Сям’я, дзе пануе дабрыня…

Сям’я, дзе пануе дабрыня…


Сям’я — гэта самая важная частка жыцця кожнага з нас. У сям’і дзіця робіць першыя крокі, набывае элементарныя веды, уменні і навыкі паводзін у грамадстве, вучыцца наладжваць міжасобасныя адносіны. Пад кіраўніцтвам  бацькоў фарміруюцца асабістыя якасці чалавека. У выхаванні дзіцяці сям’я адыгрывае асноўную і найважнейшую ролю. Нават будучы дарослымі людзьмі, у самыя складаныя моманты мы звяртаемся да бацькоў, бо цвёрда перакананы ў тым, што яны падтрымаюць нас і дапамогуць. Іншы раз узнікае пытанне: ці кожны з бацькоў валодае майстэрствам выхавання ўласных дзяцей? Адказ на гэтае пытанне можа быць спрэчным. І ўсё ж такі станоўчых прыкладаў значна больш, чым адмоўных.

Станоўчы вопыт выхавання дзяцей маецца ў мнагадзетнай сям’і Ганны Станіславаўны і Аляксандра Антонавіча Янкелайцяў, што жывуць у аграгарадку Паляцкішкі. Ужо 17 гадоў яны ідуць па жыцці разам, у атмасферы любові, дабрыні выхоўваюць трое дзяцей. Вопыт сямейных адносін у Ганны Станіславаўны і Аляксандра Антонавіча маецца  з асабістага дзяцінства. Абодва гадаваліся ў мнагадзетных сем’ях, адчувалі бацькоўскую любоў, пяшчоту, цеплыню.  Падчас размовы Ганна Станіславаўна прызналася, што з мужам марылі аб вялікай сям’і.

Бацькі клапоцяцца пра  будучае дзяцей, а яны раскрываюць свае таленты.  Старэйшы сын Артур скончыў Воранаўскую дзіцячую школу мастацтваў па спецыяльнасці “баян”,  атрымаў базавую адукацыю ў Паляцкішскай сярэдняй школе і прадаўжае навучанне ў Лідскім дзяржаўным каледжы, збіраецца стаць тэхнікам-электрамеханікам.  Хлопец любіць тэхніку, у вольны час дапамагае бацьку па гаспадарцы. Ларэта  вучыцца ў 9 класе Паляцкішскай школы, дзяўчына — выдатніца. У яе ёсць здольнасці да гуманітарных прадметаў, любіць музыку, добра спявае, скончыла дзіцячую школу мастацтваў па спецыяльнасці “фартэпіяна”. Ларэта займаецца танцамі, спортам, удзельнічае ў школьных вечарах,  творчых конкурсах, з’яўляецца членам школьнай каманды клуба вясёлых і знаходлівых. У вольны час дапамагае маме на кухні, разам пякуць пірагі, працуюць у агародзе. Для вызначэння будучай прафесіі, як заўважыла сама дзяўчына, яшчэ ёсць час, але ўжо пераканана ў тым, што вывучэнне замежнай мовы адкрывае вялікія перспектывы. Наймалодшы — Аляксей. Вучань-першакласнік, любімец не толькі ў сям’і, але і ў школе. Хлопчык вельмі дапытлівы, здольны, любіць чытаць, рашаць задачы, з маленства праяўляе актыўнасць, з задавальненнем удзельнічае ў школьных мерапрыемствах. Усе захапленні дзяцей падтрымліваюць бацькі. Сакрэт добрага выхавання ў гэтай сям’і — у бацьках.  Здаровым ладам жыцця, станоўчымі паводзінамі, адсутнасцю шкодных звычак яны падаюць дзецям добры прыклад. Ганна Станіславаўна працуе поварам у школьнай сталоўцы, гатуе дзецям смачныя абеды, да выканання службовых абавязкаў адносіцца вельмі адказна. Яна прымала ўдзел у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства “Повар года - 2013”, стала пераможцай. Галава сям’і Аляксандр Антонавіч — чалавек спакойны, разважлівы, заўсёды прыйдзе на дапамогу. Сваё жыццё звязаў з калгасам, зараз гэта КСУП э/б “Пагародна”, працуе на аўтазапраўцы. У сям’і назапашаны пазітыўны вопыт выхавання: усе лепшыя якасці, уласцівыя бацькам, перадаюцца дзецям. “Сваіх дзяцей, — кажа Аляксандр Антонавіч, — мы імкнёмся навучыць галоўнаму:  не баяцца любой работы,  заўсёды працаваць сумленна і з ахвотай, праца — аснова сямейнага дабрабыту”. Бацькі стварылі дом, у якім утульна і радасна ўсім.

Іван ГАБІС,

сацыяльны педагог Паляцкішскай СШ.

Фота аўтара.