На чацвёрты дзень тыдня культуры праект “Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!” прыехаў у вёску Алякшышкі Доцішскага сельсавета (Дапоўнена)

18 августа 17 1609
1C9A2205

У Алякшышкаў, як і ў тысяч вялікіх і малых вёсачак, свая гісторыя і свой каларыт. Тут пахне скошанай травой, пыліцца пад нагамі пясчаная дарога, з падворкаў чуецца кудахтанне хатняй птушкі і сабачы лай. Са смакам хрумсцяць спелымі папяроўкамі дзеці і не сышлі ў нябыт вяровачныя тарзанкі, на якіх хлапчукі і дзяўчынкі па чарзе гойдаюцца. Тут нам сустрэўся дварняк-меламан, які паважна цікаваў разам з гледачамі за канцэртным дзействам на імправізаванай сцэне. Тут ёсць многае, чаго няма ў закаваных у асфальт і іншыя даброты гарадах.

У звыклы, размераны рытм жыцця вёскі Алякшышкі свята літаральна ўварвалася рухам, шматгалоссем, музыкай і песнямі. З яе жыхарамі старшыня сельсавета папрацавала загадзя. Ірына Пятроўна Холад абышла вясковыя хаты і паведаміла аб хуткім прыездзе гасцей з суседняга сельсавета, з Воранава. А заадно і і нагадала: добры гаспадар заўсёды рыхтуецца прыняць гасцей. А хіба ж у мясцовых працавітых і дбайных вяскоўцаў магло быць інакш? Таму кожны жыхар меў свой фронт работы на падворку, за плотам. Не падвялі, пастараліся пафарбаваць, пакрасіць, падрамантаваць дзе неабходна каб родная вёска пакінула добрае ўражанне. Гаспадыням была нагода дастаць з шафаў некалі старанна тканыя дываны, расшытыя абрусы, зубчатыя рушнікі і ўпрыгожыць свае платы,  падворкі. А яшчэ завязаць каляровыя хусцінкі і апрануць святочнае адзенне, каб у прывабным выглядзе пайсці на канцэрт.

Выдатная пляцоўка для музычнай часткі сустрэчы размясцілася акурат пад раскідзістым клёнам. У спякотны дзень у цяньку ўдзельнікам свята было вельмі камфортна. Супрацоўнікі Нацкага культурна-краязнаўчага цэнтра пастараліся стварыць добры настрой песнямі і душэўнымі словамі, віншаваннямі. Прайшліся па старонках гісторыі Алякшышкаў, якія свой пачатак бяруць у 1690 годзе як татарскі маёнтак Лідскага павета. Сваімі ўспамінамі і звесткамі аб жыцці населенага пункта падзяліўся мясцовы жыхар Андрэй Юзэфавіч Лебядзевіч. Віталі апладысментамі ветэранаў сельскагаспадарчай і педагагічнай працы, дваіх мнагадзетных мам, уважылі самую сталую і самую маленькую жыхарак вёскі — 93-гадовую Іаанну Ежаўну Паезнік і гадавалую Паліну Касцюк. Усе яны і многія іншыя вяскоўцы атрымалі падарункі і найлепшыя пажаданні, якія ўручала старшыня Доцішскага сельсавета І.П. Холад. На імправізаванай сцэне змянялі адзін аднаго нацкія артысты, выканаўцы-госці з забалацкай зямлі, удзельнікі самадзейнай творчасці са Шчучынскага раёна. Выступалі дарослыя, моладзь і дзеці.

Доўга яшчэ не разыходзіліся па хатах вяскоўцы. Гэты выхадны быў для іх асаблівым. Дый пагаварыць было аб чым з суседзямі.

Вольга ВАРАБ’ЁВА

1C9A2113 1C9A2115 1C9A2116 1C9A2120 1C9A2122 1C9A2123 1C9A2125 1C9A2129 1C9A2130 1C9A2132 1C9A2135 1C9A2138 1C9A2142 1C9A2144 1C9A2148 1C9A2152 1C9A2159 1C9A2160 1C9A2162 1C9A2165 1C9A2166 1C9A2170 1C9A2175 1C9A2179 1C9A2180 1C9A2181 1C9A2184 1C9A2186 1C9A2187 1C9A2190 1C9A2196 1C9A2197 1C9A2199 1C9A2201 1C9A2203 1C9A2205 1C9A2206 1C9A2210 1C9A2213 1C9A2217 1C9A2220 1C9A2228 1C9A2230 1C9A2234 1C9A2236 1C9A2240 1C9A2242 1C9A2244 1C9A2245 1C9A2249 1C9A2250 1C9A2251 1C9A2253 1C9A2257 1C9A2259 1C9A2263 1C9A2266 1C9A2268 1C9A2271 1C9A2272 1C9A2277 1C9A2280 1C9A2282 1C9A2286 1C9A2289 1C9A2290 1C9A2291 1C9A2295 1C9A2296 1C9A2299 1C9A2300 1C9A2309 1C9A2312 1C9A2315 1C9A2320 1C9A2326 1C9A2329 1C9A2336 1C9A2342 1C9A2346 1C9A2348 1C9A2356 1C9A2365 1C9A2367 1C9A2377 1C9A2381 1C9A2382 1C9A2394 1C9A2402 1C9A2415 1C9A2416 1C9A2417
Добавление комментария
CAPTCHA
*