Свята песні, слова і творцаў. Дзень першы

Актуально 08 сентября 15 1619


Сонечным надвор’ем і мітуснёй вітала шматлікіх гасцей і развітвалася з імі сёлетняя сталіца XXII Дня беларускага пісьменства — Шчучын. На памяць аб свяце гораду засталіся новыя аб’екты, добраўпарадкаваныя будынкі і вуліцы, цікавыя сустрэчы, новыя знаёмствы і проста прыемныя ўспаміны. Усё гэта стала ўкладам у багатую культурна-гістарычную спадчыну Шчучына і дабрабыт гараджан. Запомнілася свята і нам, іх суседзям, каму пашчасціла святкаваць Дзень беларускага пісьменства на шчучынскай зямлі. Найперш тым, што паўсюдна гучала жывое, сакавітае беларускае слова. Сапраўды, гучала... У прывітаннях і выступленнях, у прозе і вершах, у песнях. Было шмат цікавага, вартага вашай увагі, паважаныя чытачы.

У храме кнігі ўвекавечана памяць


Асабліва блізкая жыхарам Шчучыншчыны духоўная спадчына Цёткі — беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі, асветніцы, настаўніцы, рэдактара першага беларускага часопіса для дзяцей і моладзі “Лучынка”,  якая нарадзілася і пахавана тут. Напамін аб славутай зямлячцы — бронзавая скульптура ў парку ля раённага Дома культуры. Імем Цёткі названа і Шчучынская цэнтральная раённая бібліятэка, адкрыццё якой адбылося ў першы дзень свята беларускай пісьменнасці.

5 верасня пасля капітальнага рамонту яна адчыніла свае дзверы перад чытачамі. Раздзялілі радасць гэтай падзеі з жыхарамі шчучынскай зямлі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч, намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Лісковіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец, старшыня Шчучынскага райвыканкама Сяргей Ложачнік.

Раённая бібліятэка — гэта цяпер і буйное кнігасховішча для амаль 40 тысяч экзэмпляраў і больш за 26 тысяч запісаў электроннага каталога, і вядучы інфармацыйны і сацыяльна-культурны цэнтр рэгіёна. У старым будынку 40-ых гадоў пасля рамонту размясціліся асноўныя фонды, абанемент, чытальная зала, цэнтр прававой інфармацыі. Больш за 4 мільярды беларускіх рублёў выкарыстана на гэтыя пераўтварэнні.

Абноўленая бібліятэка ўжо прыняла і першае мерапрыемства. У інфармацыйна-выставачнай зале прайшоў круглы стол “Сугучча: літаратурны працэс і інфармацыйнае грамадства”, у якім прынялі ўдзел каля 30 пісьменнікаў, журналістаў, дзеячаў культуры з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Казахстана і іншых краін.

Непаўторная жывая класіка




У Дзень беларускага пісьменства атрымалі свае дыпломы лепшыя чытальнікі вобласці, сярод якіх была і вучаніца Канвелішскага НПК Эдзіта Аўкштулевіч.

Шчучынскі раённы Дом культуры сабраў 23-ох фіналістаў IV конкурсу літаратурных чытальнікаў “Жывая класіка” з усёй Гродзеншчыны. Праз творы беларускіх класікаў — Ул. Караткевіча, М. Танка, Цёткі, А. Вольскага — рознаўзроставыя ўдзельнікі прадэманстравалі цудоўнае валоданне беларускай мовай, дэкламатарскія здольнасці, артыстызм. То палымяна і кранальна, то жартаўліва і іранічна, але вельмі прыгожа і шчыра гучала беларускае слова ў іх выкананні. На працягу 2-х гадзін таленавітым чытальнікам гучна апладзіравалі больш за 500 слухачоў, а дыпломы і падарункі ўручалі Міністр інфармацыі РБ Лілія Ананіч, старшыня ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Чаргінец, галоўны рэдактар дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся” Уладзімір Ліпскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама Сяргей Каспярчук.

Асветлены Жыватворным агнём




Вечарам на шчучынскую зямлю прыбыў Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй. Непагасную лампаду прынеслі ў горад удзельнікі 22-ой рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыняў”. Яны тры дні ішлі ад галоўнага храма краіны — Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску. Сотні кіламетраў пераадолелі, каб у Дзень беларускага пісьменства трапіць у Шчучын.

Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*