Трэці дзень. На хвалях творчасці Міцкевіча

21 августа 15 1090


Творчыя, натхнёныя і ўлюбёныя ў вершаваны радок воранаўцы і госці раёна сабраліся на вечары паэзіі “Сцежкамі кахання Адама Міцкевіча” ў Больцініках. Маёнтак графа Путкамера і Гаёк Марылі напоўнілі чароўныя гукі музыкі і абудзілі пранікнёна прачытаныя вершы геніяльнага творцы.

Госці не спяшаліся заняць свае месцы ў зале Больцініцкага культурна-турыстычнага цэнтра. У мясцовай бібліятэцы яны знаёміліся з творчасцю А. Міцкевіча, адкрывалі для сябе невядомыя факты з біяграфіі пісьменніка. Пасля зацікаўлена разглядалі карціны аматараў мастацкай творчасці, якія былі прадстаўлены падчас пленэра “Фарбы душы” Воранаўскага і Алітускага раёнаў і напісаны ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта LLB-2-111 “Скрыжаванні кахання і мастацтва”. І вось на экране з’явіліся першыя кадры відэафільма “Пілігрымы кахання”… Яны прыгадалі прысутным творчыя набыткі Міцкевіча. На турыстычны маршрут усіх паклікала Вольга Толкач. Гісторыя маёнтка і жыцця яго ўладальнікаў, “сустрэча” з Адамам, Марыляй і графам Путкамерам нібы на крылах часу перанеслі ўсіх у мінулае…

Ля ўваходу ў Гаёк Марылі жадаючых акунуцца ў свет лірыкі сустракалі члены раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Яны падчас акцыі “Табе, Беларусь, жадаю я…” прапаноўвалі ўсім напісаць самыя шчырыя словы ў адрас любай краіны. На імправізаваных сэрцах былі напісаны душэўныя пажаданні. У прыўзнятым настроі гледачы накіраваліся на творчы вечар. Пяшчотныя гукі мелодыі, што выплывалі са скрыпкі Святланы Анэйкі і Ірыны Жыткевіч, цымбалаў Алены Дзям’янавай, зачаравалі слухачоў. Дэкламатары Яўген Зянкевіч, Жанна Тамукевіч, Святлана Салмановіч, Васіль Маркевіч, Алена Вітукевіч, Святлана Вараноўская, Надзея Лісоўская, Іаланта Дзмітрыева, Дзіяна Маліноўская і іншыя пазнаёмілі гледачоў з лепшай вершаванай спадчынай Адама Міцкевіча. А песні пра каханне, выкананыя Аляксеем Мызянковым і Юліяй Конан, гарманічна дапоўнілі вечар, прысвечаны творчасці паэта, які па волі лёсу меў дачыненне да нашай Воранаўшчыны.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота аўтара.



.



.



.



.



.

Добавление комментария
CAPTCHA
*