1 мая споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча

1 мая споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча

Петрашкевіч Алесь (Аляксандр Лявонцьевіч) – беларускі пісьменнік, драматург.

Нарадзіўся 1 мая 1930 года ў в. Пярэвалачня Талачынскага раёна. Скончыў Забалоцкую сямігадовую школу (1948), Коханаўскую сярэднюю школу (1951), Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1955).З 1952 года – член КПСС.

3 1954 года працаваў у ЦК ЛКСМБ, з 1961 года працаваў у ЦК КПБ інструктарам, загадчыкам сектара (1963–1967), загадчыкам аддзела культуры (1976–1979), рэктарам Мінскага інстытута культуры (1975–1976), з 1967 года – адказным сакратаром, у 1973–1975 гг. і з 1979 года – намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя».

З 1961 года – член Саюза журналістаў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1967). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1974).

У 1975 годзе прысвоена званне «Заслужаны работнік культуры БССР». У 1976 годзе ўзнагароджаны Дзяржаўнай преміяй Беларусі за ўдзел у выданні 12-томнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». У 1976–1981 гг. выбіраўся кандыдатам у члены ЦК КПБ. У 1991–1998 гг. – кіраўнік арганізацыйна-метадычнага цэнтра па выданні гісторыка-дакументальных хронік «Памяць».

Друкавацца пачаў з 1954 года. Аўтар нарысаў, фельетонаў, памфлетаў. Першая камедыя «Адкуль грэх» пастаўлена ў 1969 годзе Беларускім тэатрам імя Я. Купалы. Сатырычныя камедыі «Злыдзень» (пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі ў 1973 г.) і «Укралі кодэкс» (пастаўлена Гомельскім абласным драматычным тэатрам у 1976 г.), «Ка-та-стро-фа» (пастаўлена ў 1987 г.).

Драмы: «Трывога» (пастаўлена Беларускім тэатрам імя Я. Коласа ў 1974 г.), «Соль» (пастаўлена Дзяржаўным рускім драматычным тэатрам БССР у 1981 г.), «У спадчыну жыццё» (пастаўлена Беларускім рэспубліканскім тэатрам юнага гледача ў 1985 г. і Талачынскім народным тэатрам), «Прагноз на паслязаўтра» (1994), «Крыж святой Еўфрасінні» (1996), «Дагарэла свечачка…» (пастаўлена ў 1997 г.), «Інтэлігенты» (1998).

П’есы «Напісанае застаецца» (1978, пастаўлена Беларускім тэатрам імя Я. Купалы ў 1979 г.), «Русь Кіеўская» (пастаўлена Крымскім рускім драматычным тэатрам у 1982 г.), «Мой друг, вялікі Чалавек».

Гістарычную хроніку «Змова» паставіў Крымскі рускі драматычны тэатр (1983). Трагедыя «Злавеснае рэха» (пастаўлена Магілёўскім абласным тэатрам драмы і камедыі, 1984). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Уваскрэсная ноч» (1977), «Нас выбраў час» (1979, з У. Халіпам).

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета УССР, медалём Ф. Скарыны, іншымі медалямі.

Памёр 24 жніўня 2012 года ў Мінску.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*