Бурлiць жыццё ў пагародзенскай скарбнiцы ведаў

Знай наших! 06 июня 17 2027
SAM_4274

У рэспубліканскім  конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”

ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” Пагародзенская сельская бібліятэка заняла другое месца.

Бібліятэка у Пагародне знахо-дзіцца ў прасторным, утульным, па-сучаснаму аздобленым памяшканні. Вакол усё патанае ў кветках. На паліцах чакаюць аматараў чытання больш за 15 000 кніг. Гэта даведнікі, слоўнікі, энцыклапедыі, галіновая і, канешне ж, мастацкая літаратура. Жадаеце пачытаць на месцы? Калі ласка… Можна пазнаёміцца з сямнаццацю перыядычнымі выданнямі, як для дарослых, так і для дзяцей. Бібліятэка ідзе ў нагу з часам. Яе наведвальнікам не трэба хвалявацца, што не знойдуць на месцы неабходную інфармацыю. Тут створана аўтаматызаванае рабочае месца для карыстальнікаў, і патрэбныя звесткі можна знайсці ў інтэрнэце.

Сваіх семсот чытачоў, многія з якіх — аднавяскоўцы, заўжды з усмешкай сустракае загадчык бібліятэкі з 28-гадовым стажам Алена Іосіфаўна Вітукевіч (на здымку). За гады працы ў Пагародне яна вывучыла пажаданні аматараў кніжнага слова. Гаспадыня бібліятэкі — шчырая, добразычлівая, камунікабельная жанчына. Яна — крыніца ідэй і вельмі артыстычны чалавек. Напэўна, таму частымі наведваль-нікамі бібліятэкі з’яўляюцца дзеці. Да слова, юных чытачоў ні многа ні мала каля двухсот чалавек. Алена Іосіфаўна вельмі любіць, калі бібліятэку напаўняе дзіцячы гоман. Для сваіх цікаўных і актыўных хлопчыкаў і дзяўчынак ладзіць святы, праводзіць неардынарныя мерапрыемствы, такім чынам заахвочваючы іх сябраваць з кнігай. Бібліятэкар імкнецца далучыць дзятву да беларускай класічнай літаратуры. Таму ў сценах скарбніцы ведаў часта гучаць творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы і іншых песняроў, праходзяць прысвечаныя ім вечарыны. У летні час школьнікам палю-біліся чытанні пад адкрытым небам, пад парасонікам, а дашкалятам — у пясочніцы. Шмат увагі Алена Іосіфаўна надзяляе сямейнаму чытанню. Яно і зразумела: калі з кнігай сябруюць дарослыя, то любоў да друкаванага слова можа перадацца іх дзецям і ўнукам. Пагародзенцы прыходзяць сюды на вечары сямейнага адпачынку, дні сямейнага чытання, розныя спаборніцтвы.

Неад’емнай часткай работы бібліятэкі з’яўляецца краязнаўчая дзейнасць. Пачынаючы з 2016 года, установа працуе па праграме “Я люблю свой родны край”. Створана аматарскае аб’яднанне “Крынічка” краязнаўчага накірунку. Дзеці завочна падарожнічаюць па воранаўскім краі, вывучаюць гісторыю малой радзімы, здзяйсняюць экскурсіі па цікавых месцах роднага аграгарадка, напрыклад, у парк ХVІІІ стагоддзя. Алена Іосіфаўна знаёміць іх з традыцыямі і побытам нашых продкаў, народнымі промысламі — ткацтвам і вышыўкай. Не менш карысны для школьнікаў у рабоце бібліятэкі і экалагічны накірунак. Разам з А. Вітукевіч ладзяцца экалагічныя экспедыцыі, дзеці пазнаюць навакольны свет і шырэй знаёмяцца з флорай і фаўнай нашай краіны. Алена Іосіфаўна шмат часу ўдзяляе і патрыятычнаму выхаванню дзяцей, здароваму ладу жыцця, духоўна-маральнаму станаўленню юных чытачоў. Пагародзенская сельская бібліятэка дапамагае захаваць у сэрцы часцінку любові да роднай зямлі, вучыць з павагай адносіцца да сваіх вытокаў, а таксама духоўна ўзбагачае.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва бібліятэкі.
Добавление комментария
CAPTCHA
*