4 верасня - Дзень беларускага пісьменства

Актуально 04 сентября 16 2322


Традыцыйна гэтае свята праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах нашай краіны, непарыўна звязаных з жыццём знакамітых дзеячаў Беларусі розных часоў. Першы Дзень беларускага пісьменства адзначаўся ў 1994 годзе ў Полацку, на радзіме Францыска Скарыны — беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, філосафа-гуманіста, пісьменніка. У розныя гады свята праходзіла ў Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім і іншых гарадах — культурных цэнтрах Беларусі. У 2015 годзе ён прайшоў у Шчучыне.


Невыпадкова, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура — тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе сучаснасць і будучыню. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі фундамент беларускай адукацыі і пісьменства.


За час свайго існавання Дзень беларускага пісьменства стаў па-сапраўднаму нацыянальным святам, значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Святочныя мерапрыемствы праходзяць не толькі ў горадзе-сталіцы, але і па ўсёй краіне. Гэта тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры.


У 2016 годзе Дзень беларускага пісьменства праходзіць у Рагачове Гомельскай вобласці. Рагачоўская зямля багатая на таленавітых людзей. Тут прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады вядомага вучонага-селекцыянера Л.К. Грабені. У Рагачове нарадзіліся заслужаны артыст Беларусі Говар-Бандарэнка, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі А.І. Гінзбург, паэт і драматург С.Я. Галкін, мастак К.І. Завіша, рэжысёр, акцёр, педагог, народны артыст Беларусі прафесар К.М. Саннікаў, заслужаная артыстка Беларусі А.М. Федчанка.


Рагачоўшчына дала літаратуры больш за 30 знакамітых дзеячаў. Сярод іх — драматург, народны пісьменнік А.Я. Макаёнак, доктар філалагічных навук, прафесар Ф.І. Куляшоў, паэт Мікалай Сурначоў, член Саюза пісьменнікаў Расіі М. Расолаў. Своеасаблівыя «Болдзінскія восені» былі на Рагачоўшчыне ў Ул. Караткевіча і М. Лынькова.


Адметнасцю сёлетняга Дня беларускага пісьменства стане тое, што госці свята прывязуць з сабой свае любімыя кнігі. «Я прапанаваў нашым VIP-персонам — віцэ-прэм’еру, міністрам інфармацыі, культуры, адукацыі — прыязджаць на свята са сваімі любімымі кнігамі. Зусім не абавязкова, што гэта будуць новыя выданні. Можа быць, гэта кнігі з дзяцінства, казкі. Галоўнае, каб яны былі найбольш дарагімі для чалавека», — паведаміў на прэс-канферэнцыі генеральны прадзюсар свята Павел Каранеўскі. Выданні будуць падпісаны і перададзены гораду.


Адным з асноўных момантаў свята стане ўручэнне нацыянальнай літаратурнай прэміі. Са звыш 70-ці твораў журы адабрала творы-пераможцы. Прызы будуць уручаны ў 7-мі намінацыях.


Таццяна ДУДКО.
Добавление комментария
CAPTCHA
*