Гучна, весела і душэўна прайшло свята вёскі Курчоўцы Місявіцкага сельсавета

24 августа 22 445

i (1).jpg

Багата сабралася землякоў з місявіцкай ды забалацкай аколіц ля мясцовага сельскага клуба. З усмешкамі віталі адзін аднаго, успамінаючы былую веліч дарагой сэрцу малой радзімы і дзякуючы за фэст культарганізатару Веры Васько.

— Дзе б мы ні былі, куды б нас не закінуў лёс, назаўжды ў сэрцы дзедава хата ды родныя палеткі. Няхай яны і надалей будуць месцам прыцягнення для выхадцаў з Курчоўцаў і іх нашчадкаў, — прывітала вяскоўцаў прадстаўнік Місявіцкага сельвыканкама Ганна Грышан.

i.jpg

i (3).jpg

На свята завіталі і даўнія сябры культработнікаў мясцовага клуба — прадстаўнікі ТЦСАН Воранаўскага раёна начале з дырэктарам Антанінай Эйсмант. Дзесяць год доўжыцца іх супрацоўнітва. Наведвальнікі аддзялення дзённага побыту для людзей пажылога ўзросту і людзей з абмежаванымі магчымасцямі ТЦСАН часта прымаюць удзел у паседжаннях аматарскага аб’яднання “Насупраць лёсу” ў Курчоўцах. На фэст, канешне, прехалі з падарункам — сяльчанам музычныя нумары адрасаваў Павел Дубовік, хораша сыгралі на акардэоне браты Станіслаў і Іван Скіландзі.

Музыка лілася без канца і краю. Цёпла віталі гледачы фальклорныя гурты “Рэчанька” Жырмунскага цэнтра культуры і вольнага часу, “Курчоўскія напевы” (на здымку), якім акампаніраваў вядомы на ўсю аколіцу баяніст Вячаслаў Запаснік. Апладысменты не раз зрывалі вядучыя Уладзімір Сікорскі і Эдзіта Сакалоўская, салісты Вераніка і Алёна Вайцяховіч, Мікалай Трахімовіч і Аліна Вільчэўская.

Песняй спевакі ўшаноўвалі сваіх самых здольных, працалюбівых і таленавітых жыхароў. Гучнае “брава” гучала ў гонар курчоўскіх хлебаробаў — механізатараў Уладзіміра і Міхаіла Ордаў, Антона Федасевіча, Івана Пальчукевіча, вадзіцеля Станіслава Салабуды. Жывёлаводы Таццяна і Генадзій Грышэлі, Уладзіслава і Вацлаў Сонькі, токар Франц Мацкевіч, сацработнікі Антон Васько, Рэната Вільчэўская, Марыя Бернацкая і Лілія Сікорская таксама з радасцю прымалі апладысменты. Асобных слоў заслужылі самыя сталыя і мудрыя вяскоўцы — Леакадзія Іванаўна Раўлушкевіч, Гелена Адамаўна Утаўка і Гелена Баляславаўна Мацкевіч.

Да позняга вечара не спала вёска. Хай і надалей у ёй не змаўкае ды віруе жыццё!

i (2).jpg

i (4).jpg

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Воранаўскага РЦКіНТ.

Добавление комментария
CAPTCHA
*