I. Шатыронак: “Самае галоўнае, што ў цябе ёсць чытачы”

В посёлке 18 августа 17 1122
1C9A1780

У пачатку тыдня ў чытальнай зале Воранаўскай раённай бібліятэкі адбылася творчая сустрэча пісьменніцы, літаратурнага крытыка, празаіка, журналісткі Ірыны Шатыронак і паэта, майстра санетаў Мікалая Сярова з прыхільнікамі друкаванага слова.

Спаткаліся госці не толькі з чытачамі, але і з гісторыяй Воранаўшчыны. Спачатку яны наведалі маёнтак Путкамераў у Больцініках.

— Гэта было цікава, — падзялілася сваімі ўражаннямі Ірына Сяргееўна. — Разумееце, мы ездзім далёка, шукаем новае ў экзатычных краінах і не ведаем, што побач. А вось яно, тваё, роднае… Адкрывай новыя старонкі гісторыі… Уражанняў атрымалі шмат. Абавязкова напішу пра легенды і міфы. І пачну з вашага маёнтка ў Больцініках. Думаю, і ў Мікалая Сярова таксама народзяцца новыя паэтычныя радкі.

Больцініцкая зямля настолькі ўразіла Мікалая Іванавіча, што ён, знаёмячы воранаўцаў са сваёй творчасцю, прачытаў уласны пераклад А. Міцкевіча на рускую мову. Даспадобы прысутным прыйшліся ўсе вершы паэта: лірычныя, душэўныя, а таксама з гумарам. Да таго ж пранікнёна прачытаныя самім аўтарам. З вялікай увагай слухалі варанаўчане Ірыну Шатыронак. Некаторыя з творчасцю пісьменніцы ўжо знаёмы даўно, другія толькі адкрывалі яе. Аднак усім было цікава паслухаць: адкуль чэрпае натхненне Ірына Сяргееўна, як нараджаецца дакументальная проза.

Як знак удзячнасці за змястоўную імпрэзу ў руках пісьменнікаў закрасаваліся кветкі. А на памяць аб сустрэчы аматары літаратуры прыдбалі кнігі з аўтографамі аўтараў.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*