"Щедрая осень" в Радуни и Вороново (фоторепортаж, обновлено)

15 октября 16 1710


Што ні кажы, а восень усё ж цудоўная пара года. І хаця паветра ўжо пранізана падбадзёрваючым халадком, але навакольная прыгажосць душэўна сагравае цябе. Розныя фарбы, якія быццам змяшала прырода-мастачка і апрыскала імі лістоту дрэў, прыдаюць жыццёвы аптымізм. Да таго ж восень  — гэта не толькі прыгажосць, але і багацце. Нездарма ж людзі кажуць: “Восеньскі дзень цэлы год корміць”.

Вось і ў мінулую суботу купіць розных дароў прыроды маглі ўсе жадаючыя на сельскагаспадарчых кірмашах у Радуні і Воранаве. Асаблівым попытам у радунцаў карысталася прадукцыя СВК “Доцішкі” —   свінна, жывая рыба, сыры “Марыяна”, яблыкі. Вялікая чарга была за капустай, морквай і сталовымі буракамі, уся гародніна па 2,5 рублі была вырашчана працавітымі людзьмі з гаспадаркі “Гіркі”. З ахвотай куплялі людзі таксама зерне ячменю і трыцікале з Місявіч, зерне кукурузы, бульбу і гавядзіну з Больцішак. І ўсё ж па настрою людзей адчувалася, што ад кірмашу яны чакалі большага, асабліва што тычыцца колькасці прадаваемага збожжа. Мала яго было. Але і кіраўніцтва сельгаспадарак зразумець можна: год на ўраджай зерневых выдаўся небагатым, хапіла б на корм для грамадскага статку…

Больш багатым быў кірмаш у Воранаве, чаму спрыяла і вялікая колькасць прадукцыі, прадстаўленая фермерскімі гаспадаркамі. Хутка, напрыклад, раскупілі капусту ў Эдмунда Саковіча з вёскі Залескія. Якасць вырашчанай ім гародніны ўжо не першы год добра вядома спажыўцам. Таму не дзіўна, што за гэты сезон ён прадаў больш за 7 тон капусты пры ўраджайнасці каля 600 цэнтнераў з гектара. Няма праблем і са збытам морквы. А якая на палях фермера ўрадзіла “слёзная” культура — па 400 грамаў адна цыбуліна! Вось што значыць — любіць сваю справу і шанаваць зямлю-карміліцу.

Парадавалі наведвальнікаў кірмашовага свята і гаспадаркі “Пагародна”, Кастрычнік”, “Воранаўскі”, “Тракельскі”, “Эліт-Агра Больцінікі”.  Разнастайнымі былі пагародзенскія гандлёвыя рады, пачынаючы ад збожжа і бульбы і заканчваючы жывымі бычкамі вагой да 70 кілаграмаў па цане 3,85 рублёў за кілаграм. Вельмі да месца былі тут і прыгожа аформленыя стэнды, дзе можна было даведацца аб ураджайнасці сельгаскультур і паказчыках у жывёлагадоўлі, а таксама аб перадавых працаўніках пагародзенскай зямлі. Багатым быў кірмашовы прылавак раённага спажывецкага таварыства, на якім красаваліся журавіны, марынаваныя памідоры і капуста, сушаныя грыбы і іншая смачныя прадукцыя.

Адным словам, запасы на зіму можна было зрабіць як на радунскім, так і воранаўскім кірмашах. Праўда, людзей на іх усё ж было мала. Прычынай таму стала і дрэннае надвор’е. Ужо не першы год прыходзіцца чуць: “І чаму не праводзіць такія святы раней, калі яшчэ цёпла. Не, трэба абавязкова сцягнуць да халадоў”.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Сяргея ГРЫЧЫКА.



























































Добавление комментария
CAPTCHA
*