Прынялi знак дару Духа Святога

Актуально 23 апреля 13 2992

Памятная падзея адбылася ў жыцці каталіцкай супольнасці Воранава 20 красавіка. У гэты дзень шматлікім вернікам рымска-каталіцкіх парафій Святых апосталаў Сімяона і Юды Фадзея і Святой Тройцы была ўдзелена адна з сямі найгалоўнейшых таямніц Святога Касцёла — сакрамант Бежмавання. Праз гэты сакрамант католік умацоўваецца ў вызнанні веры і атрымоўвае дары Духа Святога. Урачыстасць аб’яднала ў сабе яшчэ адну нагоду — 50-годдзе кананізацыі заснавальніка ордэна Паллацінаў, у які ўваходзяць светары Воранаўскага і Германішскага касцёлаў.

Новае імя і святога апекуна з рук біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча атрымалі больш за 180 вернікаў. На святочнай літургіі прысутнічалі ксёндз Раман Катлімоўскі з Гродзенскай духоўнай семінарыі, светары з Германішскага, Тракельскага і Беняконскага касцёлаў. Удзельнічаў у імшы дэкан Радунскага дэканата ксёндз Генрых Яблонскі.


Падчас урачыстасці ксёндз-біскуп заахвоціў вернікаў да супольнай малітвы за тых, хто атрымлівае сакрамант Бежмавання. З прамовай да прысутных звярнуўся наш зямляк ксёндз-паллацінін Алег Грыгаровіч, які зараз працуе ў Мінску. Святар яшчэ раз падкрэсліў важнасць сакрамантаў, а ў асаблівасці — Бежмавання, гаварыў аб тым, што павінна змяніцца ў свядомасці чалавека, прыняўшага дар Духа Святога. Бежмаванне яшчэ больш цесна яднае чалавека з Хрыстом, уключае ў евангелізацыйную місію Каталіцкага Касцёла. Самым яскравым прыкладам сапраўднага хрысціяніна з’яўляецца святы Вінцэнтый Паллоція, які ўсё сваё жыццё прысвяціў служэнню Богу і людзям.


Кандыдаты на прыняцце сакраманта Канфірмацыі ў прысутнасці сваіх родных і сяброў з вялікім эмацыянальным уздымам атрымалі Духа Святога. Урачысты настрой ствараў і воранаўскі парафіяльны хор, спеў якога разносіўся па ўсёй святыні і, здавалася, пранікаў у самыя глыбокія куточкі чалавечай душы.


Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп Аляксандр звярнуўся да вернікаў з кароткім пастырскім словам і яшчэ раз павіншаваў светароў і сёстраў законных ордэна Паллацінаў з нагодай 50-годдзя кананізацыі іх заснавальніка. Прыгадаў прысутным аб той вялікай рабоце, якую вядуць паллаціны па рэлігійнаму выхаванню людзей. Звярнуў сваё слова Яго эксцэленцыя і да тых, хто атрымаў дар Духа Святога. Біскуп А. Кашкевіч прызваў маладых людзей ніколі не забываць, што яны з’яўляюцца каталікамі, каб не сароміліся сваёй веры, дзе б ні былі, і неслі яе праз усё жыццё…

І вось хвалюючы момант ужо застаўся ў мінулым. Кандыдаты, якія атрымалі вялікі дар сакраманта Бежмавання, прымаюць віншаванні ад блізкіх і родных. Якія пачуцці выклікала гэтая нагода, пытаюся ў маладой асобы:

— Падчас урачыстасці, калі я атрымала дары Духа Святога, адчула вялікую радасць. Найперш ад таго, што сёння я свядома прыняла веру і атрымала Божую ласку і зараз для мяне адкрыўся новы этап у жыцці... І я ўпэўнена магу сказаць, што канфірмацыя ўмацоўвае нашу веру. А ўдзел у жыцці касцёла, наогул, напаўняе маё існаванне новым сэнсам, дапамагае прымаць правільныя рашэнні і жыць з любоўю да людзей…

Сакрамант Канфiрмацыi (Бежмаванне)



Сакрамант Бежмавання — гэта сакрамант сталасці. У ім Хрыстос надзяляе ахрышчаных Духам Святым, які ў дзень Пяцідзясятніцы быў праз Яго спасланы на апосталаў. Праз гэты дар вернікі яшчэ больш упадабняюцца да Хрыста і ўмацоўваюцца, каб складаць Яму сведчанне і будаваць Яго Цела ў веры і любові. Чалавек з’яўляецца хрысціянінам у такой ступені, у якой удзельнічае ў жыцці Хрыста, наколькі намашчаны Духам Святым, як Ён. Гэта ёсць Дух праўды і любові, Дух мужнасці для сведчання, Дух адказнасці за развіццё Касцёла і за прысутнасць Хрыста ў свеце. Праз сакрамант Бежмавання хрысціянін атрымлівае незнішчальны знак вызнаўцы Хрыста, таму ён не паўтараецца.

Сакрамант Бежмавання павінен прыняць кожны ахрышчаны. Удзяляе яго біскуп. Бацькі абавязаны клапаціцца аб падрыхтоўцы дзяцей да сакраментальнага жыцця праз фарміраванне і паступовае ўмацаванне ў іх духа веры, а таксама праз непасрэдную падрыхтоўку да годнага прыняцця сакрамантаў Бежмавання і Эўхарыстыі.

Пры бежмаванні павінен быць так званы сведка, выбраны кандыдатам або яго роднымі. Сведка павінен вызначацца прыкладным хрысціянскім жыццём. Ім можа быць хросны і нават бацька ці маці кандыдата да бежмавання. У час удзялення гэтага сакраманта сведка кладзе правую руку на правае плячо кандыдата ў знак таго, што ён будзе дапамагаць яму парадаю і чынам у жыцці згодна з вызнаванаю вераю.

Да сакраманта Канфірмацыі трэба адпаведна падрыхтавацца. У нашых парафіях падрыхтоўка адбываецца праз катэхізацыю. Моладзь, якая хадзіла на падрыхтоўку да першай св. Камуніі, пераходзіць у наступную групу, дзе адбываецца працяг катэхізацыі яшчэ 4 гады. На заканчэнне адбываецца выпускны экзамен, які адначасова дапускае вучня да сакраманта.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.
Добавление комментария
CAPTCHA
*