Хораша выступалі “Харошкі”

В посёлке 20 июня 16 1367


Прыемная сустрэча з беларускімі народнымі музыкай, песняй і танцамі адбылася на мінулым тыдні ў воранаўцаў. На сцэне гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу бліскуча выступіў Беларускі дзяржаўны харэаграфічны ансамбль “Харошкі”, які па праву лічацца нацыянальным брэндам. ім кіруе таленавітая народная артыстка краіны Валянціна Гаявая. Гарэзлівыя, лірычныя, выкананыя ад шчырага сэрца кампазіцыі не маглі не паланіць сэрцы гледачоў. Яны шчодра купалі ў авацыях знакамітых артыстаў.

Напэўна, не памылюся, калі скажу, што найперш уражвалі танцавальныя нумары. Заліхвацкія полькі і кадрылі ліха кружылі жанчын і мужчын у віхуры беларускіх мелодый. Здавалася, танцорам проста месца мала, каб па-сапраўднаму разгуляцца. Заліваліся ды зачароўвалі слухачоў народныя інструменты. Іх дзіўныя гукі, блізкія кожнаму беларусу, любоўю і цеплынёй адклікаліся ў душах. Было месца і гумару. Дасціпны, трапны ў танцы ды песні ён толькі ўпрыгожыў канцэртную праграму. Шчырасць, кранальнасць і эмацыянальнасць народных песень гледачы змаглі ацаніць, як кажуць, у поўным аб’ёме. Моцныя, пранікнёныя галасы выканаўцаў “вялі” слухачоў па цудоўнай краіне музыкі.

Развітваючыся з артыстамі, воранаўцы ад душы казалі  “Харошкам” дзякуй за падоранае сапраўднае беларускае мастацтва.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.










Добавление комментария
CAPTCHA
*