Ваўжынец Путткамер — рэфарматар нашага краю, “мужыцкi маршалак”

Страницы истории 28 февраля 12 5262

Жыццеапісанне такіх працаўнікоў з’яўляецца

адзінай узнагародай за іх мінулыя дзеянні.

Караль Эстрэйхер.

Адам Міцкевіч, Марыля Верашчака, Ваўжынец Путткамер... Першы — бедны малады чалавек, палаючы каханнем; другая — дзяўчына, якая з захапленнем слухала рыфмаваныя шэпты каханага, апошні — багаты магнат, які разбівае рамантычнае каханне аб прозу жыцця. А яшчэ ёсць строгія бацькі дзяўчыны, якія забаранілі Марылі выйсці замуж за паэта і заручылі яе з графам Ваўжынцам Путткамерам. Такая рамантычная гісторыя кахання існуе ў літаратуры XIX і XX стагоддзяў. Разам з тым, як сцвярджаюць сучаснікі Адама і Марылі, Верашчака вельмі цаніла паэта, яе ўзрушвала тое, што яна абудзіла ў ім каханне, аднак дабравольна выйшла замуж за Ваўжынца Путткамера. Міцкевіч пісаў распачлівыя вершы, аднак не выказваў жалю і зайздрасці, цудоўна адносіўся да мужа Марылі і заставаўся сябрам абаіх. Не мог смяротны вораг згадзіцца на запрашэнне Ваўжынца прыехаць пагасцяваць у радавое гняздо Путткамераў — маёнтак Больценікі (Адам прыехаў туды летам 1822 года і гасцяваў два тыдні). Разгадку гэтых незвычайных узаемаадносін мы знаходзім у Караля Эстрэйхера, аўтара біяграфіі “Ваўжынец Путткамер”, выдадзенай у Львове ў 1880 годзе і невядомай шырокаму чытацкаму колу.

На думку аўтара біяграфіі, у Марылі быў выбар: пайсці замуж за паэта, які ўзносіцца ў рамантычныя сферы, або за героя-воіна, які ўдзельнічаў у вызваленні радзімы. Яна, акутаная цяплом паэзіі і выпешчаная цудоўнымі песнямі Адама, выбрала Ваўжынца Путткамера. Міцкевіч згадзіўся, сэрцам разумеючы, што Марыля аддала перавагу больш дастойнаму. Якім жа быў муж М. Верашчакі?

Путткамеры вядуць свой радавод з Усходняй Прусіі, магчыма, ад крыжакоў. Мелі свае ўладанні ў Жамойціі і ў Віленскім ваяводстве. У сярэдзіне XVIII стагоддзя недалёка ад Коўна, у маёнтку Польценікі, жыў Ваўжынец Путткамер, каралеўскі кашталян і генерал, які ажаніўся з Каралінай Стрыеўскай. 14 жніўня 1794 года ў іх сям’і нарадзіўся сын, якому далі імя Ваўжынец Станіслаў Ян. У дзень нараджэння немаўля сутыкнулася з ваеннымі падзеямі: у Літве згасала паўстанне, якое ўзначальваў Тадэвуш Касцюшка, і ў краіне гаспадарылі рускія войскі. З’яўленне ў маёнтку казакаў выклікала паніку сярод дамачадцаў. Бацька Ваўжынца прасіў афіцэра казакаў не парушаць спакой сям’і ў такі дзень. Афіцэр гэта паабяцаў, нават узяў народжанага на рукі і благаславіў яго.

Аднак нядоўга бацькі Ваўжынца радаваліся. Праз 4 гады памерла маці Караліна, якой было 23 гады. Бацька героя нашага расказа, таксама Ваўжынец (гэта было радавое імя Путткамераў), з гора ад страты жонкі і незалежнасці краіны перастаў удзельнічаць у грамадскім жыцці і гаспадарцы, у смутку пачаў пісаць жалобныя вершы аб сваёй любай жонцы.

Выхаваннем хлопчыка заняўся яго дзед Ваўжынец і нянька Грындава, якая кіравала домам і замяніла Ваўжынцу маці. Калі хлопчыку споўнілася 13 год, ён распачаў вучобу ў Слуцкай пратэстанцкай школе (Путткамеры былі пратэстантамі па веравызнанні). У 1810-ым Ваўжынец паступіў на філасофа-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта, атрымаўшы ў 1812 годзе дыплом кандыдата філасофіі. Аднак у чэрвені 1812 года захмурыўся палітычны гарызонт: Напалеон, імператар Францыі, пачаў вайну супраць Расійскай імперыі. Марачы аб свабодзе радзімы, Ваўжынец Путткамер, як і большасць шляхецкай моладзі былой Рэчы Паспалітай, уступіў у рады напалеонаўскіх войскаў. З патрыятычна настроенай шляхецкай моладзі быў сфарміраваны  гвардзейскі полк Канопкі, у які ўступіў васямнаццацігадовы Путткамер. Разам з арміяй Напалеона ён дзяліў і трыумф французаў на пажарышчах Масквы і катастрофу пад Беразіной. Вяртаючыся ў Вільню, завітаў у маёнтак Больценікі, падараваны яму бацькам. Тут захварэў на тыф, а выздаравеўшы, убачыў, што край заняты рускімі войскамі. Гонар салдата не дазволіў яму адказацца ад барацьбы: патаемнымі сцяжынкамі прабіраецца праз расійскія патрулі, перапраўляецца праз Нёман і далучаецца да рэшткаў разбітай арміі Напалеона.

— Вы, моладзь, — гаварыў пазней Путткамер, — не разумееце таго, што з намі было, на што мы былі здольныя, калі перад фронтам нашага палка на кані гарцаваў Напалеон і, паказваючы на непрыяцеля, звяртаўся да нас: “Браты палякі! За нашу і вашу свабоду!”

Паручнік Ваўжынец Путткамер (атрымаў афіцэрскае званне за мужнасць) удзельнічаў у многіх бітвах напалеонаўскай арміі, у тым ліку і ў “бітве народаў” 1813 года пад Лейпцыгам, дзе закацілася зорка Напалеона. Пад Рэйнам трапіў у прускі палон і па амністыі цара Аляксандра вярнуўся на радзіму, пачаў гаспадарыць у маёнтаку  Больценікі. У 1817 годзе падчас урачыстасцей, прысвечаных смерці Тадэвуша Касцюшкі, Ваўжынец Путткамер прачытаў элегію “На смерць Тадэвуша Касцюшкі”. Даследчыкі лічаць, што гэты верш належыць пяру Адама Міцкевіча, які папрасіў Путткамера яго прачытаць, паколькі яны былі асабіста знаёмымі, як і ўся шляхта Навагрудчыны. Міцкевіч лічыў Путткамера, старэйшага за яго на 4 гады, таксама героем, якімі былі Касцюшка, Рэйтан, Красіцкі. Паэт у далейшым адказаўся ад аўтарства, паколькі ў элегіі праслаўляўся рускі цар Аляксандр I, а гэта было несумяшчальна з пазнейшымі поглядамі Міцкевіча.

Як і рускія дваранскія рэвалюцыянеры-дзекабрысты, Путткамер бачыў істотнае адставанне ў развіцці краю, дабрабыту народа. Ён разумеў, што прычынай цяжкага становішча народа з’яўляецца прыгоннае права. У той час імператар Расіі Алескандр I дазволіў памешчыкам пераводзіць прыгонных сялян на грашовы аброк, даючы ім асабістую свабоду. Малады Путткамер, прыехаўшы на сейм у Гродна як дэлегат ад Навагрудскага павета, прапанаваў прыняць прапанову аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці. Аднак большасць шляхты не падтрымала праект Путткамера. На сейме яго называлі якабінцам  і анархістам — XVIII стагоддзе перадало свае традыцыі шляхецкага самаўпраўства над прыгоннымі сялянамі XIX. Толькі нязначная колькасць шляхецкай моладзі краю падтрымала яго.

Ваўжынец Путткамер часта прыязджаў у Вільна, падтрымліваў цесныя  кантакты з універсітэцкімі таварыствамі філаматаў і філарэтаў, прысутнічаў на лекцыях прафесараў Галухоўскага і Лелевеля.

Малады ўладальнік Больценік і Бражэльцаў прымаў актыўны удзел у асвеце моладзі: уваходзячы ў праўленне евангелісцка-рэфармацыйнага сіноду Літвы, утрымліваў за свой кошт дваццаць вучняў Слуцкай школы, некалікі вучняў у Кейданах, Дэрпце і Пецярбургу. У 1829 годзе распачаў будаўніцтва гімназіі ў Слуцку. Путткамер прапанаваў праект вызвалення сялян, якія належаць да царкоўных уладанняў. Расійскі ўрад падтрымаў яго, перавёўшы сялян у разрад дзяржаўных. Большасць шляхты не хацела перамен, вяла гаспадарку старымі дзедаўскімі метадамі. Ваўжынец Путткамер, разумеючы патрэбы краю, першым пачаў закладаць прамысловыя прадпрыемствы. У 1828 годзе адкрыў фабрыку па вытворчасці паперы, далей імкнуўся пабудаваць цукровую фабрыку і прадпрыемства па вытворчасці сукна. Лічыў, што толькі  свабодныя людзі могуць ствараць свой дабрабыт, таму зноў жа першым вызваліў сялян ад паншчыны, перавёўшы іх на грашовы аброк. Недахоп сродкаў не дазволіў яму развіць і ўтрымаць вытворчасць. Тады Путткамер дамовіўся з губернскім маршалкам Жабай і шляхціцам Міхаілам Макрыцкім аб прадстаўленні ўраду праекта ўтварэння акцыянернага таварыства па будаўніцтву цукровай фабрыкі. Указ Мікалая I ад 15 чэрвеня 1838 года даў дазвол на ўтварэнне кампаніі. Больценіцкі гаспадар наведваў існуючыя фабрыкі з мэтай азнаямлення з арганізацыяй вытворчасці. Яго стараннем была створана статыстыка Лідскага павета, інвентарызацыя панскіх маёнткаў. Ваўжынец Путткамер быў на некалькі крокаў наперадзе ад прадстаўнікоў свайго саслоўя. Нездарма шляхта пасля абрання Путткамера маршалкам Лідскага павета ў 1847 годзе з пагардай называла яго “маршалкам халопаў, а не шляхты”. Даведаўшыся аб гэтым, Ваўжынец адказваў, што не магла шляхта даць яму лепшае імя. Грамадская і гаспадарчая дзейнасць Путткамера прывяла да заняпаду ўласнай гаспадаркі. У сям’і Ваўжынца і Марылі падрастала чацвёра дзяцей: Соф’я, Станіслаў, Караліна і Казіміра. У 1848 годзе ў лісце да сябра, гісторыка Міхала Баліньскага, Путткамер скардзіцца: “Больценіцкі стаў размыў пасевы так, што засыпаць гэты стаў давялося. Патрэбна млын прывесці ў парадак, але не хапае сродкаў. Калі б якая варажэйка дала б на час чарадзейскую палачку — вырашыў бы ўсе пытанні”. Сын Станіслаў пісаў ва ўспамінах: “Уласны інтарэс быў у майго бацькі на апошнім месцы. Ён любіў людзей, сам патрабаваў і шукаў таварыства. Будучы ў прытомнасці і здароўі адышоў з жыцця 30 студзеня 1850 года ад прыпадку эпілепсіі”.

Здаецца, праз стагоддзі заклік Путткамера да свабоды быў успрыняты нашымі суайчыннікамі: у радавым гняздзе Путткамераў — Больцініках працуюць добрыя гаспадары, якія праз стагоддзі  памятаюць імя чалавека, які імкнуўся падняць прыгонных людзей да чалавечай годнасці, — Ваўжынца Путткамера, “мужыцкага маршалака”.

Рышард ГРЫШКО,

настаўнік гісторыі Беняконскай СШ.

Добавление комментария
CAPTCHA
*