Асколак дае аб сабе знаць і праз 67 гадоў (з успамінаў ветэрана)

Актуально 04 мая 12 1311

Ніколі не думаў Іван Адамавіч Носаль, што войны назаўсёды пакінуць сваю адмеціну ў яго сям’і: бацька атрымаў раненне ў шчаку яшчэ на першай, мікалаеўскай, брат служыў у польскім войску, а сам Іван і сёння носіць асколак у назе, якім быў паранены аж на берагах Ціхага акіяна ў 1945 годзе падчас вайны з японцамі. Але перад тым у Івана, яго родных і вяскоўцаў было жыццё пад нямецкай акупацыяй. Хіба ж можна забыцца, як даводзілася хавацца ад фашыстаў, хаваць дзесьці ў балотах коней і кароў, закопваць у зямлю куфры з рознымі пажыткамі. У хаце з бацькам амаль і не начавалі, бо акрамя немцаў, яшчэ і партызанаў усялякіх па начах шастала процьма. І ўсе патрабавалі даць то аддзенне, то хлеб, то малако. Уздыхнулі спакойна толькі пасля вызвалення Радуншчыны ад фашыстаў у 1944 годзе. Але ж тады прыйшла і павестка на службу. З Дубінцаў і навакольных вёсак у салдаты пайшло шмат хлопцаў. Іван Адамавіч трапіў у Оршу. Там навучыўся сапёрнай справе, прыняў прысягу і ў складзе сапёрнай брыгады з дзевяці чалавек быў адпраўлены на фронт. Сваім жыццём сапёры рызыкавалі пастаянна. І не толькі падчас размініравання, але і пры налётах нямецкай авіяцыі, артылерыйскіх абстрэлах. Аднойчы (гэта было на тэрыторыі Польшчы), калі размініравалі мост, пачалася страшная бамбёжка, Івана Адамавіча кантузіла, што вельмі паўплывала на зрок. Спачатку лячыўся ў палявым шпіталі, затым адправілі ў Мінск. Падлячылі — ізноў накіравалі ў сваю часць у Оршу. Аднак зрок пагаршаўся, вымушаны быў ехаць лячыцца ў Смаленск. Было шкада салдату, што з-за кантузіі і доўгага лячэння не змог дайсці да Германіі і штурмаваць Берлін.

Але вайна для Івана Адамавіча ў маі 1945 не закончылася. У Смаленску яго прызналі годным да нестраявой і накіравалі ў батальён чыгуначных войскаў. Неўзабаве пасадзілі салдат у эшалон і павезлі. Так доўга ехалі, што Іван не вытрымаў і запытаў:

—Таварыш капітан, куды едзем?

— На Далёкі Усход, ваяваць з японцамі.

Нарэшце прыехалі. Мясцовасць была зусім не падобная на родную старонку — гарыстая, сопкі, акіянам пахла... Зноў гул самалётаў, бамбёжкі, снарады рвуцца. Там і раніла Івана ў нагу, амаль побач з каленнай рэпкай. Асколак трапіў у сухажылле, таму рабіць аперацыю ўрачы пабаяліся — мог без нагі салдат застацца. З цягам часу рана зажыла, асколак “аброс” і застаўся назаўсёды ў целе як напамін пра вайну.

Пасля перамогі над японцамі Івана накіравалі на Байкала-Амурскую магістраль. Там ён, як і многія саслужыўцы, наглядаў за палоннымі японцамі, якія працавалі на будоўлі магістралі, ахоўваў па начах тунэлі. Сам працаваў, усяго паспытаў, лёгка не было. Так праслужыў Іван Носаль яшчэ тры гады і толькі пад канец лета ці ўпачатку восені 1948 года, праехаўшы ўсю Расію, пастукаўся ў дзверы роднай хаты:

— Водички можно попить?

— Можна, салдацік, можна, зараз прынясу, — захвалявалася маці, прынесла вады, але так і не пазнала яго. Праўда, сястра прыглядалася і прыглядалася...

— Что, сына и брата не узнали?

Толькі пасля гэтых слоў родныя кінуліся са слязьмі ў абдымкі, пазналі нарэшце. Ды і як можна было адразу пазнаць сына, калі прайшло чатыры гады з таго часу, як просты вясковы хлапец адправіўся на вайну. Цяпер жа перад імі быў прыгожы, стройны мужчына ў ваеннай форме, пры медалях, ды размаўляў не па-вясковаму, а па-руску...

— Вось такія паперы, — як бы вярнуўшыся з тых далёкіх гадоў, задуменна сказаў Іван Адамавіч. — Няма нічога страшней за вайну. У мяне ад кантузіі да гэтай пары ў галаве няведама што робіцца: і піск, і свіст, і быццам грае хто. На адно вока ўжо не бачу. Куды толькі не ездзіў, дзе толькі не лячыўся, у розных санаторыях штогод бываў, а нічога не дапамагае. І асколак у назе, як толькі памыюся ў лазні, пачынае “шавяліцца”, а нага — балець. Але нічога, хадзіць магу, жыць можна. За ўсімі навінамі па тэлевізары сачу, радыё слухаю, тэлефон маю. Сын у Ліду да сябе кліча, але пакуль сілы ёсць, то і жыву ў сваёй хаце, не хачу нікому мяшаць, хачу сам па сабе жыць. Тым больш, што за мной прыглядае сацыяльны работнік, вельмі добрая жанчына Ірына Лінга з Радуні. Разы тры на тыдзень да мяне прыязджае. Яна і вочы мне закапае, і ў хаце прыбярэ, і прадуктаў прывязе. Дзякуй ёй вялікі. Наогул, улада мяне не забывае, ды і старшыня мясцовай гаспадаркі клапоціцца, неяк нават паўкабана прывёз. Так што жаліцца няма чаго, ды і вясна на вуліцы.

Гэтая вясна ўжо 91-я ў жыцці Івана Адамавіча, бо якраз у пачатку красавіка ён адзначыў сваё слаўнае 90-годдзе. Занатоўваючы ўспаміны ветэрана, я не пераставаў здзіўляцца яго жыццястойкасці, мужнасці, аптымізму і працавітасці. Пасля вяртання з Далёкага Усходу ён не мог доўга заставацца без працы. І хаця па стану здароўя не меў права працаваць трактарыстам, але ўгаварыў начальства і адразу ж пасля ўтварэння ў 1950 годзе МТС скончыў школу трактарыстаў у Гайцюнішках, рабіў на “ДТ-54” у калгасе “Ленінскі шлях”. За добрую працу і як самага вопытнага назначылі брыгадзірам трактарнай брыгады, а потым, як франтавіка, паслалі аж на цэлы год вучыцца брыгадзірскай справе ў Навагрудак. Пасля чаго шмат часу працаваў на пасадзе брыгадзіра трактарыстаў, затым — слесарам ужо ў былым калгасе “Радунскі” (аж да пенсіі). Яшчэ дзесяць гадоў адпрацаваў у гаспадарцы пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Да любой работы Іван Адамавіч адносіўся з душой, за што да баявых медалёў за перамогу і над Германіяй, і над Японіяй дабавілася шмат розных узнагарод за добрасумленную працу. Усяго ж узнагарод у Івана Носаля больш за шаснаццаць, сярод іх і ордэн Айчыннай вайны II ступені.

Пакідаючы ўтульную хату ветэрана вайны і працы Івана Адамавіча, збудаваную яго ўласнымі рукамі, яшчэ раз пачуў і па-іншаму ўсвядоміў словы: “Няма нічога страшней за вайну, хай больш ніколі яе не будзе на нашай зямлі”. Дзякуй, шаноўны Іван Адамавіч, нізкі паклон усім ветэранам за мірнае неба, за адбудаваную Беларусь. З Днём Перамогі, шчаслівага даўгалецця вам!

Вікенцій ЯКОВІЧ.

На здымку: І. Носаль — зноў мірная вясна!

Фота Яўгена КОМАРА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*