6 красавіка споўніцца 120 гадоў з дня нараджэння Міколы Хведаровіча

6 красавіка споўніцца 120 гадоў з дня нараджэння  Міколы Хведаровіча

МІКОЛА ХВЕДАРОВІЧ (Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч) (1904 — 1981) — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У часы першай сусветнай вайны як бежанец жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў. Вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў Канстанцін Цыялкоўскі.

У 1918 годзе вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкае гарадское вучылішча. З прыходам немцаў вучылішча закрылі, і Хведаровіч працуе батраком. У пачатку 1919 года, з прыходам Чырвонай Арміі, ён уступіў у камсамол і з’яўлялся адным з арганізатарам камсамольскіх ячэек на Случчыне.

У 1924 годзе — камісар ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы, а ў 1925 годзе атрымлівае накіраванне на вучобу ў Мінск на рабфак. У 1931 вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—1933 гадах рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». У 1933—1934 гадах загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—1937 гадах адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў». У 1934 годзе быў дэлегатам Першага ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў.

Патрапіў пад палітычныя рэпрэсіі. Быў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, працаваў у г. Каршы (Узбекістан). У 1949 годзе паўторна арыштаваны і сасланы ў г. Енісейск Краснаярскага краю. Реабілітаваны 28 верасня ў 1955 годзе. У 1956 вярнуўся ў Мінск.

4-4.jpg

У друку выступаў з 1924 гoда. У 1929 годзе выходзіць першая яго кніжка вершаў «Настроі», а потым «Рытмы», «Баявыя песні» (абедзве 1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984) і інш.

Мікола_Хведаровіч._Рытмы._Другая_кніга_вершаў._1930.jpg

Аўтар аўтабіяграфічнай аповесці «Споведзь перад будучыняй» (1978), кніг нарысаў і ўспамінаў пра выдатных беларускіх пісьменнікаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976).Пісаў для дзяцей. Выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973). Пераклаў на беларускую мову «Казку пра цара Салтана» А. С. Пушкіна.

Памёр 20 жніўня 1981 года.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу

ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*