісторыю сваёй Айчыны і верыць у яе будучыню, — адзначыў у сваім выступленні старшыня Воранаўскага райвыканкама Мікалай Розум. — Любоў да роднага краю робіць нас больш моцнымі, мудрымі, згуртаванымі, здольнымі на здзяйсненні.

Словы падзякі кіраўнік раёна адрасаваў ветэранам за іх мужнасць і стойкасць у часы ваеннага ліхалецця, землякам — за плённую працу на карысць раёна, моладзі — за ўпэўнены рух наперад.

Ад імя ветэранаў вайны і працы да прысутных звярнуўся Вацлаў Пяцюль, намеснік старшыні Воранаўскага раённага савета ветэранаў. Ён узгадаў імёны Ганаровых грамадзян раёна, чые заслугі на баявым і працоўным франтах прызнаны і высока ацэнены нашай дзяржавай і з якімі Воранаўшчына развіталася ў гэтым годзе, — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны М.Я. Луцэнкі і заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Ф.І. Казлоўскага. Выступоўца выказаў надзею, што непарыўная памяць пакаленняў захаваецца, а нашчадкі зробяць усё магчымае, каб наша маладая дзяржава і надалей была незалежнай, эканамічна моцнай, а грамадзяне — забяспечанымі і шчаслівымі.

Змястоўным  і яскравым было выступленне члена пярвічнай арганізацыі Доцішскай СШ Анжалікі Вельб.

Затым паплыла цішыня — Хвіліна маўчання. Стрэлы воінскага салюту віталі памяць і бессмяротнасць. Удзельнікі мітынгу ўсклалі вянкі і кветкі да помніка ў гонар усіх загінуўшых. Семдзесят другая гадавіна вызвалення Беларусі пачала свой адлік.

Долю шчаслівую песняй праслаўлялі


Падчас галоўнага ў краіне свята як не шанаваць песняй Бацькаўшчыну, як не адрасаваць шчырыя, поўныя ўдзячнасці словы працаўнікам сваёй зямлі. На пляцоўцы, якая размясцілася на гарадскім стадыёне, ушаноўвалі тых, хто аддана і рупліва працаваў, хто сёлета ўнёс найбольшы ўклад у развіццё Воранаўшчыны. Старшыня райвыканкама Мікалай Розум уручыў ім пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку Гонару. Цёпла сустракалі гледачы члена прэзідыума райсавета ветэранаў Дзмітрыя Даўшко. Па рашэнні рэспубліканскага савета ветэранаў Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў яму прысвоена званне “Ганаровы ветэран”.

Заслужаныя ўзнагароды ўручаны, ушанаваны лепшыя нашы землякі... Прыйшоў час і павесяліцца. Песняй прыгажосць роднага краю, адкрытасць і дабрасардэчнасць беларусаў уславілі вакальная група “Вясёлка”, хор “Землякі”, Л. Бярцэвіч, А. Івуць, Ю. Ганевіч, народны ансамбль народнай песні “Зараніца”. Малітва за Беларусь прагучала з вуснаў спевака А. Лаўрыновіча. Горача было ад апладысментаў, калі на сцэну выйшаў народны ансамбль народнай музыкі “Лявоны”. Роў матораў парушыў песенную ідылію. Прадстаўнікі мотаклуба і раённай моладзевай арганізацыі “БРСМ” унеслі ў мерапрыемства імклівы струмень маладосці і бурлівасці жыцця. Напэўна, не ў аднаго з гледачоў на вачах заблішчалі слёзы радасці і гонару за Бацькаўшчыну, калі ўрачыста маладыя людзі вынеслі Дзяржаўны сцяг. Сімвалу краіны ўсе апладыравалі стоячы.

Вяселая нотка народнай творчасці “скрала” лірычны настрой. Смяяліся ад душы слухачы над байкай С. Вараноўскай. У танцы закружылі кадрыль і полька-фокс, падараваныя Ул. Буклярэвічам, А. Ткачуком і П. Казлоўскім. Знаёмыя, чыстыя, душэўныя народныя песні на розных мовах разам з выканаўцамі — вакальнымі групамі “Ярыца”, “Крыніца” і “Рэчанька”, Л. Комінч, Л. Варонінай, Ул. Казлоўскім, А. Андрыш, А. Ёдка, М. Бялко, Т. Адамовіч, канвелішскімі “Штукарамі” — спявалі ўсе.

У такія хвіліны, напэўна, кожны можа адказаць на адвечнае, рытарычнае пытанне: “З чаго пачынаецца Радзіма?”. Яна пачынаецца з такіх вось момантаў, калі плыве ў блакіт  нябёсаў чырвона-зялёнае палотнішча сцяга Радзімы, калі мы спяваем, калі нашы дзеці  бачаць, як мы шануем старасць. Песні, якія гучалі ў выкананні юных артыстаў Воранаўшчыны  падчас канцэртнай праграмы “Моманты шчаслівага дзяцінства”, былі прасякнуты любоўю,  цеплынёй і ўдзячнасцю за мірнае дзяцінства. Свае нумары гледачам падаравалі ўзорны вакальны калектыў “Юнацтва” Радунскай ДШМ, Я. Герасімовіч, М. Комар, сяброўкі К. Камыно і А. Адамоніс, а таксама танцавальны калектыў Воранаўскай ДШМ. Сваімі марамі падзялілася Л. Барнатовіч, заклік дарыць часцей усмешкі гучаў ад выканаўцаў М. Місуры, В. Шэшкі, А. Святловіч, а вось Дз. Камінскі прапанаваў праспяваць разам. Пра шчасце “Дзяцей Зямлі” была песня трыа В. Герасімовіч, А. Страчынскай і Е. Юхнюк. Яркімі зорачкамі ззялі са сцэны дзяўчынкі вакальнай групы “Забава”.

У бязмежжы музыкі апынуліся прысутныя падчас наступнай канцэртнай праграмы мясцовых эстрадных выканаўцаў. Запал маладосці ў якасці падарунка слухачы атрымалі ад А. Козар, А. Дзюк, А. Гарбачовай. Пра каханне і сяброўства спявалі А. Куель, А. Мікша, Ю. Конан, К. Калпакова. Лёс, дарогі жыцця ў кожнага чалавека свае — упэўнены А. Марцінкевіч, але, калі мы разам, як сцвярджаў дуэт А. Сцефановіча і В. Павядайкі, нам усё па сілах.

На кірмашы бывалі, забаў шмат прычакалі


Гарадскі парк тым часам жыў сваім насычаным жыццём. Гасцінна ўсіх запрашалі традыцыйныя падворкі. Якая яна, шчаслівая Беларусь? Гэтым сакрэтам падзяліліся Тракельскі і Пераганцаўскі цэнтры культуры і вольнага часу (далей — цэнтр). А ён аказаўся просты: прыветлівыя ўсмешкі, гасціннасць, народныя гульні і стравы. Для адпачываючых працавала беларуская карчма Забалацкага і Гіркаўскага цэнтраў. Якіх толькі зёлак не было на падворку вясковых знахарак ды траўніц з Нацкага культурна-краязнаўчага і Доцішскага цэнтраў! Умеліцы нават наплялі венікаў для бані. “Вечарыну ад душы” правялі Беняконскі і Канвелішскі цэнтры. Доўга не змаўкала на іх падворку звонкая песня, не адны абцасы былі збіты ў танцах. Гумар ды шчыры смех гучалі на вячорках Жырмунскага і Бастунскага цэнтраў. Жартаўніцы ды свавольніцы, не паверыце, “прадавалі” мужа. Кіпеў сапраўдны кірмаш, падрыхтаваны Больцішскім, Місявіцкім, Пагародзенскім, Паляцкішскім цэнтрамі і Курчоўскім сельскім клубам. Было і мёду на выгоду, і рознай хатняй смакаты! На пагародзенскім ды паляцкішскім падворках гаспадыні маглі набыць яшчэ і фартушкі ды прыхватачкі. Самых кемлівых чакала выстава кніг раённай бібліятэкі “Беларусь: ад вызвалення да незалежнасці”. Парадаваў святкуючых шматлікімі карцінамі, вырабамі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры. Цікавымі былі работы выхаванцаў Воранаўскага і Радунскага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Увагу дзетвары доўгі час прыцягвалі супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы МУС. Малыя з задавальненнем па чарзе прымяралі бронежылет, каску, цікава ім было патрымаць у руках спецсродкі. Да таго ж абавязковымі былі здымкі ў гэтай экіпіроўцы і са службовым сабакам. Не міналі гарэзы і атракцыёны, гульнёвыя пляцоўкі, батуты, дружна выпрабоўвалі шчасце ў святочных латарэях.

Найлепшай забавай для мужчынскай паловы адпачываючых былі спартыўныя гульні. За кубак па міні-футболе сярод аматараў змагаліся 8 каманд. У паўфінал змаглі прабіцца гульцы з Воранаўскай ЦРБ, ветстанцыі, СВК “Доцішкі” і каманда юніёраў. На апошнім этапе ў моцнай каманды раённай бальніцы  званне лідара адваявалі прадстаўнікі СВК “Доцішкі”: з лікам 3:2 яны перамаглі. Смельчакоў паспаборнічаць у валейболе, на жаль, было мала, толькі дзве каманды з Воранава і Бастунаў. Кубак пераможца пасля пяці партый апынуўся ў руках воранаўскіх спартсменаў. Спякота напалохала мясцовых асілкаў: ніводны мужчына не захацеў паказаць сваю сілу ў гіравым спорце.

Спявалі гімн разам


Яркай кульмінацыйнай нотай дзённай святочнай праграмы стаў  канцэрт нашых гасцей — “Беларусаў”. Гэтую арт-групу па праву адносяць да аднаго з самых запатрабаваных мужчынскіх калектываў.

— Падчас гастроляў за мяжой мы не раз чулі меркаванне, што ледзь не ўсе беларускія выканаўцы — гэта народныя калектывы ў нацыянальных касцюмах, — кажа стваральнік і нязменны кіраўнік гурта, кампазітар і выканаўца Валерый Шмат. — Таму ідэя нашага калектыву ў тым, каб паказаць сучаснага беларуса — адукаванага еўрапейскага чалавека, дасведчанага, які ведае культуру розных краін і, перш за ўсё, культуру сваёй Радзімы, паважае яе гісторыю і мову.

Музычны напрамак арт-групы — харавое шматгалоссе. Усе творы раскладзены па галасах, як па нотах, бо ў калектыве два тэнары, два барытоны і бас. Эстрадная манера выканання, памножаная на высокі прафесіяналізм, дазваляе з поспехам выконваць і джаз, і класіку, і народную песню, і R & B (рытм-энд-блюз), і папулярную музыку. Вялікую асалоду ад выканання гуртом вядомых песень атрымалі ўсе прысутныя. Напрыканцы “Беларусы” разам з воранаўцамі ўключыліся ў агульнарэспубліканскую акцыю “Праспяваем гімн разам”. Тыя, хто не стаміўся за дзень ад святочных гулянняў, прадоўжылі весяліцца на танцполе.

Прыстойна і прыгожа святкавалі землякі. Але не абышлося без незадаволеных. Многія ўдзельнікі мерапрыемства палічылі, што святкаванне можна было перанесці на больш позні час, калі не так спякотна. Размяшчэнне галоўнай сцэны было на самым сонцапёку і амаль усё святочнае выступленне людзі слухалі за агароджай стадыёна. “Дарослыя стаміліся, не кажучы пра дзяцей, якім увогуле нельга знаходзіцца ў гэты час на вуліцы”, — заўважыла маладая маці.

На свяце пабывалі ВольгаВАРАБ’ЁВА, Марына КАНДРАТОВІЧ, Галіна ШЛЕМПА, Алег БЕЛЬСКІ  (фота).





[gallery link="file"]
Добавление комментария
CAPTCHA
*