Школа: мiнулае i сучаснае

Актуально 26 августа 15 1910


Не адно пакаленне, якое выйшла ў шырокі свет і ступіла на самастойную сцежку жыцця са сценаў Забалацкай школы, з удзячнасцю і добрым словам успамінае Яўгена Навумавіча Карпянкова. Былы настаўнік фізікі і дырэктар школы верай і праўдай служыў трыццаць два гады сваёй навучальнай установе, клапаціўся, каб яго вучні выраслі не проста адукаванымі, але і высокамаральнымі людзьмі, якія не баяцца працы. Аб яго педагагічных заслугах яскрава сведчаць узнагароды: Ганаровае званне “Заслужаны работнік народнай адукацыі Беларускай ССР”, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі “За доблесную працу”, “Ветэран працы”.

Напярэдадні юбілейнага дня нараджэння Яўгена Навумавіча (сёлета 25 жніўня яму споўнілася 85 год) гутарым аб тым, якой была школа мінулага стагоддзя і якой, на яго думку, стала сёння:

— Кожны час патрабуе ад настаўнікаў пэўных намаганняў і дыктуе асаблівы ўклад жыцця. Калі я пачынаў працаваць у Забалацкай школе, то першы выпуск налічваў усяго сем чалавек. І гэта таму, што бацькі не былі зацікаўлены ў навучанні дзяцей, а тыя ў сваю чаргу і не хадзілі ў школу. Даводзілася наведваць вучняў дома, тлумачыць бацькам неабходнасць адукацыі ў жыцці чалавека. Сёння ж кожны разумее, што набытыя веды — гэта своеасаблівая пуцёўка ў будучыню. Так і павінна быць. Паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы нашы, савецкія, вучні няблага — практычна 50%. Цягнуцца да ведаў і сучасныя навучэнцы, ведаю многіх падлеткаў, якія выбралі ВНУ.

У свой час калектыў, якім я кіраваў, шмат увагі ўдзяляў працоўнаму выхаванню. Дзеці наведвалі лагеры працы і адпачынку, завіхаліся ў працоўных брыгадах, што, канешне ж, спрыяла іх выхаванню як асобы. Цяпер большая ўвага аддаецца аздараўленчаму накірунку. Радуе, што не забываюць і пра значнасць працоўнага выхавання — ствараюць своеасаблівыя працоўныя дэсанты. Калі гаварыць пра матэрыяльную базу школы, то, безумоўна, параў-ноўваць яе складана. Узгадваецца мне, калі калгас за добрую працу вучняў падараваў нам тэлевізар. Практычна ўся вёска прыходзіла ў школу, каб пагля-дзець якую-небудзь перадачу. Вось такая тэхнічная навінка была ў наш час. А сучаснага чалавека, вядома, гэтым не здзівіць. На змену кінаапаратуры, якой пазней былі абсталяваны многія класы, прыйшлі камп’ютары. Забалацкая школа камп’ютарызавана на 100%, у класах знаходзіцца неабходная для навучання тэхніка. Прадметныя кабінеты падключаны да лакальнай сеткі інтэрнэт. Гэта, безумоўна, спрыяе аператыўнаму знаходжанню неабходнай інфармацыі і выкарыстанню новых методык у вучэбным працэсе. Сённяшні вучань, граматны камп’ютаршчык, напэўна, па валоданні інфармацыйнымі навінкамі можа даць фору многім дарослым. Таму настаўнікі, якія выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі, яшчэ больш зацікаўліваюць вучняў да вывучэння іх прадмета і дабіваюцца значных вы-нікаў у педагагічнай працы. У школу, дзе мяне не забываюць, заўсёды прыемна зайсці: тут утульна, чыста і па-сучаснаму ўсё абсталявана.

На развітанне Яўген Навумавіч задаў нечаканае пытанне:

— А Вы ведаеце, якая лічба магічная для нашай школы? — убачыўшы маё здзіўленне, падказаў: — 7. У 1937 годзе была пабудавана старая Забалацкая школа, у 1977-м — новая, а ў 2007-м праведзена яе рэканструкцыя.

Слухаю ўважліва былога дырэктара і здзіўляюся: колькі ён захаваў любові да сваёй навучальнай установы. У юбілейны дзень нараджэння ад душы жадаем Яўгену Навумавічу сто год жыцця! І не сумняваемся, што ён будзе запрошаны ў Забалацкі навучальна-педагагічны комплекс яшчэ на многія святы, у аснове якіх будзе магічная для школы сямёрка.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Комментарии
Выпускник Заболотской школы
Поздравляею от души Евгения Наумовича с юбилеем! Всего Вам самого наилучшего и, главное, здоровья!!!!!!!
Добавление комментария
CAPTCHA
*