Калядная сустрэча дзяцей і моладзі ў Радуні

Калядная сустрэча дзяцей і моладзі ў Радуні

Свята Ражаства Хрыстова для дзяцей — гэта не толькі салодкія падарункі, святочны стол і шмат гасцей, але, перш за ўсё, чаканне цуда — нараджэння Пана нашага Ісуса Хрыста. І гэту таямніцу мы кожны раз нанова сабе адкрываем падчас традыцыйных батлеек. Я і сама неаднойчы ўдзельнічала ў такіх пастаноўках, а сёлета мне давялося разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі нашага дэканата ўбачыць гэты цуд яшчэ раз падчас прадстаўлення, якое паказалі для нас нашы сябры з Радуні. А адбылося гэта на калядных сустрэчах, якія праходзілі 7 студзеня ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Радуні. Светары, законныя сёстры, семінарысты і катэхеткі з розных парафій Радунскага дэканату разам з дзецьмі і моладдзю сабраліся, каб праславіць Пана каляднымі спевамі, вершамі, прадстаўленнем.

Калядная сустрэча распачалася адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Яе праводзілі сёстры законныя і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, якія паходзяць з парафіі Святых апосталаў Сымона і Юды Фадзея ў Воранаве. Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. З прамовай да ўсіх звярнуўся пробашч Жырмунскай парафіі кс. Юрый Барташэвіч. Святар разважаў аб Божай любові, якая праз нараджэнне Божага Сына пасялілася сярод людзей, і заахвоціў прыняць гэтую любоў у сваё сэрца і быць яе носьбітам у сучасным свеце.

Пасля Эўхарыстыі моладзь Радунскай, Нацкай і Доцішскай парафій прадставіла тэатралізаваныя пастаноўкі пра Божае Нараджэнне і рэакцыю сучаснага маладога пакалення на гэтую праўду. Спевам калядак узрушылі дзеці і моладзь з парафій Забалаці, Жырмун, Воранава, Канвелішак і Германішак. А яшчэ вельмі спадабалася ўсім выступленне моладзевага хору з Беняконь. Пасля мы ўсе дзяліліся аплаткамі, чакаў нас і салодкі стол. Мы вельмі прыемна правялі час, знайшлі новых сяброў. Пачулі многа новага і цікавага, атрымалі асалоду ад песняў, а асабліва — ад батлейкі.

На заканчэнні біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў кожнаму з нас пастырскае благаслаўленне на новы год і пажадаў нам выдатных дасягненняў у вучобе.

Разам з усімі калядавала

Ангяліна ІВУЦЬ,

парафіянка Германішскага касцёла.

Фота кс. П. Раманоўскага.