“Гісторыя ў вежах спачывае”: ЖЫРМУНСКАЯ святыня

История 12 ноября 22 703

DJI_0034.JPG

Воранаўская зямля здаўна славіцца сваімі касцёламі. Цягнуцца яны шпілямі ўвысь, дакранаючыся да нябёсаў. Іх намоленыя многімі пакаленнямі муры надзейна захоўваюць людскія сакрэты: што турбавала сэрцы вернікаў, аб чым са слязамі на вачах малілі Бога і шчыра дзякавалі Усявышняму.

Самыя старыя каталіцкія святыні налічваюць больш за два стагоддзі. Яны — нямыя сведкі гісторыі нашай зямлі, яскравае ўвасабленне архітэктуры свайго часу.

“Воранаўская газета” распачынае новы праект “Гісторыя ў вежах спачывае”, дзе журналісты раённага выдання пазнаёмяць вас, паважаныя чытачы, з гісторыяй каталіцкіх храмаў Воранаўшчыны. Сваё падарожжа пачынаем з самай “узроставай”святыні — касцёла Святога Крыжа ў аграгарадку Жырмуны, пабудаванага ў 1789 годзе. Гэта адзіны на Воранаўшчыне храм, якому прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння.

IMG_2928.JPG

Адшукаць касцёл у Жырмунах вельмі лёгка — ён знаходзіцца ў самым цэнтры аграгарадка. Адчыняем браму невысокай бутавай агароджы — і перад намі драўляны, збудаваны ў стылі класіцызму, з дзвюма мураванымі калонамі ў галоўным фасадзе касцёл. Цікава, што ў архітэктурным плане ён крыжападобны — з аднаго боку размешчана капліца, з другога — закрыстыя. Злева ад храма — драўляная каркасная двух'ярусная званіца ў трактоўцы народнага дойлідства. Асаблівай увагі заслугоўваюць аконныя праёмы, яны маюць нетрадыцыйную для драўлянага дойлідства арачную форму — адбітак імкнення ўвасобіць у дрэве формы мураванай архітэктуры.

З цікаўнасцю адчыняем масіўныя дзверы касцёла — і перад намі прадстае яго багатае ўбранства. Галоўны алтар выкананы ў класічным стылі, разам з двума бакавымі ўтварае адзіную аднаярусную шматкалонную кампазіцыю карынфскага ордэра з разбяным Укрыжаваннем у цэнтры, абразам Ісуса Уваскрослага ў левым алтары і Унебаўшэсця Ісуса ў правым. Прыцягваюць увагу ўсталяваныя паміж алтарамі фігуры святых — біскупа Станіслава і князя Казіміра. З правага боку касцёла знаходзіцца капліца, дзе размешчаны алтар Маці Божай Ларэтанскай са шматлікімі вотамі (упрыгожваннямі, падараванымі вернікамі Дзеве Марыі за здзейсненыя просьбы). Пэўна, ніхто не пройдзе міма незвычайнага амбона — драўлянага, у форме вялікай лодкі, вакол якой вісяць рыбалоўныя сеці…

Канешне ж, непоўным быў бы малюнак касцёла без аргана. Першая ўзгадка пра яго датычыць 1801 года. Ён мае дванаццаць галасоў, чатыры мяхі, знаходзіцца на хоры. Дарэчы, згодна ўзгадкам 1740 года, падчас вялікіх урачыстасцей на імшах гучалі не толькі арганы, але і ігралі музыкі на розных інструментах.

Нельга абысці і той факт, што пад касцёлам знаходзіцца склеп, у якім былі пахаваны ксяндзы-настаяцелі святыні. Мясцовая легенда сцвярджае, што яны належалі да роду Радзівілаў.

IMG_5516.JPG

IMG_5518.JPG

Чатыры дыханні касцёла

Касцёл у Жырмунах налічвае амаль два з паловай стагоддзі, будаваўся ў 1788-1799 гадах. Аднак ён не першы ў аграгарадку. Як піша ксёндз, настаяцель жырмунскага касцёла ў 1930гг., аўтар кнігі “Гісторыя касцёла парафіяльнага ў Жырмунах” Фларыян Нявера, было некалькі будынкаў касцёла. Першыя пісьмовыя звесткі аб існаванні храма адносяцца да пачатку XVІ ст. У дакуменце 1522 года напісана: “Святыню ў імя Бога Усемагутнага і Яго Найсвяцейшай Маці Дзевы Марыі, размешчанай у Жырмунскай парафіі… зноў збудаваць…” Значыць, касцёл ужо працяглы час існаваў у Жырмунах. Наконт фундатараў першага храма ёсць даволі праўдападобныя здагадкі. Па звестках польскага храніста Яна Длугаша, у першай палове XV ст. Жырмунамі валодаў Ян Бутрым. Ён з братам Ежы адыгралі значную ролю ў акаталічванні Літвы і, у прыватнасці, адной з яе гістарычных абласцей — Жмудзі, у склад якой уваходзілі Жырмуны. Таму можна з вялікай доляй упэўненасці гаварыць, што менавіта яны былі фундатарамі першага касцёла ў Жырмунах.

IMG_5517.JPG

IMG_5521.JPG

Аб яго гісторыі з 1522 па 1563гг. з-за недахопу звестак нічога канкрэтнага сказаць нельга. Вядома, што ў 1563г. уладальнік Жырмун Мікалай Радзівіл Руды па нейкай прычыне перадаў касцёльны маёнтак Яну Зыхновічу. Ёсць меркаванне, што каталіцкі храм быў заменены на кальвінісцкі збор.

Новы этап гісторыі касцёла пачынаецца з 1624 года, калі ўладальнікам Жырмун стаў Ян Завіша. Ён зрабіў новую фундацыю — выдзеліў сродкі на рэканструкцыю касцёла. У 1624-1626гг. у ім быў праведзены грунтоўны рамонт. Настаяцель Мацей Шаркевіч набыў неабходныя касцельныя рэчы.

Падчас руска-польскай вайны 1654-1667гг. храму была нанесена значная шкода. 2 мая 1660 года маскоўскае войска, якое рухалася ад Ліды да Вільнюса, разрабавала касцёл і плебанію. У касцёле ў вокнах былі выбіты шыбы, выламаны дзверы, знікла шкатулка з важнымі дакументамі, а алтар быў зняважаны. Напрацягу шасці гадоў касцёл знаходзіўся ў дрэнным стане. Толькі ў 1666-м пачалося яго аднаўленне, храм быў асвенчаны біскупам Віленскім 4 лістапада 1673 года.

Другі будынак касцёла праіснаваў да XVIII ст. У першай палове гэтага стагоддзя быў разабраны, таму што быў даволі стары. На тым жа месцы пачалося будаўніцтва новай святыні, значна большай за папярэднюю.

Яе будавалі каля двух год — 1737-1738гг., аб гэтым перыядзе захавалася мала звестак. Вядома, што касцёл, як і папярэдні, насіў імя Маці Божай і быў недаўгавечны.

У 1777г. святыня стала ахвярай пажару. Не ўдалося выратаваць і галоўны скарб прыхода — абраз Маці Божай Ларэтанскай, які лічыўся цудадзейным. Як сведчыць мясцовая легенда, на месцы касцёла быў знойдзены крыж, таму ён пачаў насіць імя Адшукання Святога Крыжа. Тут была пабудавана часовая капліца, у якой набажэнствы адпраўляліся аж да пачатку будаўніцтва новага ў 1788 годзе.

Большасць даследчыкаў лічыць, што чацвёрты будынак касцёла быў створаны на сродкі князёў Радзівілаў. Яго праект выканаў прыдворны архітэктар Радзівілаў Ян Падчашынскі, які быў вучнем Л. Гуцэвіча (аўтара перабудовы віленскага кафедральнага сабора ў стылі строгага класіцызму). Звесткі аб тым, што сабой уяўляў касцёл, знаходзяцца ў акце вопісу касцёла, які датуецца 1801г., дзе напісана: “Фасад касцёла досыць выступае. Над уваходам невялікае акно. Сцены з добрага дрэва. На фасадзе касцёла надпіс “Богу Усемагутнейшаму”, лічба 1788г. і герб князёў Радзівілаў. Па левым і правым боку фасада дзве вежачкі. Касцёл даўжынёй 42 локці і 24 локці шырынёй”. У 1861г. замест дзвюх вежачак была пабудавана адна — па цэнтры фасада. Даследчык В.Ф. Марозаў адзначае, што на жырмунскі касцёл аказала значны ўплыў архітэктура віленскага кафедральнага сабора. Падабенства ён заўважае ў арганізацыі па баках уваходу ў касцёл двух памяшканняў, мернай раскрапоўцы бакавых фасадаў пілястрамі, устройстве па баках ад увахода двух прамавугольных аконных праёмаў. У той жа час касцёл меў свае адметныя рысы — замест порціка на галоўным фасадзе была лоджыя, аформленая дзвюма калонамі.

IMG_2921.JPG

IMG_5526.JPG

IMG_5524.JPG

IMG_5527.JPG

Цэнтр адукацыі і медыцыны

Касцёл быў не толькі цэнтрам духоўнага жыцця, тут людзі маглі атрымаць і іншую дапамогу. Пры святыні ў свой час дзейнічалі прыхадскія шпіталь і школа.

Шпіталь быў пабудаваны ксяндзом Мацеем Шаркевічам у першай палове ХVІІ ст. У ім знаходзіліся сталыя жыхары Жырмун і вакольных вёсак, якім быў патрэбен догляд. У 1740г. у ім было 11 асоб — 3 мужчыны і 8 жанчын, у 1782г. — 14. Новы будынак шпіталя быў пабудаваны ў 1781-1782гг.

У шпіталі мужчыны мелі абавязак ахоўваць храм, званіць пры неабходнасці, жанчыны — прыбіраць касцёл, вечарам разам адмаўляць адну частку ружанца.

У дыпломе фундацыі касцёла 1624г. было запісана, што абавязкам ксяндза будзе ўтрыманне школы прыхода. Аднак да пачатку XVIII ст. ніякіх звестак аб яе дзейнасці не было.

У 1782г. у школе навучаліся толькі 5 вучняў. Дырэктар Ян Рамашкевіч не меў пастаяннага заробку. Сяляне баяліся пускаць дзяцей у школу — паны не былі зацікаўлены ў адукаваных, таму што пасля ўцякалі ў горад.

У 1816г. была пабудавана школа. Настаўнікам быў ксёндз Анджэй Слівінскі. Малодшыя дзеці засвойвалі пацеры, катэхізіс, вучыліся чытаць і пісаць на польскай і рускай мовах. Старэйшых вучылі асновам арыфметыкі, геаграфіі, гісторыі.

Школа была скасавана пасля паўстання 1863-1864 гадоў. У 1864г. у Жырмунах было адкрыта народнае вучылішча.

IMG_5530.JPG

IMG_5531.JPG

Сёння жырмунскі касцёл — цэнтр прыцягнення вернікаў з аграгарадка і навакольных вёсак. Як і дзясяткі год таму, тут гучаць шчырыя малітвы, у касцельныя кнігі акуратна занатоўваюцца імёны і прозвішчы нованароджаных прыхаджан, створаных сем’яў, адышоўшых у нябыт землякоў... Пішацца новая гісторыя, толькі ўжо для нашых з вамі нашчадкаў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Аўтар выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу настаўніку гісторыі Жырмунскай СШ Алегу Азароўскаму і настаяцелю жырмунскага касцёла Юрыю Барташэвічу.

Добавление комментария
CAPTCHA
*