24 чэрвеня – 125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага

24 чэрвеня – 125 гадоў з дня нараджэння Кузьмы Чорнага

Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) — пісьменнік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.

Нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці), дзе бацька яго — беззямельны селянін, працаваў парабкам у пана. Першую адукацыю атрымаў у Цімкавіцкім народным вучылішчы, пасля заканчэння якога і самастойнай падрыхтоўкі ў 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Як сведчаць сябры Чорнага, ён у час навучання праседжваў у багацейшай, як на тыя ўмовы, Радзівілаўскай бібліятэцы ў Нясвіжы і за кароткі тэрмін прачытаў творы лепшых сусветных мысліцеляў і пісьменнікаў. У 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады, і Кузьма Чорны вымушаны быў надоўга спыніць далейшую вучобу.

Пасля вызвалення Случчыны ад белапольскай акупацыі, працаваў у розных установах: сакратаром валаснога рэўкама, справаводам павятовага ваенкамата, вясковым настаўнікам.

У 1923 годзе здзяйсняецца яго запаветная мара — Мікалай Карлавіч паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час малады пісьменнік спалучае вучобу з працай і творчасцю. Шмат піша, працуе ў газеце «Беларуская вёска», з’яўляецца членам літаратурнага б’яднання «Маладняк». У 1926 годзе ўступае ў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», а з 1928 ўжо цалкам аддаецца пісьменніцкай дзейнасці. У 1932-1937 гадах — галоўны літкансультант у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У кастрычніку 1938 года быў беспадстаўна арыштаваны. Каля 8 месяцаў адседзеў у мінскай турме, а затым вызвалены.

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у часопісе «Беларусь». Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.

Памёр ад інсульту ў выдзеленай Саўнаркамам кватэры-пакоі 22 лістапада 1944 года.

Людміла ФУРМАН,

загадчык аддзела маркетынгу,сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.

Добавление комментария
CAPTCHA
*